Я пачаў сыходзіць па лесвіцы. На парэнчах шостага і ніжэйшых паверхаў віднелася кроў, якую пасыпалі нейкім парашком і абследавалі эксперты. На партэры, дзе заўсёды сядзеў чысцільшчык-асірыец, Я. Купалы ўжо не было, толькі прыбіральшчыца змывала вялікую пляму яго крыві.

Загадкавая і незразумелая смерць.

1.VІІІ

У Саюзе пісьменнікаў на Вароўскага стаяла адкрытая труна, у якой ляжаў Я. Купала. На скроні былі відаць крывавыя падцёкі. З ордэна У. Леніна пры ўдары грудзьмі зляцела эмаль. Ля галавы нехта паклаў папяровую стужку з надпісам, узятым з яго верша: «Мне сняцца сны аб Беларусі». Праводзілі Я. Купалу пад грукат зенітак, якія недзе адбівалі налёт фашысцкіх самалётаў.

3.VІІІ

Сёння прынялі мяне кандыдатам у партыю. Прынялі як выхадца з другой партыі (КПЗБ). Яшчэ, казалі, невядома ці зацвердзіць Маскоўскі гарком. Сустрэўся з Піменам, які прыехаў на пленум СП. Падчас паветранай трывогі спусціліся з ім у бомбасховішча, дзе чыталі свае вершы.

28.VІІІ

З Міхасём Ціханавічам наведалі бацькоў М. Ф. Сільніцкага, якія гэтымі днямі прыехалі ў Маскву. Вечарам глядзеў цудоўны балет «Дон Кіхот». Закончыў чацвёртую частку сваёй паэмы «Янук Сяліба». Фронт набліжаецца да Сталінграда. Чытаю К. Крапівы «Песню пра Радзіму». Атрымаў два лісты: ад Любашы, у якім піша пра хваробу Максімкі, які ўсё яшчэ ляжыць у бальніцы, і другі ліст ад Р. Р. Шырмы. Буду старацца наведаць сваіх саратаўцаў, а ў нашым ЦК прасіць П. К. Панамарэнку аказаць нейкую дапамогу Р. Р. Шырме.

30.ІХ

Учора пазнаёміўся з Максімам Лужаніным, які толькі што вярнуўся з-пад Сталінграда. Сніўся сон, што я ў сваёй Пількаўшчыне. Толькі нікога не застаў дома. Сонца нейкім мёртвым святлом азарае на балоце пакрыты інеем алешнік. А навакол – жудасная цішыня. Быў у нашых партызан: Ул. Царука, А. Шатуры, Бонка, які быў у маіх бацькоў. Ён чуў, што недзе ў Мінску загінуў Г. Смоляр. Пішу эпілог сваёй паэмы.

22.ХІІ

Прыехалі з Калінінскага фронту: П. Глебка, П. Панчанка, А. Кучар, I. Гурскі. Прачытаў выдатную паэму А. Куляшова. Толькі зараз у яго амаль кожны дзень папойкі, на якіх часта бываюць А. Фадзееў, А. Твардоўскі, В. Катаеў. Відаць, поспех паэмы ўскружыў яму галаву, бо ўжо нам з Піменам падчас сустрэчы падае толькі два пальцы. Учора, напрыклад, мы не дачакаліся канца тэлефоннай размовы з нейкай афіцыянткай, не развітаўшыся, пакінулі яго нумар.

1943

16.I

Перад Новым годам цяжка захварэў Кузьма Чорны. Наведаў яго. Ляжыць прыкуты да ложка. Вечарам – казала Рэня – праслухаў апошнія паведамленні і раптам схапіўся за сэрца. Пімен паехаў на Паўночна-Заходні фронт. У апошнім пісьме Любаша піша, што Максімка расце вельмі пацешным хлапчуком і што яна чуецца добра. Не ведаю, як яна там можа адчуваць сябе добра пры сучаснай дарагавізне і зімніх халадах і ўдалі ад Радзімы.

11.II

Сёння з С. Прытыцкім наведалі нашага таварыша па падполлі цяжка параненага Паўла Адынца. Баіцца, дзівак, каб яго доўга не пратрымалі ў шпіталі і без яго не закончылася вайна. Неспадзявана сустрэў на вуліцы Апанскага яўрэйскага паэта Гелера, вершы якога я калісьці перакладаў. Пры дапамозе партызан нейкім цудам яму ўдалося ўратавацца з беластоцкага гета.

З Міхасём Ціханавічам былі у Я. Бранеўскай, дзе засталі Е. Путраманта. Пачаставала яна нас такім моцным кофе, што з непрывычкі ў мяне аж сэрца зайшлося.

7.VІ

Позна вярнуўся з Саюза пісьменнікаў. Міхась Ціханавіч капаўся ў сваёй карэспандэнцыі, потым набіваў папяросы, неўзабаве заваліўся спаць... А я, каб яму не перашкаджаць, прыкрыў абажур настольнай лямпы, узяўся за верш, прысвечаны Я. Купалу...

Зноў чэрвень вуліцы Масквы

Заліў расплаўленым блакітам,

.....................................

I толькі дальні гром зенітак

Напамінае: бой ідзе...

А далей нешта забуксавалі мае радкі. Узяўся за заключную страфу.

Настане дзень, настане час –

Усе збяромся на Радзіме.

Ты вечна будзеш сярод нас.

I непаўторнай тваё імя

Легендай стане у вяках,

Паходняй, што сваім праменнем

Паможа ў будучыню шлях

Прабіць наступным пакаленням.

8.VІ

У Саюзе пісьменнікаў пазнаёміўся з Д. Кедрыным. Падзякаваў яму за яго выдатны пераклад маёй балады «У завею», якая была змешчана ў «Правде» (6.ІІІ), помню, перад самым ад’ездам на работу ў рэдакцыю газеты Прыволжскай ваеннай акругі. А накіравалі мяне туды згодна выдадзенаму загаду: усіх т. з. «заходнікаў» нават з арміі адпраўляць у будаўнічыя батальёны. Агулам перажываў я тады гэту непрыемную гісторыю, бо адчуваў, што гэта – пачатак маёй новай і самотнай Адысеі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже