І сапраўды, перад вачыма падарожнікаў быў тубыльны магільнік, але такі зялёны, такі свежы і з такімі прыгожымі групамі цяністых дрэў, дзе весела шчабяталі птушкі, што ён не ствараў сумнага ўражання. Яго лёгка можна было палічыць за звычайны сад. Магілы, якія звычайна благавейна даглядаюць тубыльцы, зараслі ўжо густой травой. Напад захопнікаў-еўрапейцаў прымусіў тубыльцаў кінуць магілы сваіх продкаў і ўцякаць, куды вочы глядзяць, у глыб краіны, а растучая каланізацыя краю ператварыла гэтыя квітнеючыя даліны смерці ў пашы для жывёлы. Таму з кожным днём усё радзей сустракаюцца некранутыя тубыльныя магільнікі.
Паганель і Роберт, апярэдзіўшы караван, забраліся ў цяністыя прысады між радамі магільнікавых насыпаў.
Але не паспелі яны ад’ехаць і чвэрці мілі, як Гленарван убачыў, што яны прыпынілі коней, нахіліліся над нечым на зямлі, а потым злезлі з коней. Мяркуючы па іх жвавай жэстыкуляцыі, яны напаткалі нешта надзвычай цікавае.
Айртон укалоў быкоў кіем, і хутка фургон дагнаў двух сяброў. Прычына іх прыпынку і здзіўлення была адразу высветлена. Гэта быў тубыльны хлопчык, гадоў васьмі, не больш, апрануты ў еўрапейскае адзенне; ён спакойна спаў у халадку раскошнай банксіі. Цяжка было-б не пазнаць у ім тубыльца: кучаравыя валасы, амаль чорная скура, плоскі нос, тоўстыя губы і незвычайна доўгія рукі—ўсё гэта разам узятае адразу выяўляла, што ён родам з унутраных абласцей Аўстраліі. Разам з тым вопратка і разумны твар выдавалі, што гэты хлопчык спазнаў еўрапейскую асвету.
Элен, вельмі зацікаўленая маленькім тубыльцам, вышла з фургона.
Неўзабаве ўвесь атрад абступіў хлопчыка, які моцна спаў.
— Няшчаснае дзіця,— сказала Мэры Грант,— яно, пэўна, заблудзілася ў пустыні...
— А я думаю,— запярэчыла Элен,— што хлопчык прышоў сюды здалёк, каб пакланіцца родным магілкам. Мабыць тут пахаваны тыя, каго ён любіў.
— Не трэба пакідаць яго! — усклікнуў Роберт.— Ён такі адзінокі...
Роберт не дакончыў сказу: маленькі тубылец, не прачынаючыся, перавярнуўся на другі бок. Усе ўбачылі на яго спіне плакат з наступным надпісам:
Толіне. Павінен быць прывезены ў Эхуку пад наглядам чыгуначнага кандуктара Джэфры Сміта.
За праезд заплачана.
— Вось гэта зусім варта англічан!—усклікнуў Паганель.—Яны накіроўваюць дзяцей па пошце, як звычайныя пасылкі. Яны ставяць на дзецях штэмпелі, як на канвертах. Мне даўно ўжо казалі пра гэта, але я не хацеў верыць, зараз я пераканаўся...
— Бедны хлопчык,— сказала Элен.— Пэўна ён ехаў тым поездам, з якім здарылася крушэнне каля Кэмдэн-Брыджа. Можа яго родныя загінулі, і ён застаўся сіратой...
— Не думаю,— адказаў Джон Мангльс,— мяркуючы па гэтаму плакату, ён ехаў адзін.
— Ён прачынаецца,— сказала Мэры Грант.
І сапраўды дзіця прачыналася. Яно расплюшчыла вочы, але асляпляючы бляск сонца прымусіў зноў заплюшчыць іх. Элен узяла яго за руку, і яно ўстала, здзіўлена аглядаючы ўсіх прысутных падарожнікаў. Мімалётны выраз страху адбіўся на яго тварыку, але, глянуўшы на Элен, дзіця супакоілася.
— Ці разумееш ты па-англійску, хлопчык? — запытала Элен.
— Разумею і гавару,— адказала дзіця на роднай мове падарожнікаў, але з моцным акцэнтам.
Можна было падумаць, што гэта француз загаварыў па-англійску.
— Як цябе завуць? — прадаўжала Элен.
— Толіне,— адказаў маленькі тубылец.
— Ага, Толіне! — усклікнуў Паганель.— Калі я не памыляюся, гэтае імя па-аўстрылійску азначае «дрэўная кара»?
Хлопчык пацвердзіў гэта, кіўнуўшы галавой і зноў уважліва паглядзеў на падарожнікаў.
— Адкуль ты, мой хлопчык? — запытала Элен.
— З Мельбурна. Я ехаў на сэндхорскім экспрэсе.
— Ты быў у тым поезде, з якім здарылася крушэнне ў Кэмдэн-Брыджы? — запытаў Гленарван.
— Так, сэр, але я шчасліва выратаваўся.
— Ты ехаў адзін?
— Адзін. Настаўнік Пакстон даручыў мяне кандуктару Джэфры Сміту. Але ён загінуў пры крушэнні.
— А апрача таго ты нікога не ведаў у поездзе?
— Нікога.
— Што-ж ты робіш у гэтай пустыні? Чаму ты ўцёк з Кэмдэн-Брыджа? — прадаўжала дапытваць хлопчыка Элен.
— Я варочаюся да свайго племені, у Лахлан,— адказаў хлопчык,— хачу пабачыцца з сваёй маткай.
— Твае бацькі аўстралійцы?
— Так, аўстралійцы з Лахлана,— адказаў Толіне.
— У цябе ёсць і бацька і маці? — запытаў Роберт.
— Так, мой браце,— адказаў Толіне, падаючы руку маладому Гранту.
Таго расчуліла гэта слова «брат», і ён ад душы пацалаваў маленькага тубыльца. Гэта было дастаткова, каб зрабіць двух хлапчукоў сябрамі.
Між тым, падарожнікі, вельмі зацікаўленыя адказамі хлопчыка, паселі наўкруг і з цікавасцю слухалі яго. Сонца ўжо садзілася за лес. З-за таго, што гэта месца вельмі падыходзіла для начлегу і не было асаблівай патрэбы спяшацца, Гленарван загадаў прыпыніцца тут нанач. Айртон выпраг быкоў, стрыножыў іх з дапамогай Мюльрэдзі і Вільсона і завёў на пашу.