Аднак энергія і пільнасць паганятых перамагалі ўсе гэтыя перашкоды, якія бясконца паўтараліся, і стада ішло ўперад міля за міляй, пакідаючы ззаду даліны, лясы і горы. Але дзе паганятым даводзілася да ўсіх сваіх якасцей дадаваць яшчэ адну, самую вышэйшую — цярплівасць, цярплівасць, якая павінна была ўсё перамагчы, цярплівасць, якую трэба было захоўваць не гадзіны і дні, а цэлыя тыдні,— гэта пры пераходзе цераз рэкі. Тут паганятыя сустракаліся з перашкодай, якую цяжка было перамагчы. Перашкодай гэтай была тая акалічнасць, што важакі стада адмаўляліся пераходзіць цераз раку. Быкі, ступіўшы ў ваду, адступалі назад па сваіх слядах. Бараны разбягаліся ва ўсе бакі, ледзь убачыўшы ваду. Трэба было чакаць ночы, каб падагнаць стада да ракі, але і гэта не дапамагала. Кідалі бараноў у ваду — авечкі не адважваліся ісці за імі. Спрабавалі ўздзейнічаць на ўпартую жывёлу тым, што па некалькі дзён не давалі ёй піць. Стада знясільвалася ад смагі і не краталася з месца. Пераносілі ягнят на другі бераг, спадзеючыся, што маткі прыплывуць на іх мэканне. Ягняты мэкалі, а авечкі і не думалі кратацца з месца на другім беразе. Так цягнулася часам цэлы месяц. Паганятых апаноўвала роспач, яны не ведалі, што ім рабіць з гэтай арміяй, якая мэкала, іржала і раўла. І раптам у адзін добры дзень, невядома па якому капрызу, увесь перадавы атрад накіроўваўся ў раку, і ўзнікала новая перашкода: зараз трэба было не даць стаду ў беспарадку ісці за ім. Перапалох агортваў рады, і жывёла душыла адна адну.
Такія былі цяжкасці прафесіі жывёлаводаў. За той час, што Сэм Мітчэль расказваў, большая частка стада прадэфіліравала[61] перад падарожнікамі ў поўным парадку.
Настаў час Сэму Мітчэлю стаць на чале сваёй арміі, каб выбраць лепшае месца для пашы. Ён развітаўся з Гленарванам, ускочыў на быстрага тубыльнага каня, якога адзін з яго парабкаў вёў на повадзе, і, ад душы паціснуўшы рукі ўсім прысутным, праз некалькі секунд знік у воблаках пылу.
Караван зноў ішоў далей і ўжо больш не прыпыняўся да самай гары Тольбот.
Гэты першы дзень падарожжа па тэрыторыі правінцыі Вікторыя, па прапанове Паганеля, адзначылі ўрачыстай вячэрай.
Трэба сказаць, што сёння Ольбінет перавысіў самога сябе. Са сваіх запасаў ён прыгатаваў цэлы рад еўрапейскіх страў, якія дзіўна было есці ў сэрцы аўстралійскай пустыні. Шынка, кавалачкі салонага мяса, свініна, салодкія піражкі з ячменнай і аўсянай мукі, добры чай, віскі, некалькі бутэлек партвейну — вось з чаго складалася гэта выдатная вячэра. Можна было ўявіць, што знаходзішся ў сталовай Малькольм-Кэстля, у самай сярэдзіне Шатландыі.
Хоць меню вячэры і без таго было дастаткова багатым, Паганель палічыў патрэбным далучыць да яго яшчэ дзікія апельсіны, якія растуць на спадах узгоркаў.
Гэта былі даволі нясмачныя плады, а іх зерняткі пры раскусванні апякалі рот, як кайенскі перац. Натурлівы географ з такой упартасцю еў іх з-за любові да навукі, што зусім апёк сябе паднябенне і не мог адказваць на ўедлівыя пытанні маёра.
Назаўтра, 26 снежня, не здарылася нічога, што-б было варта ўвагі. Падарожнікі дайшлі да крыніц Нартон-Крыка і хутка апынуліся каля напалову высахлай ракі Мекензі. Надвор’е стаяла добрае, спёка была нармальнай. Вецер дзьмуў з поўдня і навяваў халадок, таксама як паўночны вецер у паўночным паўшар’і.
Паганель звярнуў на гэта ўвагу свайго сябра Роберта Гранта.
— Нам пашчасціла,— сказаў ён,— таму што сярэдняя тэмпература больш высокая ў паўднёвым паўшар’і, чым ў паўночным.
— Чаму? — запытаў хлопчык.
— Ты пытаеш, чаму, Роберт? — адказаў Паганель.— Хіба ты ніколі не чуў, што зямля зімой бліжэй за ўсё к сонцу?
— Гэта я ведаю.
— І што зімой холад выклікаецца тым, што сонечныя праменні падаюць на зямлю коса?
— Вядома.
— Добра, мой хлопчык. З гэтай самай прычыны ў паўднёвым паўшар’і цяплей, чым у паўночным.
— Я не разумею,— адказаў Роберт, вытрашчыўшы вочы.
— Падумай добра,— сказаў Паганель.— Калі ў Еўропе зіма, якая пара года тут, у Аўстраліі, на другім паўшар’і?
— Лета,— адказаў Роберт.
— Дык вось дзякуючы таму, што якраз у гэты час зямля знаходзіцца бліжэй за ўсё ад сонца... Цяпер разумееш?
— Разумею.
— Лета ў паўднёвым паўшар’і гарачэйшае, чым лета ў паўночным.
— Ясна, пане Паганель.
— Калі кажуць, што зямля бліжэй за ўсё к сонцу зімой, дык гэта правільна толькі ў адносінах да нас, жыхароў паўночнага паўшар’я.
— Вось аб гэтым я і не падумаў! — усклікнуў Роберт.
— Не забывайся на гэта, мой хлопчык.
Роберт праслухаў такім чынам маленькую лекцыю па касмаграфіі і ў заключэнне даведаўся, што сярэдняя тэмпература ў правінцыі Вікторыя дасягае 70° па Фарэнгейту[62].
Увечары атрад размясціўся лагерам у пяці мілях ад возера Лоне-Дэль, між гарой Друмонда, якая ўзвышалася на поўначы, і гарой Дройдэн, невысокая вяршыня якой вырысоўвалася на паўднёвым гарызонце.
На другі дзень павозка была ўжо каля берагоў ракі Вімеры, на 143° даўгаты.
Рака шырынёю з поўмілі несла сваю спакойную празрыстую воду між двума радамі высокіх камедных дрэў і акацый.