Відаць, учарашні хмель не выветрыўся з яго галавы, бо і мне пачаў іх чытаць. Добра, што пазванілі і паклікалі нас на рэдакцыйную нараду, бо, відаць, і мяне давёў бы да слёз.

1944

25.V

Быў у Ф. Маркава. Даведаўся аб смерці сястры Верачкі. Не ведаю, як перажылі бацькі гэту трагедыю. Маркаў зноў збіраецца быць у нашых краях. Трэба будзе праз яго паслаць пісьмо дамоў. На вуліцы сустрэў пахавальную працэсію. I я далучыўся да праважаючых. Сёй-той здзіўлена паглядзеў на мяне, але, відаць, здагадаўся, што і ў мяне бяда. Апусціўшы галовы, аж да крэматорыя праводзілі нябожчыка. А кім быў ён, я не асмеліўся запытацца.

20.VІ

На мяне часта находзяць такія хвіліны, калі хочацца напісаць нешта значнае. Мо і сёння да мяне вернецца страчаны супакой, і я зноў вазьмуся за пяро.

3.VІІ

З групай работнікаў ЦК на трох грузавых машынах едзем з Новай Беліцы на фронт. Сонца ледзь прадзіраецца праз хмару пылу, якая вісіць над дарогай. Сёння Чырвоная Армія вызваліла Вілейку. Аж не верыцца, што хутка магу дабрацца да сваёй Пількаўшчыны.

6.VІІ

Едзем з рознымі прыгодамі: то машына псуецца, то спыняемся, то прарываемся пабочнымі дарогамі з Дукоры на Рудзенск, а там, далучыўшыся да групы партызан атрада В. I. Казлова, едзем у напрамку былога Бабруйска. Аж да самага Мінска – жудасная дарога вайны: тысячы разбітых машын, гармат, танкаў і трупы, трупы, трупы нямецкіх салдат. Шмат на якіх участках дарога прастрэльвалася разрозненымі нямецкімі часцямі і ўласаўцамі, якія стараліся прарвацца на захад. Нарэшце – Мінск. Не горад – а велізарны магільнік. Аж страшна хадзіць па яго зарослых травой руінах. Сям-там жаўцеюць лапінкі жыта, зелянеюць градкі нейкай гародніны, ды партызаны папасваюць коней.

18.VІІ

Сёння М. Лынькоў, П. Броўка, А. Куляшоў, Вайняровіч і я ездзілі ў Трасцянец, дзе ўсё яшчэ дагараюць горы трупаў. Кажуць, што тут загінула каля 200 тысяч чалавек. Бачылі ўзарваную печ, у якой палілі трупы, і дзесяткі велізарных ям, дзе ссыпалі косці, попел ахвяр. З гэтага лагера ніхто жывым не вяртаўся. На зямлі ляжалі груды перапаленага жалеззя і розных рэчаў. На кацялках віднеліся розныя надпісы: «Шура Гарадкова, Урбановіч Галя 421, В. В. Луц (надпісы зроблены на беларускай мове), Алек Ступень, сел 18 ноября 1942 г., рожд. 1927 г., Хранкоў, Тимохин Н. Н. (гэты надпіс на ацалелай старане біклагі, другая расплавілася на агні). Бондар Сцяпан, Шэлькін, Теresa Kondtatiwiczówna 4.VI. 1944 г., Войтеховский Иван М., 1921...».

  На расплаўленай смале ўграз салавей. Ледзь мы яго выратавалі.

  З М. Лужаніным і П. Глебкам у Чырвоным касцёле аглядалі цікавыя роспісы П. Сергіевіча. Зараз усе разам (М. Лынькоў, П. Глебка, М. Лужанін і я) жывём у невялічкай ацалелай халупе на вул. П. Крапоткіна, 61. Магчыма, сюды перавязу і Любашу з Максімкам.

26.VІІ

Выбраўся ў Вільню. Начаваў у Ашмянах у нейкай польскай сям’і. Гаспадары цікавіліся, дзе пасля вайны пройдзе граніца з новай Польшчай. Відаць, збіраюцца эвакуіравацца. Амаль усю ноч прагаварыў я з імі. Ды і так не заснуў бы, бо несціхана раўлі машыны, танкі, няспынна ішлі калоны мабілізаваных у армію.

31.VІІ

I так, зноў у Вільні. Прайшоў праз прадмесце Новы Свет, праз Вострую Браму. На вуліцы Канарскага, дзе некалі жыў з Аляксандрам і Мікалаем Хадзінскімі, наведаў сваіх былых гаспадароў – Шаф’янскіх, ад якіх даведаўся, што маці Любашы жыве на сваёй Буковай вуліцы. Адразу ж пабег яе наведаць, застаў яе на агародзе. Капала бульбу. А дзе бацька? Памёр.

У хаце застаў Кіру – жонку В. Таўлая, якая ўсю вайну па падробленаму пашпарту пражыла ў яе. Ноччу быў страшэнны налёт нямецкай авіяцыі на Вільню. Бомбы трапілі ў эшалон з рэактыўнымі снарадамі, і ўзрыўной хваляй былі зраўняны з зямлёй многія прывакзальныя будынкі, вуліцы.

Даведаўшыся аб арышце П. Радзюка, узброены карэспандэнцкім пасведчаннем, падпісаным П. К. Панамарэнкам, хадзіў у адпаведныя ваенныя інстанцыі прасіць яго вызваліць, бо яго добра ведаю, калісьці сядзеў з ім на Лукішках, а ў часе вайны ён, будучы настаўнікам у беларускай гімназіі, памагаў партызанам наладжваць радыёапаратуру. Паабяцалі разабрацца.

1.VІІІ

Наведаў ксяндза Адама Станкевіча. Кіра расказвала, што ён уратаваў ад расправы групу камсамольцаў і памог вызваліць з нямецкіх лап В. Таўлая. У айца Станкевіча застаў Янку Шутовіча. Вельмі цёпла яны мяне сустрэлі, хоць і адчувалася ў іх нейкая трывога, разгубленасць: што будзе з імі? I не дзіва, бо за кватэрай ужо сачылі. Калі я чытаў ім сваю паэму «Янук Сяліба», у пакой уварваўся нейкі тып, каб праверыць у прысутных дакументы, але маё пасведчанне змусіла яго рэціравацца. Развітаўшыся з А. Станкевічам і Я. Шутовічам, я і сам падумаў, што сітуацыя складаная і невядома, што іх чакае.

6.VІІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже