Апрача таго шпаркасць бегу коней павіннна была быць аднолькавай з рухам бычынай запражкі, запражкі з сапраўдных жывых механізмаў, якая траціць у хуткасці столькі-ж, колькі яна выйграе ў сіле. Фургон з яго пасажырамі, запасамі правіянту і зброі быў ядром экспедыцыі, яе рухавай крэпасцю. Коннікі маглі гарцаваць на сваіх быстрых конях колькі захочацца, але ні ў якім выпадку не аддаляцца ад фургона.
Кожны ўдзельнік экспедыцыі адчуваў сябе ў пэўных межах зусім вольным, бо патрэбы ў якім-небудзь паходным страі не было. Паляўнічыя хадзілі па бліжэйшых палях, шукаючы дзічыны, далікатныя людзі размаўлялі з пасажыркамі фургона, філосафы філасофствавалі між сабой. Паганель, які адначасова быў і паляўнічым, і кавалерам, і філосафам, разрываўся на часткі, але ўсюды спраўляўся.
Пераход цераз Паўднёвую Аўстралію не меў нічога цікавага. Рады невысокіх пыльных узгоркаў, бясконцыя прасторы голых раўнін, якіх завуць тут «бушамі», урэшце рэдкія прэрыі з невысокім хмызняком з салёным калючым лісцем, улюбёнай ежай авец, чаргаваліся між сабой на працягу многіх міль. Часта сустракаліся гурты pigsfaces, авец асобай, уласцівай толькі Аўстраліі пароды, са свінымі лычамі.
Уздоўж усёй дарогі цягнуліся слупы тэлеграфнай лініі, якая нядаўна злучыла Паўднёвую Аўстралію з узбярэжжам акіяна.
Да гэтага часу мясцовасць мала чым адрознівалася ад аднастайных раўнін аргентынскіх пампасаў. Глеба была такая-ж травяністая і гладкая, гарызонт такі-ж далёкі і рэзка акрэслены. Мак-Набс сцвярджаў, што яны ўсё яшчэ ў Амерыцы, але Паганель запэўняў усіх, што хутка пейзаж зменіцца і яны ўбачаць сапраўдныя цуды. Вучонаму верылі і нецярпліва чакалі абяцаных цудаў.
Каля трох гадзін папоўдні атрад перайшоў шырокую раўніну, на якой не расло ні кусціка; даліна называлася «Далінай маскітаў»,— і зусім заслужана. Падарожнікі і жывёла вельмі напакутваліся ад укусаў гэтых двукрылых. Схавацца ад іх не было магчымасці; давялося абмежавацца змазваннем скусаных мясцін скуры нашатырным спіртам з паходнай аптэчкі.
Паганель, скоса паглядаючы на фургон, лаяўся і пасылаў да ўсіх чарцей лютых мошак, якія бязлітасна скусалі ўсё яго доўгае нязграбнае цела.
Пад вечар выгляд раўніны ажывіўся; паказаўся гушчарнік з акацый, некалькі груп белых камедных дрэў і асобныя дрэвы еўрапейскага паходжання: аліўкавыя, лімонныя і зялёныя дубы. Урэшце воддаль паказаліся высокія частаколы. К васьмі гадзінам вечара атрад прыбыў на станцыі Рэд Гум.
Станцыямі ў Аўстраліі называюць жывёлагадоўчыя гаспадаркі, дзе гадуецца маладняк. Жывёла, як вядома, складае галоўнае багацце Аўстраліі. Жывёлаводы называюцца тут «скватэрамі»—«якія сядзяць на карачках», ад англійскага дзеяслова to squat — садзіцца на карачкі. І сапраўды, гэту позу ахвотна прымае ўсякі каланіст, стаміўшыся ад вандраванняў па неабсяжных прасторах.
Станцыя Рэд Гум была маленькай і нязначнай. Тым не менш атрад Гленарвана спаткалі там вельмі ветліва. У гэтых адзінокіх дамах стол заўсёды прыгатаваны для падарожнікаў, і кожнага з іх каланіст-аўстраліец сустракае, як дарагога госця.
Назаўтра Айртон запрог быкоў, ледзь толькі занялося на дзень. Ён хацеў да вечара прыйсці к граніцам Вікторыі. У гэты дзень рэльеф мясцовасці быў ужо не такім плоскім, як напярэдадні. Зямля горбілася ад невысокіх узгоркаў, усыпаных чырвоным пяском. Здалёк здавалася, што на зямлю ўпаў вялікі чырвоны сцяг, складкі якога падняліся ўгару ад ветру. Некалькі малей, мясцовых сосен з прамым і гладкім ствалом, разгортвалі сваё зялёнае галлё над густымі травамі прэрый, дзе забаўляліся вясёлыя стайкі тушканчыкаў. Пазней пачалі сустракацца вялікія прасторы з хмызнякамі і маладымі камеднымі дрэвамі. Далей асобныя групы дрэў перамяшаліся паміж сабой, замест хмызнякоў пачалі з’яўляцца дрэвы, і падарожнікі азнаёміліся з першым узорам аўстралійскіх лясоў.
Чым бліжэй падыходзілі к граніцам правінцыі Вікторыя, тым усё болей мяняўся пейзаж. Падарожнікі ішлі цяпер па некранутай спрадвеку зямлі. Яны няўхільна ішлі па простай лініі, не адступаючы ні перад гарамі, ні перад лясамі і цвёрда памятаючы першую тэарэму геаметрыі: простая лінія ёсць найкарацейшая адлегласць між двума кропкамі. Ні стомленасць, ні цяжкасці шляху не спынялі іх.
Караван пасоўваўся наперад з такой хуткасцю, як ішлі быкі. Але калі гэтая спакойная жывёла не можа шпарка хадзіць, затое яна ніколі не спыняецца нахаду.
Прайшоўшы такім чынам за два дні шэсцьдзесят міль, вечарам 23 снежня караван прыбыў у Эплі, першы горад правінцыі Вікторыя, у акрузе Вімера пад сто сорак першым градусам даўгаты.
Фургон паставілі на дварэ карчмы, якая мела пышную назву «Атэль кароны».
На вячэру падарожнікам падалі толькі бараніну, але затое згатаваную ўсімі спосабамі. Не гледзячы на скромнасць меню, усе елі з вялікім апетытам і гутарылі за сталом яшчэ больш, чым елі. Усе падарожнікі хацелі чым больш сабраць вестак аб асаблівасцях гэтага аўстралійскага мацерыка і закідалі пытаннямі вучонага-географа.
Паганель ахвотна расказаў усё, што ведаў аб правінцыі Вікторыя, якая называлася яшчэ «Шчаслівай Аўстраліяй».