Зборы ў дарогу мужчын былі куды прасцейшыя: сем моцных аўстралійскіх коней былі куплены для Гленарвана, Роберта, Паганеля, Джона Мангльса, Мак-Набса, Вільсона і Мюльрэдзі, якія павінны былі суправаджаць Гленарвана і ў гэтай экспедыцыі. Айртон змяшчаўся на козлах, а містэр Ольбінет, які ніколі не быў прыхільнікам верхавой язды, заявіў, што ён лепш будзе ехаць у багажным аддзяленні фургона.
Праданыя Паддзі О’Мурам быкі і коні пасвіліся ў прэрыі, каля самага дома, і іх можна было ў любую хвіліну сабраць.
Аддаўшы ўсе распараджэнні і пераканаўшыся, што іх правільна зразумелі, Джон Мангльс вярнуўся на «Дункан» разам з сям’ёй ірландцаў, якія захацелі аддаць візіт Гленарвану. Айртон папрасіў дазволу далучыцца да іх, і каля чатырох гадзін папоўдні Джон і яго спадарожнікі падняліся па трапу на «Дункан».
Іх сустрэлі там з вялікай радасцю. Гленарван, не жадаючы застацца ў даўгу ў ірландца, запрасіў усіх абедаць. Госці з прыемнасцю прынялі гэта запрашэнне. Паддзі О’Мур быў у захапленні. Мэбліроўка кают, салонаў, дываны, карціны, чырвонае дрэва — усё гэта выклікала ў яго поўныя захаплення воклічы. Наадварот, Айртон быў вельмі стрыманы і не захапляўся гэтай залішняй, на яго думку, раскошай пасажырскіх памяшканняў.
Затое былы боцман «Брытаніі» зрабіў, так сказаць, генеральны агляд яхты, пабываўшы і ў глыбіні трума, і ў вінтавым зрэзе, і ў машынным аддзяленні. Тут ён даведаўся, колькі забірае машына паліва, яе магутнасць. Потым ён агледзеў вугальныя ямы, кладовыя, круйт-камеру. Асабліва ён зацікавіўся складамі зброі гарматаў, што стаяла на носе «Дункана». Гленарван упэўніўся, што Айртон сапраўды знаўца марской справы. Аб гэтым можна было меркаваць хаця-б па пытаннях, якія ён ставіў. Урэшце Айртон закончыў агляд праверкай аснашчэння мачт і такелажа.
— Красуня яхта! — сказаў ён у заключэнне.
— І выдатны хадун,— адказаў Гленарван.
— Якое ў яе водазмяшчэнне?
— Дзвесце дзесяць тон.
— Думаю, што не вельмі памыляюся, калі скажу, што «Дункан» павінен рабіць вузлоў пятнаццаць пры поўным ходзе,— сказаў Айртон.
— Лічыце ўсе семнаццаць,—заўважыў малады капітан.— Тады не будзе памылкі!
— Семнаццаць! — усклікнуў былы боцман.— У такім выпадку ні адзін ваенны карабль не дагоніць «Дункана»?
— Вядома,— адказаў Джон Мангльс.— «Дункан» — сапраўдная гоначная яхта. І я не ведаю судна, якое магло-б зраўняцца з ім па шпаркасці.
— Нават пад парусамі? — запытаў Айртон.
— Нават пад парусамі.
— У такім выпадку прыміце мае віншаванні, сэр, і вы, капітан,— гэта віншаванні марака, які разбіраецца ў суднах!
— Дзякую, Айртон,— адказаў Гленарван.— Заставайцеся з намі, і гэты карабль стане вашым.
— Я падумаю аб гэтым, сэр,— проста адказаў боцман.
У гэтую хвіліну містэр Ольбінет далажыў, што абед паданы. Гленарван папрасіў гасцей пайсці ў кают-кампанію.
— Айртон—разумны чалавек,— паціху сказаў Паганель маёру.
— Занадта разумны,— прамармытаў Мак-Набс, якому без усякіх, аднак, падстаў, не спадабаліся паводзіны і гаворкі былога боцмана «Брытаніі».
У часе абеда Айртон расказваў цікавыя падрабязнасці аб аўстралійскім мацерыку, які ён добра ведаў. Між іншым, ён запытаў, колькі матросаў Гленарван бярэ з сабою ў экспедыцыю, і, даведаўшыся, што ўсяго двух, вельмі здзівіўся. Ён параіў Гленарвану ўключыць у склад экспедыцыі яшчэ некалькі чалавек лепшых матросаў. Гэтага Айртон дамагаўся так горача, што гэта магло-б развеяць усякае падазрэнне з розума маёра.
— Але-ж падарожжа па Паўднёвай Аўстраліі зусім бяспечнае? — запярэчыў Гленарван.
— Зусім бяспечнае,— пацвердзіў Айртон.
— У такім выпадку пакінем на «Дункане» як мага больш людзей. Яны патрэбны будуць і ў часе паруснага плавання і ў часе рамонту. Нам перш за ўсё важна забяспечыць «Дункану» магчымасць прыбыць на месца сустрэчы своечасова. Таму пакінем яму ўвесь экіпаж.
Айртона як быццам пераканаў гэты довад, і ён больш не спрачаўся.
З надыходам вечара ірландцы развіталіся з шатландцамі. Айртон і сям’я О’Мура вярнуліся дадому. Фургон, коні і быкі павінны былі быць гатовымі к падарожжу на золаку. Выезд быў прызначан на восем гадзін раніцы.
Элен і Мэры Грант сабралі багаж у дарогу. Гэтыя апошнія падрыхтаванні жанчын былі нядоўгімі і ўжо ва ўсякім выпадку менш складаныя, чым падрыхтаванні Жака Паганеля, які поўночы праваждаўся са сваёй падзорнай трубой, развінчваючы, прачышчаючы і зноў завінчваючы яе часткі. Таму вучоны яшчэ спаў, калі ўсе ўжо былі на нагах, і маёру давялося будзіць яго.
Багаж экспедыцыі яшчэ напярэдадні Джон Мангльс накіраваў на ферму. Шлюпка чакала падарожнікаў каля трапа, і яны адразу занялі ў ёй месца. Малады капітан аддаў апошнія распараджэнні Тому Аусціну.
На развітанне ён яшчэ раз прапанаваў яму чакаць пісьмовага загада Гленарвана ў Мельбурне і пасля атрымання загада дакладнейшым чынам выканаць яго, які-б ён не быў.
Бывалы марак запэўніў Джона Мангльса, што той можа спадзявацца на яго. Ад імя ўсёй каманды ён пажадаў выязджаючым шчаслівай дарогі. Шлюпка адплыла ад барта «Дункана» пад гучнае «ура». За дзесяць хвілін яна дасягнула берагу. Яшчэ праз пятнаццаць хвілін падарожнікі ўвайшлі ў вароты фермы Паддзі О’Мура.