Мы не ведаем дакладна ўсіх небяспек і пакут, перажытых падарожнікамі ў часе гэтага шляху, бо ў дзённіках за гэтыя дні амаль няма запісаў. Але мы маем права меркаваць, што гэтыя перажыванні былі надзвычай цяжкімі.
І сапраўды, у даліну Купер-Крыка ў красавіку прышлі толькі трое падарожнікаў. Грэй памёр па дарозе ад недастач. Чатыры вярблюды здохлі. Калі-б Бёрку і яго таварышам удалося дайсці да форта Уільса, дзе іх чакаў Браге з запасамі правіянту, яны былі-б выратаваны. Намагаючы ўсе сілы, яны цягнуцца ўперад яшчэ некалькі дзён і ўрэшце 21 красавіка падходзяць да агарожы форта і заходзяць у яго. У ім няма нікога. Напярэдадні Браге пакінуў яго пасля пяцімесячнага дарэмнага чакання.
— Пакінуў? — выклікнуў Роберт.
— Так, пакінуў і якраз напярэдадні! — пацвердзіў Паганель.— Пакінутая ім запіска сведчыла, што яшчэ сем гадзін таму назад ён быў у форце. Бёрк не мог і марыць дагнаць яго. Няшчасныя падарожнікі крыху падсілкаваліся пакінутай на складзе правізіяй, але сродкаў перасоўвання ў іх не было, а да Дарлінга заставалася яшчэ больш шасцісот кілометраў.
Тады Бёрк, насуперакі жаданню Уільса, вырашае ісці ў аўстралійскую калонію, размешчаную каля гары Гопелес, за дзвесце сорак кілометраў ад форта Уільса. Трое няшчасных накіроўваюцца ў дарогу. З двух уцалелых вярблюдаў адзін гіне ў віры прытока Купер-Крыка, а другі настолькі аслаб, што не можа і нагі пераставіць. Даводзіцца яго забіць і з’есці яго мяса. Хутка падходзяць к канцу апошнія запасы харчоў. Няшчасныя вымушаны карміцца толькі нарду, вадзяной раслінай з спажыўнымі лісцямі. Яны не адважваюцца адыйсці ад берагоў Купер-Крыка: навокал няма ні кроплі вады. Пажар знішчае іх лагер. Згараюць пасцельныя прылады. Цяпер яны безумоўна асуджаны на пагібель. Ім застаецца толькі памерці.
Бёрк кліча да сябе Кінга. «Мне засталося жыць некалькі гадзін,—кажа ён.—Вось мой гадзіннік і дарожны дзённік. Я прашу вас пасля смерці даць мне пісталет у правую руку і пакінуць мяне ляжаць на зямлі, не хаваючы». Гэта былі апошнія словы Бёрка. У яго пачалася агонія, і а восьмай гадзіне раніцы назаўтра ён памёр.
Збянтэжаны, забіты горам Кінг кінуўся шукаць якога-небудзь тубыльнага племені. Калі ён вярнуўся, Уільс таксама быў нежывы.
Кінг знайшоў сабе прытулак у тубыльцаў, і ў верасні яго знайшла экспедыцыя Гавіта, пасланая на пошукі Бёрка. Такім чынам з чатырох падарожнікаў, якія перайшлі аўстралійскі мацярык, жывым застаўся толькі адзін.
Расказ Паганеля зрабіў вялікае ўражанне на слухачоў. Кожны думаў пра капітана Гранта, якому можа таксама як і Бёрку, давялося бадзяцца па гэтаму небяспечнаму мацерыку. Ці пазбегнулі пацярпеўшыя крушэнне пакут, якія выпалі на долю няшчасных даследчыкаў? Гэта паралель між Бёркам і Грантам была такой натуральнай, што ў Мэры вочы напоўніліся слязмі.
— Тата, бедны тата,— прашаптала яна.
— Не бядуйце, міс Мэры! — сказаў Джон Мангльс.— Гэтыя небяспекі падпільноўваюць падарожнікаў толькі ў глыбіні мацерыка. Капітан-жа Грант, як і Кінг, трапіў у рукі тубыльцаў, і, таксама, як і Кінг, ён будзе выратаваны. Ён ніяк не мог апынуцца ў такім дрэнным становішчы, як Бёрк!
— Ніяк,— пацвердзіў Паганель.— Паўтараю вам, дарагая Мэры, аўстралійскія дзікуны — гасцінныя і ціхія людзі!
— О, каб гэта было так! — уздыхнула Мэры.
— А Сцюарт?—запытаў Гленарван, каб змяніць тэму гутаркі.
— Сцюарт? — перапытаў Паганель.— О, Сцюарт аказаўся больш шчаслівым. Джон Мак Дуаль Сцюарт, ваш зямляк, сябры мае, яшчэ ў 1858 годзе распачаў сваё першае падарожжа па Аўстраліі, праводзячы Штурта. У 1860 годзе з двума спадарожнікамі ён спрабаваў прайсці ў глыб мацерыка, але спроба гэта не мела поспеху. Аднак Сцюарта не так лёгка было збіць з толку. 1 студзеня 1861 года ён зноў вышаў з Чэмберс-Крыка на чале атрада з адзінаццаці адважных людзей.
Атрад гэты спыніўся ўсяго за дзвесце пяцьдзесят кілометраў ад затокі Карпентарыя. Але тут, з-за недахопу прадуктаў, яму давялося вярнуцца ў Адэлаіду, так і не перайшоўшы непрыступны кантынент.
Сцюарт, не лічачы сябе пераможаным, арганізаваў трэцюю экспедыцыю, каб цяпер дасягнуць мэты ва што-б та ні стала.
Парламент Паўднёвай Аўстраліі ўзяў пад сваю апеку гэту новую экспедыцыю і выдаў Сцюарту на яе арганізацыю субсідыю ў дзве тысячы фунтаў стэрлінгаў. Сцюарт старанна рыхтаваўся да новай экспедыцыі. У ёй прынялі ўдзел яго сябры: натураліст Уотэргоуз, Фрынг, Кэкуік, таварышы па мінулых экспедыцыях, Вудфорд, Олд і іншыя, усяго дзесяць чалавек.
Сцюарт узяў у дарогу дваццаць мяшкоў з амерыканскай скуры для вады, ёмістасцю па сем галонаў кожны. 5 красавіка 1862 года ўдзельнікі экспедыцыі ўжо дасягнулі басейна Н’юкестль-Уотэр, перайшоўшы восемнаццатую паралель у тым самым месцы, дзе ў мінулую экспедыцыю Сцюарт павінен быў павярнуць назад. Маршрут новай экспедыцыі быў пракладзены прыблізна ўздоўж сто трыццаць першага мерыдыяна, гэта значыць у сямі градусах к захаду ад маршрута экспедыцыі Бёрка.