Басейн Н’юкестль-Уотэр стаў базай для далейшых доследаў экспедыцыі Сцюарта. Густыя лясы вакол яго перашкодзілі прабрацца на поўнач і паўночны ўсход. Такімі-ж дарэмнымі былі спробы прарвацца на захад, да ракі Вікторыя. Непраходныя, першабытныя лясы перагараджалі ўсе шляхі.
Сцюарт вырашыў тады перанесці лагер, і яму ўдалося паставіць яго крыху на поўнач, каля Гаверавых балот. Адсюль на ўсход ішоў травяністы стэп. Ідучы гэтай дарогай, Сцюарт напаткаў ручаёк Дэілі і прайшоў уверх па ім міль трыццаць.
Навокал мясцовасць была надзвычай прыгожая. Яе пустынныя пашы маглі ашчаслівіць любога скватэра. Эўкаліпты выцягваліся ўгору на аграмадную вышыню. Захоплены Сцюарт усё ішоў уперад; ён дасягнуў берагоў рэк Стангуэй і Ропер-Крык, адкрытых Лейхардтам. Рэкі гэтыя цяклі ў засені раскошных пальмавых гаёў. Тут экспедыцыя сустрэла тубыльныя плямёны, якія гасцінна прынялі іх.
Адсюль Сцюарт узяў напрамак на паўночны захад, шукаючы вытокаў ракі Адэлаіды, якая ўліваецца ў затоку Ван-Дымена. Шлях экспедыцыі праходзіў цераз зямлю Арнгейма, сярод зараснікаў капусных палёў, бамбукаў, сосен і панданусаў. Рэчышча Адэлаіды пашыралася, берагі яе сталі багністымі. Акіян быў блізка.
У аўторак, 22 ліпеня, Сцюарт спыніўся каля балота Фрыш-Уотэр; увесь дзень экспедыцыя толькі тое і рабіла, што пераходзіла ўброд ручаі, якія заступалі ёй дарогу. Сцюарт паслаў на пошукі больш выгаднай дарогі трох са сваіх спадарожнікаў. Назаўтра, то абыходзячы глыбокія водазборы, то грузнучы ў балоце, ён выбраўся ўрэшце на плоскаўзвышша, заросшае зялёнай травой, групамі камедных дрэў і нейкіх дрэў з валакністай карой; у паветры кружыліся чароды качак і палахлівых вадзяных птушак. Тубыльцаў тут не было, але далёка на гарызонце віўся дымок ад вогнішчаў.
Дваццаць чацвертага ліпеня, пасля дзевяці месяцаў як вышлі з Адэлаіды, Сцюарт ледзь золак вышаў у далейшую дарогу на поўнач. Ён хацеў у гэты-ж дзень дасягнуць берагу акіяна. Дарога ўвесь час ішла адхонна ўгару. Глеба была ўсыпана кавалкамі жалезнай руды і вулканічнага паходжання скаламі. Дрэвы сталі ніжэйшымі і іх сустракалася менш. Перад падарожнікамі раптам з’явілася шырокая наносная даліна, акружаная хмызняком. Сцюарт ясна пачуў шум акіянскага прыбою, але нічога не сказаў сваім спадарожнікам. Яны зайшлі ў гушчар хмызняку, праціскаючыся скрозь зараснік дзікага вінаграду.
Яшчэ некалькі крокаў — і яны на беразе Індыйскага акіяна.
«Мора, мора!» крычыць здзіўлены Фрынг.
Астатнія падбягаюць і трохразовым «ура» вітаюць акіян.
Мацярык Аўстраліі чацверты раз прайшлі з канца ў канец! Сцюарт мыў твар, рукі і ногі ў вадзе Індыйскага акіяна. Потым ён вярнуўся ў даліну і выразаў на адным з дрэў свае ініцыялы: «Д. М. Д. С.». Толькі пасля гэтага пасталі лагерам на беразе ручайка з шпаркай плыняй, які ўліваўся ў акіян.
Назаўтра Фрынг пайшоў на разведку. Ён павінен быў высветліць, ці можна прайсці па дарозе на паўднёвы захад, к вусцю ракі Адэлаіды. Але глеба была вельмі багністай, і коні не маглі-б ісці па ёй. Давялося адмовіцца ад гэтага плана.
Тады Сцюарт, выбраўшы высокае дрэва, абсек яго ніжняе галлё і на верхавіне прымацаваў аўстралійскі сцяг. На кары дрэва ён выразаў наступныя словы: «Капай зямлю з паўднёвага боку, на адлегласці фута».
А калі-небудзь падарожнік раскапае зямлю ў паказаным месцы і ён знойдзе там бляшанку з дакументам, змест якога назаўсёды мне запомніўся. Вось ён:
"ПЕРАХОД ЦЕРАЗ АЎСТРАЛІЙСКІ КАНТЫНЕНТ З ПОЎДНЯ НА ПОЎНАЧ
Група даследчыкаў на чале з Джонам Мак Дуаль Сцюартам прыбыла сюды 25 ліпеня 1852 года, пасля таго як прайшла ўсю Аўстралію па цэнтру, ад Паўднёвага мора да берагоў Індыйскага акіяна. Яны пакінулі Адэлаіду 26 кастрычніка 1861 года, а 21 студзеня 1862 года вышлі ў паход на поўнач з апошняга заселенага месца. Ва ўспамін аб гэтай шчаслівай падзеі яны паднялі тут аўстралійскі сцяг і выразалі на дрэве ініцыялы правадыра экспедыцыі. Ол райт![63]"
Далей былі подпісы Сцюарта і яго таварышоў.
Так была адзначана гэта вялікая падзея, якая знайшла водгук ва ўсім свеце.
— Спадзяюся, гэтыя мужныя людзі шчасліва вярнуліся к сваім сябрам на поўдні? — запытала Элен.