— Так. Для гэтага не трэба канчаць універсітэт. Дастаткова мець моцныя мускулы. Авантурысты ўсіх краін, прагнаныя з бацькаўшчыны галечай, з’ехаліся сюды — багатыя з кіркай, бедныя з нажом. Яны працавалі, як апантаныя; можна з упэўненасцю сказаць, што нідзе не працавалі з такой стараннасцю, з такой ахвотай і так шчыра, як тут. Дзіўны выгляд мела тады Аўстралія! Зямля была застаўлена палаткамі, брэзентамі, шалашамі, хацінамі — землянымі, дашчатымі, з галля. У цэнтры часовага пасёлка ўзвышалася прыбраная палатка губернатара, над якой развяваўся брытанскі сцяг. Навокал яе былі сінія цікавыя палаткі чыноўнікаў кіраўніцтва, палаткі мянялаў, гандляроў золатам, спіртаносаў, спекулянтаў, якія зляцеліся сюды з усяго свету, каб пажывіцца на гэтай незвычайнай сумесі галечы з багаццем. Усе гэтыя драпежнікі былі пэўныя: ім багацце было забяспечана ва ўсякім выпадку, за лік барадатых рудакопаў, якія жылі ў брудзе і вільгаці. Навакол гуло ад удараў кірак аб зямлю. У паветры патыхала смуродам ад гнілых трупаў жывёлы, якую ніхто не закапваў. Густы пыл асядаў на лёгкія гэтых няшчасных людзей пры кожным удыханні, і нядзіўна, што смяротнасць сярод іх дасягала вельмі высокага процанта. Каб быў клімат Аўстраліі менш здаровым, эпідэмія тыфа сабрала-б тут багаты ўраджай. Усе гэтыя пакуты былі-б забыты, каб кожны рудакоп меў поспех. Але ў тым-та і справа, што на аднаго шукальніка золата, які меў поспех да багацця, прыпадзе сотня, дзве сотні, а можа нават тысяча рудакопаў, якія памерлі ад галечы і роспачы.
— Ці не ведаеце вы, Паганель, якім спосабам яны даставалі золата з зямлі? — запытаў Гленарван.
— Ахвотна адкажу вам,— сказаў вучоны.— Першыя шукальнікі золата прамывалі золата так, як гэта яшчэ цяпер робіцца ў Севенах, у Францыі. Яны капалі ямы, даставалі з іх пароду, якую лічылі золатаноснай, прамывалі яе вадой, каб аддзяліць цяжкі метал ад больш лёгкай руды. Прамыванне яны рабілі ў асобнай пасудзіне, запазычанай у Амерыцы: у «калысцы». Гэта скрынка даўжынёй у пяць-шэсць футаў, нешта накшталт адкрытай труны, падзеленай папярочнай перагародкай на два аддзяленні. У першым змяшчаецца адно пад адным рад рэшатаў, дыяметр дзірак якіх паслядоўна змяншаецца. Другое аддзяленне звужана ў ніжняй сваёй частцы. Парода насыпаецца на верхняе рэшата першага аддзялення, паліваецца вадой, і ўсю скрынку трасуць, праўдзівей, пакалыхваюць, як калыску. Каменне асядае на першым рэшаце, золата і пясок спадаюць на наступныя: прамытая парода сцякае з вадой у другое аддзяленне і адтуль выліваецца на зямлю. Вось тагочаснае абсталяванне распрацовак.
— Ды яшчэ, пэўна, не ва ўсякага была такая калыска,— заўважыў Джон Мангльс.
— Шукальнікі золата куплялі іх у сваіх збяднелых ці разбагацеўшых калег,— адказаў Паганель, або зусім абыходзіліся без іх.
— Чым-жа яны замянялі яе? — запытала Мэры.
— Звычайным тазам, міс Грант,— самым звычайным бляшаным тазам. Яны веялі золата так, як сяляне веюць збожжа, толькі замест зярнят пшаніцы пры ўдачы ў тазу заставаліся зерняты золата. На працягу першага года не адзін рудакоп абагаціўся дзякуючы такому тазу. Ведаеце, сябры мае, гэта быў усё-ж дзіўны час, хоць пара ботаў каштавала паўтараста франкаў, а за шклянку ліманаду плацілі па дзесяць шылінгаў. Першыя заўсёды маюць поспех. Золата ўсюды было ў збытку. Самародкі ляжалі проста на зямлі. Рэкі цяклі па металічнаму рэчышчу. Золата валялася нават на вуліцах Мельбурна, ім ледзь не брукавалі дарогі. З 26 студзеня па 24 лютага 1852 года з гары Александра ў Мельбурн была накіравана ўрадавай вартай восем мільёнаў дзвесце трыццаць восем тысяч семсот пяцьдзесят франкаў. Гэта складае сярэднюю дзённую здабычу ў сто шэсцьдзесят чатыры тысячы семсот дваццаць пяць франкаў.
— Ці вядома пра выпадкі раптоўнага абагачэння? — запытала Элен.
— Так, бывалі.
— Раскажыце, Паганель.
— Калі ласка. У 1852 годзе ў акрузе Баларат знайшлі самародак, які важыў пяцьсот семдзесят тры унцыі. У Джыслендзе быў знойдзены другі — вагой у семсот восемдзесят дзве унцыі; там-жа ў 1861 годзе знайшлі самародак у восемсот трыццаць чатыры унцыі. Урэшце, усё ў тым-жа Балараце, адзін рудакоп знайшоў самародак вагой у шэсцьдзесят пяць кілограмаў, гэта значыць цэлы капітал у дзвесце дваццаць тры тысячы восемсот шэсцьдзесят франкаў.
— Ці не ведаеце, наколькі павялічылася сусветная здабыча золата пасля адкрыцця аўстралійскіх россыпаў?—запытаў Джон Мангльс.
— Здабыча за гэта стагоддзе вырасла неймаверна. У пачатку стагоддзя ўсе краіны свету здабывалі разам толькі на сорак сем мільёнаў франкаў золата за год. Цяпер-жа здабываюць каля дзевяцьсот мільёнаў. Амаль мільярд.
— Значыцца, пане Паганель,— сказаў Роберт,— магчыма, што на гэтым самым месцы, дзе мы цяпер знаходзімся, у зямлі шмат золата?
— Так, мой хлопчык. Тут ляжаць цэлыя мільёны. Мы топчам іх. І калі мы не нагінаемся, каб падняць яго, дык толькі таму, што мы зневажаем золата.
— Аўстралія, відаць, шчаслівая краіна,— сказаў Роберт.