Праз некалькі міль далей фургон трапіў на забалочаны ўчастак, на якім колы яго пакінулі глыбокія сляды. Тут цурчэлі ручайкі, заслоненыя, нібы фіранкамі, зараснікамі гіганцкіх чаротаў. Далей дарога цягнулася міма прасторных лагун, якія хутка высыхалі пад прамымі праменнямі сонца.
Паездка пакуль што была няцяжкай і, трэба дадаць, нянуднай.
Элен па чарзе запрашала да сябе коннікаў: яе «салон» быў вельмі цесны, каб размясціць усіх адразу. Тут яны не толькі адпачывалі ад язды на конях, але і цешыліся гутаркай з двума ветлівымі і мілымі гаспадынямі «салона». Зразумела, Элен не забывала штодня запрашаць Джона Мангльса, і нельга сказаць, што яго сур’ёзныя размовы не падабаліся жыхарам фургона. Наадварот.
Тым часам экспедыцыя перайшла паштовую дарогу з Краулэнда ў Хорсгэм. Дарога гэта была вельмі пыльная, і пешаходы ўнікалі яе.
Прайшоўшы нізам уздоўж групы ўзгоркаў на мяжы графства Тальбот, к вечару атрад прыпыніўся за тры мілі ад Мэраборо. Імжыў дождж, і ў іншых краінах зямля размякла-б, а тут сухое паветра паглынала і ўбірала ў сябе вільгаць, і ў лагеры ані не адчувалі яе.
Назаўтра, 29 снежня, рад невысокіх узгоркаў крыху затрымаў экспедыцыю. Увесь час даводзілася то ўзлазіць на гару, то спускацца з гары, прычым фургон трэсла і кідала бязлітасна. Урэшце падарожніцы палічылі за лепшае ісці пешкам. Прагулка здалася ім пасля трасяніны асабліва прыемнай.
Каля адзінаццаці гадзін раніцы яны ўбачылі даволі вялікі горад Карлсбрук. Айртон прапанаваў абыйсці горад, не прыпыняючыся, каб выйграць час. Гленарван згадзіўся з ім, але заўсёды прагны да новых уражанняў Паганель заявіў, што ён абавязкова павінен заехаць у горад. Яму далі гэту магчымасць, а фургон паволі паехаў у абход. Паганель са сваім заўсёдным спадарожнікам Робертам, прышпорыўшы коней, паімчалі ў горад. Якім ні кароткім і павярхоўным быў агляд горада, яго было дастаткова, каб мець уяўленне аб аўстралійскіх гарадах наогул. У Карлсбруку быў банк, будынак суда, рынак, адна школа, адна царква і каля сотні падобных адзін да аднаго мураваных дамоў. Усе гэтыя будынкі размясціліся правільным чатырохкутнікам і былі падзелены сеткай паралельных вуліц. Цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш аднастайнае і нуднае. Калі горад разрастаецца, яго вуліцы падаўжаюцца, як штаны падлетка; але журботная сіметрыя гэтым ані не парушаецца.
У Карлсбруку панавала вялікае ажыўленне — звычайная з'ява ва ўсіх нованароджаных гарадах. (У Аўстраліі гарады растуць, як дрэвы. Іх нібы выклікаюць да жыцця сонечныя праменні). Заклапочаныя людзі паспешна крочылі па вуліцах гарадка. Гандляры золатам тоўпіліся каля пад’ездаў кантор капальняў, чакаючы прыбыцця эскартуемых[65] тубыльнай паліцыяй транспартаў каштоўнага метала з заводаў Бэндыго і гары Александра. Здавалася, прагнасць да нажывы апанавала ўсё насельніцтва гарадка, і прыезд чужаземцаў не прыцягнуў ні чыёй увагі.
Паездзіўшы гадзіну па Карлсбруку, Паганель і Роберт выехалі за горад і паімчаліся паўз добра вырабленыя палі на злучэнне з астатнім караванам.
Зараз экспедыцыя Гленарвана ехала па прэрыі, дзе пасвілася безліч бараноў. Прэрыя скончылася раптоўна, што ўласціва аўстралійскай прыродзе, і адразу ўслед за ёй пачалася пустыня. Узвышша Сімпсона і гара Торангувер паказвалі тут паўднёвую мяжу акругі Лодо, на сто чатырнаццатым градусе даўгаты.
Да гэтага часу экспедыцыя яшчэ ні разу не сустракала тубыльных пляменняў, якія жывуць першабытным спосабам. Гленарван пачынаў трывожыцца, што ў Аўстраліі яны сустрэнуць таксама мала аўстралійцаў, як у Патагоніі патагонцаў. Але Паганель супакоіў яго, паведаміўшы, што дзікуны жывуць за сто міль на ўсход ад гэтага месца, у даліне Мёрэя.
— Мы падыходзім да золатаносных раёнаў,— сказаў ён.— Дні праз два мы будзем каля найбагатшых пяскоў гары Александра. Шукальнікі золата рынуліся туды ў 1852 годзе, прымусіўшы тубыльцаў адступіць у пустыні ўнутранай Аўстраліі. Хоць гэта і не кідаецца ў вочы, але мы зараз ідзем па «цывілізаванай» мясцовасці і яшчэ да канца дня пяройдзем чыгунку, якая злучае даліну Мёрэя з берагам акіяна. Дзіўная рэч, сябры мае, чыгунка ў Аўстраліі!
— Што-ж тут дзіўнага, Паганель? — запытаў Гленарван.
— Як, няўжо вы не бачыце тут супярэчлівасці? О, я добра ведаю, што вы — англічане — прывыклі каланізаваць свае далёкія ўладанні, што вы праводзіце электрычны тэлеграф і сусветныя выстаўкі ў Новай Зеландыі і лічыце гэта самай звычайнай справай. Але мой французскі мозг не можа пагадзіцца з гэтым. Гэта блытае ўсе мае ўяўленні аб «дзікай» Аўстраліі!
— Таму што вы думаеце пра мінулае краіны, а не пра яе сучаснае і будучае,—адказаў вучонаму Джон Мангльс.
— Згодзен,— сказаў Паганель.— Але ўсё-ж кожны чалавек, не маючы гонару быць англічанінам ці амерыканцам, разявіў-бы рот ад здзіўлення, убачыўшы паравоз у пустыні, клубы пары, якія асядаюць на галлё мімоз і эўкаліптаў, убачыўшы яхіднаў і казуараў, якія ўцякаюць ад хуткіх паяздоў, убачыўшы дзікуноў, якія купляюць білет на трохгадзінны экспрэс з Мельбурна ў Кэстльмен. Паэзія ўцякае з пустыні, калі там з’яўляюцца чыгунка і паравоз.