— Яна брыдкая! — адказаў Гленарван.
— Брыдкая, згодзен, але затое і вельмі цікавая! Апрача таго, яна плодзіцца толькі ў Аўстраліі і больш ні ў адной частцы свету,— заўважыў Паганель.
Натуральна, Паганелю захацелася захаваць экземпляр яхідны. Ён панёс яго к фургону, каб схаваць у багажным аддзяленні, але містэр Ольбінет запратэставаў з такім абурэннем, што вучоны паспешна адышоў і адмовіўся ад думкі прывезці ў Парыж узор аўстралійскіх аднаўтробных.
Падарожнікі дасягнулі 141° 30’ даўгаты. Да гэтага часу яны не сустракалі ні земляробаў-каланістаў, ні скватэраў-жывёлаводаў. Мясцовасць здавалася зусім бязлюднай. Тубыльцаў не было і следу: іх плямёны вандруюць на поўначы адсюль, па бязмежных стэпах, якія абвадняюцца прытокамі Дарлінга і Мёрэя.
Але ў гэты дзень Гленарвану і яго спадарожнікам удалося ўбачыць адно з тых грандыёзных стадаў, якія прагныя спекулянты пераганяюць з усходніх гор у правінцыі Вікторыя і Паўднёвая Аўстралія.
Каля чатырох гадзін папоўдні Джон Мангльс паказаў сваім таварышам на вялікі слуп пылу на гарызонце. Што выклікала гэту дзіўную з’яву? Паветра было ціхае. Паганель выказаў меркаванне, што гэта смерч, і пачаў шукаць праўдзівыя тлумачэнні гэтаму фенамену, але Айртон хутка вывеў яго з нетраў здагадак, сказаўшы, што гэты пыл узняло стада.
Боцман не памыліўся; слуп пылу набліжаўся, і хутка падарожнікі пачулі аглушальныя галасы коней, авечак і быкоў. У гэтым хоры чутны былі асобныя чалавечыя выгукі і прарэзлівыя свісткі.
З хаоса паказаўся ўрэшце чалавек. Гэта быў галоўны праваднік гэтай арміі чатырохногіх. Гленарван пад’ехаў да яго і пачаў з ім гутарыць. Праваднік быў гаспадаром усяго гэтага стада. Яго звалі Сэмам Мітчэлем; ён ішоў з усходніх правінцый і накіроўваўся зараз у бухту Портланд.
Стада Сэма Мітчэля налічвала дванаццаць тысяч семдзесят пяць галоў: тысячу быкоў, адзінаццаць тысяч бараноў, семдзесят пяць коней. Уся гэта жывёла была куплена мізэрнай і худой каля Сініх гор. Зараз яна павінна была пасыцець на сакавітай пашы Паўднёвай Аўстраліі і потым даць вялікія прыбыткі свайму гаспадару. Гэта была выгодная справа. Але колькі патрабавалася цярплівасці, колькі энергіі, каб пераправіць на такую вялікую адлегласць гэтую наравістую жывёлу, і як утомна было бясконца выяўляць сваю смеласць! Поспех каштаваў дорага.
Сэм Мітчэль коратка расказаў сваю гісторыю, у той час як яго стада праходзіла ўперад між кустоў мімоз. Элен і Мэры вышлі з фургона, усе коннікі злезлі з коней і, усеўшыся ў засені разложыстага камеднага дрэва, слухалі расказ.
Сэм Мітчэль быў у дарозе ўжо сем месяцаў. Ён праходзіў у сярэднім не больш дзесяці міль за дзень, і гэта бясконцае вандраванне павінна было працягнуцца яшчэ цэлых тры месяцы. Яго памочнікамі ў рабоце былі дваццаць сабак і трыццаць чалавек, у тым ліку пяць тубыльцаў, якія спецыяльна шукалі згубленую жывёлу. За гэтай арміяй ехала шэсць падвод. Праваднікі, узброеныя бізунамі з пугаўём даўжынёю ў восемнаццаць дзюймаў і кіем даўжынёю ў дзевяць футаў, ездзілі па радах, наводзячы парадак. Ім дапамагалі сабакі, якія лёталі, як на крыллях, вакол стада.
Падарожнікі захапляліся дысцыплінай, наведзенай у стадзе. Розныя пароды жывёлы ішлі паасобку, бо быкі і бараны не ладзілі між сабой. Першыя ні за што не згаджаліся пасвіцца там, дзе прайшлі ўжо другія. Гэта выклікала неабходнасць пусціць быкоў наперадзе стада. Падзеленыя на два батальёны, яны ганарліва ішлі ўперад. За імі ішлі палкі бараноў пад камандай дваццаці праваднікоў.
Узвод сабак склаў ар’ергард. Сэм Мітчэль звярнуў увагу сваіх слухачоў на тое, што ні праваднікі, ні сабакі не былі сапраўднымі важакамі гэтай арміі: імі з’яўляліся быкі. Яны самавіта ішлі ў першым раду, выбіраючы лепшую дарогу. Яны былі поўнымі гаспадарамі стада, і стада падпарадкоўвалася ім без усякага пратэсту. Калі яны прыпыняліся, усе рабілі па іх прыкладу, і дарэмнымі былі-б усе намаганні паганятых прымусіць жывёлу ісці ўперад, пакуль быкі не давалі сігналу к выхаду.
Некаторыя падрабязнасці, якія расказаў Сэм Мітчэль, былі варты пяра Ксенафонта[60].
Пакуль армія ішла па даліне, усё было добра. Ніякіх клопатаў і амаль ніякай стомленасці. Жывёла спакойна ішла па дарозе, праганяючы смагу і голад на пашы, ноччу спала, удзень паслухмяна збіралася па воклічу і зноў выходзіла ў дарогу. Але ў пушчах мацерыка, у зарасніку эўкаліптавых дрэў і мімоз пачыналіся пакуты. Узводы, батальёны і палкі то згруджваліся ў адну кучу, то адыходзілі адзін ад аднаго на вялікую адлегласць, і патрабавалася вельмі шмат часу, каб аднавіць належны парадак. Калі, на няшчасце, прападаў адзін з важакоў, трэба было знайсці яго ва што-б та ні стала, інакш маглі здарыцца бязладныя ўцёкі ўсяго стада. Чорныя паганятыя-тубыльцы часта трацілі па некалькі дзён на гэтыя цяжкія пошукі. Калі пачыналіся частыя дажджы, лянівая жывёла не хацела ісці, а ў вялікую навальніцу жывёла вар’яцела ад страху.