Усё было гатова к выезду. Элен была ў захапленні ад абсталявання пакоіка ў фургоне, дый сама вялікая калымага са сваімі драўлянымі суцэльнымі коламі і масіўнымі асямі вельмі спадабалася ёй. Шэсць запрэжаных быкоў, якія спакойна дажоўвалі жвачку, надавалі гэтаму каўчэгу патрыярхальны выгляд. Айртон, трымаючы ў руках завостраную палку, ужо сядзеў на козлах і чакаў загадаў свайго новага гаспадара.

— Чорт вазьмі! — усклікнуў Паганель.— Вось гэта цудоўны экіпаж, лепшы, чым усякія еўрапейскія дыліжансы. На маю думку, няма на свеце лепшага спосабу падарожнічаць, чым гэты. Падумайце: дом, які коціцца па дарозе і прыпыняецца дзе хочаце! Што можа быць лепш за гэта? Сарматы ў старажытнія часы добра зразумелі гэта і інакш не падарожнічалі.

— Пане Паганель,— сказала Элен,—спадзяюся, што вы калі-небудзь наведаеце мой салон?

— Зразумела, місіс,— далікатна раскланяўся вучоны,— палічу за асобы гонар! Ці вызначылі вы ўжо свой журфікс[57]?

— Для сяброў я заўсёды дома,— смеючыся, адказала Элен,— вы...

— Самы адданы з вашых сяброў,— падхапіў Паганель.

Гэты абмен любезнасцямі быў спынены з’яўленнем аднаго з сыноў Паддзі О’Мура, які гнаў перад сабой сем зацугляных і асядланых коней. Гленарван заплаціў ірландцу за ўсё, што ўзяў у яго, і дадаў некалькі ўдзячных слоў, якія ірландцу спадабаліся не менш, чым гінеі[58].

Потым Гленарван даў сігнал к выезду. Элен і Мэры занялі месцы ў сваім аддзяленні. Айртон на козлах, Ольбінет у багажным аддзяленні фургона. Гленарван, маёр, Паганель, Роберт, Джон Мангльс, Вільсон і Мюльрэдзі, усе ўзброеныя карабінамі і рэвольверамі, ускочылі ў сёдлы. Паддзі О’Мур і яго сям’я пажадалі ўсім шчаслівай дарогі. Айртон крыкнуў неяк асабліва і ўкалоў палкай бліжэйшых быкоў. Фургон крануўся, яго восі зарыпелі, калёсы затрашчэлі, і хутка гасцінны дом добрасумленнага ірландца знік за паваротам дарогі.

<p>РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ</p><p>Правінцыя Вікторыя</p>

Настала 23 снежня 1864 года. Снежань — сцюдзёны, вільготны, пануры месяц у паўночным паўшар'і — тут павінен быў-бы называцца чэрвенем. Астранамічнае лета настала ў паўднёвым паўшар’і ўжо два дні таму назад: 21 снежня сонца дасягнула тропіка Казерога, і з гэтага моманту дні пачалі ўжо змяншацца.

Такім чынам экспедыцыі Гленарвана трэба было падарожнічаць у самы спякотны час года, амаль пад трапічнымі праменнямі сонца.

Усе англійскія ўладанні ў гэтай частцы Ціхага акіяна завуцца Аўстралазіяй. Сюды ўваходзяць: Новая Галандыя, Тасманія, Новая Зеландыя і рад іншых астравоў. Сам аўстралійскі кантынент у адміністрацыйных адносінах падзелены на некалькі калоній, розных як па плошчы, так і па свайму значэнню. Кожнаму, хто разглядае сучасныя карты Аўстраліі, складзеныя Петэрманам ці Прэшэлем, адразу кідаецца ў вочы просталінейнасць граніц гэтых падзелаў. Англійскія географы па лінейцы правялі ўмоўныя рысы, якія аддзяляюць адну правінцыю ад другой. Пры гэтым не браліся ў разлік ні водная сістэма, ні рэльеф мясцовасці, ні кліматычныя асаблівасці, ні розніца рас. Калоніі мяжуюцца адна з адной правільнымі проставугольнікамі, як кавалкі паркета. У гэтых простых лініях і кутках відаць рука геометра, а не географа. Толькі берагі мацерыка сваімі звілінамі, бухтамі, затокамі, мысамі і выступамі абараняюць правы прыроды на вольную, нічым не сцяснёную прыгажосць.

З гэтых шахматных клетак заўсёды смяяўся Паганель. «Каб Аўстралія належала Францыі,— гаварыў ён,— французскія географы не дазволілі-б, каб стараннасць да лінейкі і рэйсфедара завяла так далёка».

У сучасны момант Аўстралія падзелена на шэсць правінцый. Новы Паўднёвы Уэльс — сталіца Сідней; Квінсленд — сталіца Брыобэн; Вікторыя — сталіца Мельбурн; Паўднёвая Аўстралія — сталіца Адэлаіда; Заходняя Аўстралія — сталіца Перт; урэшце Паўночная Аўстралія, якая яшчэ не мае сталіцы. Каланісты рассяліліся толькі ўздоўж узбярэжжа. Дзе-ні-дзе можна сустрэць больш ці менш значнае паселішча, якое забралася на дзвесце міль у глыб краіны. Увесь цэнтр краіны, гэта значыць плошча, роўная двум трэцім плошчы Еўропы, амаль не даследаван.

На шчасце, трыццаць сёмая паралель праходзіць у баку ад гэтых аграмадных малапрыступных пустынь, якім ужо навука аддала нямала афяр. Экспедыцыя Гленарвана не магла-б прайсці іх. Нашым падарожнікам прыпадала больш лёгкая задача: пераход цераз вузкую частку правінцыі Паўднёвая Аўстралія, усю шырыню правінцыі Вікторыя і ўрэшце цераз вяршыню перавернутага трохвугольніка правінцыі Новы Паўднёвы Уэльс.

Ад мыса Бернуілі да граніц Вікторыі ўсяго шэсцьдзесят дзве мілі, гэта значыць не больш двух дзён хады. Таму Айртон прапанаваў назаўтра заначаваць у горадзе Эплі, самым заходнім горадзе правінцыі Вікторыя.

У пачатку кожнага падарожжа наглядаецца вялікі ўздым у коннікаў і порстскасць у коней. Супярэчыць першаму не даводзілася, а другую трэба было стрымліваць: хто хоча далёка заехаць, павінен берагчы свайго каня. Таму было вырашана рабіць дзённыя пераходы не больш як у дваццаць пяць—трыццаць міль у сярэднім.

Перейти на страницу:

Похожие книги