Праз некалькі хвілін Элен і Мэры ўжо ляжалі на сваіх пасцелях у фургоне, мужчыны размясціліся ў палатцы, і толькі Паганель ніяк не мог угаманіцца. Яшчэ доўга быў чуцен яго рогат, які заглушаў варкаванне аўстралійскіх сарок.
Назаўтра, а шостай гадзіне раніцы, калі першыя праменні абудзілі людзей ад сна, усе перш за ўсё ўспомнілі аб маленькім аўстралійцы.
Толіне без следу знік. Можа ён хацеў нагнаць страчаны час? Ці яго пакрыўдзілі кпіны Паганеля? Гэтага ніхто не ведаў. Але Элен, прачнуўшыся, знайшла на сваёй падушцы свежы букет мімоз, а Гленарван у сваёй кішэні «Геаграфію» Самуэля Рычардсона.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Капальні гары Александра
У 1814 годзе сэр Гадэрык Мерчысон, сапраўдны прэзыдэнт Каралеўскага геаграфічнага таварыства ў Лондане, пасля доўгага вывучэння пытання прышоў к вываду, што ў абрысах Уральскага горнага хрыбта і хрыбта, які цягнецца з поўначы на поўдзень уздоўж паўднёвага берагу Аўстраліі, ёсць вялікае падабенства.
Вядома, што Уральскі хрыбет мае багата золатаносных жыл. Вучоны-геолаг дапусціў, што дарагі метал можна знайсці і ў Аўстралійскіх Кардыльерах. Ён не памыліўся.
Праз два гады яму прыслалі ўзоры залатой руды, знойдзенай у Новым Паўднёвым Уэльсе. Адразу-ж натоўпы карнуэльскіх рабочых рынуліся на пошукі золата ў Новую Галандыю. Сярод іх былі Францыск Дзютон, які знайшоў першыя залатыя самародкі ў Паўднёвай Аўстраліі, і Фарб і Сміт, адкрыўшыя першыя золатаносныя жылы ў Новым Паўднёвым Уэльсе.
Першы поспех ап’яніў усіх; прыток шукальнікаў золата са ўсяго свету рос з кожным днём. Людзі прыязджалі ў Аўстралію з Англіі, Амерыкі, Італіі, Францыі, Германіі, Кітая.
Але сапраўды багатыя залежы руды былі знойдзены толькі 3 красавіка 1851 года. Яны былі знойдзены шукальнікам золата Харгрэўсам. Ён прапанаваў губернатару Сіднейскай калоніі Фітц-Рою купіць іх за больш чым невялікую суму: за пяцьсот фунтаў стэрлінгаў.
Яго прапановы не прынялі, але чуткі аб адкрыцці золатаноснай жылы хутка распаўсюдзіліся на ўсе ваколіцы.
Новы паток шукальнікаў золата рушыў у Сомерхіл і Леніс-Понд. Такім чынам заставаўся горад Офір. З таго часу правінцыя Вікторыя адышла на задні план, хаця па праву іменна яна павінна была стаяць на першым месцы па багаццю сваіх рудных залежаў.
Але праз некалькі месяцаў, у жніўні 1851 года, у Вікторыі былі знойдзены першыя самародкі, і хутка па чатырох акругах праводзілася ўжо рэгулярная эксплаатацыя руды. Гэтымі чатырма акругамі былі: Баларат, Овенс, Бендыго і гара Александра. Усе гэтыя акругі былі вельмі багатыя рудой, але на рацэ Овенс было вельмі цяжка праводзіць распрацоўкі з-за збытку вады; у Балараце раскіданасць залежаў руды перашкаджала разгарнуць здабычу; у Бендыго камяністая глеба перашкаджала распрацоўкам; і толькі на гары Александра было ў наяўнасці ўсё неабходнае для паспяховай работы. Іменна сюды, к гэтаму месцу, дзе так часта пускаліся на вецер цэлыя багацці, бурыліся шалёныя надзеі, прывяла трыццаць сёмая паралель групку людзей, якія шукалі капітана Гранта.
Пасля цэлага дня шляху па жахлівых дарогах, якія змучылі і быкоў і коней, падарожнікі ўбачылі ўрэшце закругленую вяршыню гары Александра. Лагерам сталі ў вузкай цясніне, сярод невысокіх прыгор’яў, і неўзабаве стрыножаная жывёла пасвілася ўжо на дне цясніны між глыбамі кварца. Але гэта яшчэ не быў раён распрацоўваемых жыл. Толькі назаўтра, у першы дзень 1865 года, колы фургона пакаціліся па золатаноснай глебе. Жак Паганель і яго таварышы былі ў захапленні ад таго, што яны ўбачылі гэту вядомую гару.
Сюды рынулася ўся арда авантурыстаў, зладзеяў і сумленных людзей. Пасля першай весткі аб важным адкрыцці ў 1851 годзе маракі, рабочыя і земляробы пакінулі палі, гарады і караблі. Залатая трасца стала эпідэмічнай з’явай. Яна была такой-жа заразлівай, як чума, а колькі людзей загінула ў той момант, калі ім здавалася, што яны трымаюць шчасце ў руках! Гаварылі, што добрадзейная прырода пасеяла мільёны ў гэтай дзіўнай краіне. Настаў дзень жніва, і жняцы сабраліся, каб сабраць ураджай.
Рамяство дыгера — землякопа — мела перавагу над усімі іншымі; большасць шукальнікаў золата гінула ад неймаверна цяжкай работы, але былі людзі, якія станавіліся багацеямі ад першага ўдару рыдлёўкі. Тысячы знішчаліся, і пра гэта ніхто не гаварыў, затое кожны поспех разыходзіўся пагалоскай, і гэтая пагалоска аб ім даходзіла да самых далёкіх мясцін. Аб кожным падарунку лёса станавілася вядомым ва ўсіх пяці частках свету.
Неўзабаве патокі сквапных на золата затапілі берагі Аўстраліі. Толькі за чатыры апошнія месяцы 1852 года сюды прыбылі пяцьдзесят чатыры тысячы эмігрантаў — цэлая армія. Але армія без кіраўніка, без дысцыпліны, армія марадэраў — адным словам, пяцьдзесят чатыры тысячы драпежнікаў самага агіднага гатунку.