Сустрэў А. Кучара. Разгаварыліся. «Трэба, – кажа, – каб пісьменнікі баяліся крытыкі». Так, відаць, я яго і не пераканаў, што пісьменнікі павінны баяцца аднаго – няпраўды, сляпой апалагетыкі ўсякай рэчаіснасці. Паслаў А. Суркову ў «Огонёк» некалькі сваіх вершаў і пісьмо, у якім прашу яго ўключыць у свой выдавецкі план невялічкі зборнік маіх вершаў, бо зараз у нас амаль нічога не выдаецца з мастацкай літаратуры. Так, на 1947 год, здаецца, не запланавана ніводнай кнігі беларускіх пісьменнікаў.
10.VІ
Адразу на дзвюх цудоўных курносых малышак павялічылася наша сям’я. Адну вырашылі назваць Ірынкай, другую – Верачкай. Усе гэтыя дні дома – кірмашны, святочны гармідар. Не паспяваю для гасцей наліваць у графіны гарэлку, а Любаша і яе маці – рыхтаваць нейкую закусь. Праўда, усім прыбыло клапот. Ды і Любаша яшчэ чуецца слаба. Памагаю як магу і ўмею. Адной рукой гушкаю, другой – пішу вершы. А малышкі, як змовіўшыся: і днём і ноччу, калі адна спіць, то другая дае канцэрт. Ды і цеснавата зараз нашаму калгасу, які ўжо налічвае дзевяць чалавек, размясціцца ў двух невялічкіх пакоях. Добра, што наша бабуля прывезла з сабой з Вільні каляску. Адна з малышак і спіць у ёй, старэйшыя: хто – на канапах, хто – на падлозе.
15.VІ
Відаць, даведаўшыся пра надзвычайную падзею ў нашай сям’і, П. К. Панамарэнка прыслаў прыданае для нашых малышак – два канверты распашонак, пялёнак і для кармлення бутэлечкі з такімі прыгожымі соскамі, што, здаецца, сам смактаў бы з іх. Дзе яму ўдалося гэта раздабыць? Не нарадуемся, як прыбралі малышак.
Званілі з Саюза пісьменнікаў, каб я і Янка Маўр прыйшлі за нейкімі талонамі, па якіх зможам атрымаць тканіны. Адным словам, памалу пачынаем сёе-тое набываць, хоць яшчэ і з прадуктамі, і з грашамі – скупа. Відаць, з пяром, як і з плугам, не размахнешся, дай, божа, звесці канцы з канцамі.
Сёння начавалі ў нас мае пількаўшчане. Прыехалі на рынак. Скардзіліся, што ніяк пасля вайны не могуць наладзіць свайго жыцця. Вось тут і пішы бадзёрыя творы пра сучаснасць! Пасля I. Сілёнэ ўзяўся за I. Бабеля. Памаліўшыся патрону перакладчыкаў святому Гераніму, вазьмуся за знаёмых мне вільнючыкоў-«жагарыстаў» Т. Буйніцкага, Е. Путраманта, Ч. Мілаша...
Усё больш крытычна адношуся да сучаснай нашай паэзіі. Пакуль што найбольш абнадзейваюць А. Куляшоў і П. Панчанка. Цікава, што чакае нас за небасхіламі іх паэзіі?
16.VІ
Быў сведкам жахлівага выпадку на нашай Ульянаўскай вуліцы: кандуктар не паспеў затармазіць, і пад трамвай трапіў хлапчук. Сабраўся натоўп. Глядзім. А ён жывёхенькі вылазіць з-пад трамвая.
20.VІ
Зусім развалілася наша пількаўская хата – колішняя мая калыска. I так, са старых будынкаў засталіся: другая палова дома, у якую перабраўся дзядзька Фадзей са сваёй ветэрынарскай аптэкай, стрэльбай, старым прывезеным з бежанства грамафонам і этажэркамі, набітымі маімі кнігамі, рукапісамі, меліяратыўнымі скрыптамі, і, асунуўшыся, прапахлая сенам пуня з гнёздамі ластавак і мышынымі шорахамі, якія ўсю ноч не далі заснуць.
4.Х
Ездзілі Пімен, Кучар і я на Віцебшчыну. Руіны, руіны, руіны. У некаторых раёнах не ацалела ніводнай хаты. Каб выратаваць людзей з зямлянак, толькі ў адным Жлобінскім раёне трэба пабудаваць больш трох тысяч дамоў. Нідзе не бачыў, як у Віцебску, столькі розных ларкоў з гарэлкай. Яе прадавалі на кожнай вуліцы. Батарэі бутэлек стаялі не толькі ў кіёсках, але проста на заснежаных, аледзянелых тратуарах. Двойчы выступалі ў Віцебску, у Белдрэсе, у Оршы. Змерзлі ў дарозе. Кінулі сваю машыну і дамоў вярнуліся цягніком.
10.ХІ
Закінуў свой дзённік. Не ведаю, ці варта мне да яго і вяртацца. Аркадзь заўважыў, што такія мае вершы, як «Камяні», «Той дзень», «Сон над Нёманам», могуць выклікаць непажаданыя крытычныя водгукі, хоць яму яны асабіста і падабаюцца. Пра гэта мне намякаў і М. Дудзін. Відаць, да кожнай сваёй лірычнай падборкі трэба будзе даваць і нешта жалезабетоннае, больш ідэйнае. Разносіў жа мяне калісьці на партсходзе В. Барысёнак за верш «Дарога», да якога, здавалася б, і прычапіцца няма як. Я тады сказаў на сходзе, што бяда, калі ў магазін са шкляным посудам ды забярэцца слон.
1948
2.ІV
Радыё перадало аб прысуджэнні мне Сталінскай прэміі за зборнік вершаў «Каб ведалі». Хаджу пад уражаннем гэтай неспадзяванай узнагароды, бо ніхто ў нас на яе мяне не вылучаў, і нават яшчэ няма гэтага зборніка ні на беларускай, ні на рускай мове. Толькі паасобныя цыклы вершаў з яго друкаваліся ў часопісе «Беларусь».
Прынеслі віншавальныя тэлеграмы ад Твардоўскага, Куляшова, Осіна, Зарыцкага... Няспынныя тэлефонныя званкі.
Прачытаў пачатак сваёй новай паэмы і забракаваў. Паслаў пісьмо дамоў, ды, відаць, трэба будзе пад’ехаць у сваю Пількаўшчыну і ўгаварыць, каб там нашы не ўпіраліся ўступаць у калгас, бо ўжо званілі мне з абкома, што дзядзька Максіма Танка сарваў сход, на якім нашы хутаране аб’явілі аб сваёй гатоўнасці пайсці ў калгас, калі ў яго пойдуць дзядзька Фадзей і мой бацька. А сход, здаецца, праводзіў адзін з адказных работнікаў Маладзечанскага абкома Л. Г. Кляцкоў. Відаць, дома не ўяўляюць, чым усё гэта можа закончыцца.
17.ХІ