— Так,— адказаў Паганель,— але не без цяжкасці і недастач. Больш за ўсё зазнаў гора сам Сцюарт. Яго здароўе было ўжо досыць падарвана цынгой, калі яны вышлі назад у Адэлаіду. У пачатку верасня хвароба так узмацнілася, што ён больш не спадзяваўся дабрацца жывым да заселеных месц. Ён не мог сядзець у сядле, і яго везлі на насілках, падвешаных між двума коньмі. У канцы кастрычніка ён пачаў харкаць крывёй. Становішча яго здавалася безнадзейным. Спадарожнікі забілі аднаго каня, каб згатаваць яму бульён. 28 кастрычніка ён адчуў, што памірае. Але гэта быў выратавальны крызіс, і 10 снежня маленькі атрад поўнасцю дабраўся да першага заселенага месца. Семнаццатага снежня Сцюарт прыехаў у Адэлаіду пад урачыстыя прывітанні ўсяго насельніцтва горада. Але здароўе яго было грунтоўна падарвана, і адразу пасля атрымання вялікага залатога медаля ад Аўстралійскага геаграфічнага таварыства ён паехаў на бацькаўшчыну, у сваю любімую Шатландыю, дзе мы яго ўбачым, вярнуўшыся з Аўстраліі[64].
— Гэты чалавек,— заўважыў Гленарван,— валодаў незвычайнай маральнай сілай, якая яшчэ больш неабходна для здзяйснення такога геройства, чым фізічная вынослівасць. Шатландыя мае права ганарыцца гэтым сваім сынам!
— А пасля экспедыцыі Сцюарта? — запытала Элен.— Ці спрабавалі іншыя спадарожнікі зрабіць такі-ж пераход?
— Спрабавалі,— адказаў Паганель.— Я ўжо казаў вам пра Лейхардта. Гэты падарожнік яшчэ ў 1844 годзе зрабіў незвычайную паездку па Аўстраліі. У 1848 годзе ён арганізаваў другое падарожжа ў паўночна-ўсходнія вобласці, з якога не вярнуўся. Мінула ўжо семнаццаць гадоў, але да гэтага часу не знайшлі нават слядоў яго. У мінулым годзе вядомы батанік, доктар Мюлер з Мельбурна, аб’явіў грамадскую падпіску для арганізацыі экспедыцыі на пошукі Лейхардта. Афяраванні паступалі з усіх бакоў, і неабходная сума была хутка сабрана. Атрад смелых скватэраў пад кіраўніцтвам разумнага і мужнага Мак Інтыра 24 чэрвеня 1864 года накіраваўся з Парао на пошукі Лейхардта. У гэтую хвіліну, пэўна, атрад Мак Інтыра знаходзіцца ў самым цэнтры аўстралійскага мацерыка. Пажадаем-жа яму поспеху ў пошуках і пажадаем самім сабе хутчэй знайсці тых, хто для нас дарагі!
Гэтымі словамі географ закончыў свой расказ. Было позна. Усе падзякавалі Паганелю за цікавы расказ і пайшлі спаць. Праз некалькі хвілін усе спакойна спалі, і толькі птушка-гадзіннік, стаіўшыся ў лісцях камеднага дрэва, адлічвала секунды ў начной цішы.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Чыгунка з Мельбурна ў Сэндхорст
Маёр з нездавальненнем даведаўся, што Айртон пакідае лагер, каб пайсці па каваля на станцыю Блэк-Пойнт. Але ён нікому ні слова не сказаў пра сваю недаверлівасць да былога боцмана «Брытаніі» і задавальняўся тым, што вырашыў не спаць ноч і вартаваць лагер. Аднак ноч прайшла без усякіх прыгод; з усходам сонца ўсе падарожнікі былі ўжо на нагах.
Што да Гленарвана, дык ён баяўся толькі аднаго: каб толькі Айртон не вярнуўся адзін з Блэк-Пойнта. Калі яму не ўдасца знайсці там каваля, фургон не зможа ісці далей. Гэта затрымала-б экспедыцыю на многа дзён, а Гленарван, які прагна імкнуўся к мэце, не гадзіўся нават з маленькай затрымкай.
На шчасце, Айртон недарэмна паехаў у Блэк-Пойнт. Хутка пасля ўсходу сонца ён вярнуўся з кавалём станцыі. Гэта быў дужы хлопец з шырокімі плячыма, але з нізкім ілбом і агідлівым выразам твара, у якім нешта нагадвала жывёлу. Між іншым, гэта не мела цікавасці, калі толькі ён сапраўды ведаў сваё рамяство. Ён быў маўклівы і не траціў сілы і часу на непатрэбную балбатню.
— Ці добры ён работнік? — запытаў Джон Мангльс у Айртона.
— Я ведаю яго не больш, чым вы, капітан,— адказаў Айртон.— Паглядзім.
Па тым, як каваль узяўся за працу, адразу можна было ўбачыць, што гэта майстра сваёй справы. Работа кіпела ў яго руках, і ён праяўляў у ёй незвычайныя сілу і спрыт. Маёр заўважыў, што скура на яго запясці запалена і ахоплена, як браслетам, палоскай сінякоў, відаць, яшчэ свежых. Закасаныя рукавы таннай шарсцянай рубашкі не скрывалі іх. Маёр Мак-Набс запытаў у каваля, адкуль ў яго гэтыя, відаць, вельмі балючыя раны. Але той нічога не адказаў і прадаўжаў работу. Праз дзве гадзіны фургон быў гатовы.
З канём Гленарвана было яшчэ прасцей. Каваль здагадаўся ўзяць з сабой гатовыя падковы. Маёр звярнуў увагу на тое, што падковы былі памечаны нязграбна зробленым знакам трылісніка са знадворнага боку. Мак-Набс паказаў іх Айртону.
— Гэта кляймо станцыі Блэк-Пойнт,— адказаў боцман.— Дзякуючы яму скватэры лёгка знаходзяць па слядах згубленых коней і не блытаюць слядоў сваіх табуноў з чужымі.
Каваль хутка падкаваў каня і, атрымаўшы плату за сваю працу, пайшоў. За ўвесь час работы ён сказаў не больш чатырох слоў.
Праз поўгадзіны экспедыцыя кранулася ў дарогу. Па той бок зарасніка з мімоз рассцілалася шырокае поле. У высокай траве і каля палісаднікаў, пасярэдзіне якіх пасвіліся шматлікія гурты, дзе-ні-дзе валяліся кавалкі кварца і глыбы магнітнага жалезняка.