У першыя гады гэтага вар’яцкага ап’янення панаваў няўяўны хаос, але з цягам часу настойлівыя англічане дамагліся свайго і сталі гаспадарамі становішча. З таго часу адбыліся вялікія змены. За трынаццаць гадоў эксплаатацыя залатых капалень стала арганізаванай і сістэматычнай. Да таго-ж руднікі былі ўжо вычарпаны амаль да дна. Дый як маглі не вычарпацца залежы дарагога метала, калі толькі з 1852 па 1858 гады шукальнікі золата здабылі з глыбінь віктарыянскіх руднікоў золата на 3 107 478 фунтаў стэрлінгаў! Наплыў эмігрантаў значна паменшыўся. Яны кінуліся на пошукі шчасця ў яшчэ нявыведаныя вобласці. І адкрытыя неўзабаве «залатыя палі» у Отаго і паблізу Мальбора ў Новай Зеландыі пакрыліся тысячамі двуногіх мурашак.
А адзінаццатай гадзіне падарожнікі былі ўжо ў самым цэнтры рудных распрацовак. Тут вырас сапраўдны горад, з заводамі, банкамі, царквой, казармамі і рэдакцыяй газеты. Гасцініцы, фермы, вілы — тут было ўсё, чаму належыць быць у сапраўдным горадзе, да тэатра ўключна. У тэатры з вялікім поспехам ішла п’еса пад назвай «Францыск Обадзія, або шчаслівы рудакоп». Канец яе такі: герой, які ўжо канчаткова страціў надзею, ад апошняга ўдару рыдлёўкай натыкаецца на небывалай велічыні самародак.
Гленарван хацеў агледзець залатыя капальні гары Александра. Ён паслаў фургон уперад пад наглядам Айртона і Мюльрэдзі і паабяцаў дагнаць іх праз некалькі гадзін.
Паганель быў у захапленні ад гэтага распараджэння і па звычаю ўзяў на сябе абавязкі правадніка і перакладчыка.
Па яго парадзе падарожнікі перш за ўсё пайшлі к банку. Шырокія брукаваныя вуліцы гарадка паліваліся вадой. То тут, то там кідаліся ў вочы вялікія аб’явы розных камерцыйных прадпрыемстваў. Капіталісты і драпежнікі-фактары грунтоўна селі тут на плячах жабракоў-рудакопаў.
Усюды быў чуцен шум машын, якія прамывалі золатаносны пясок. Адразу за горадам пачыналіся пяскі. Гэта былі вялікія пустэчы, дзе рабіліся распрацоўкі. Тут варушыліся рудакопы, нанятыя рознымі кампаніямі. Безліч скважын было відно на зямлі. Жалеза рыдлёвак блішчэла на сонцы, і над зямлёй чуўся страшэнны гул.
Сярод рудакопаў можна было спаткаць прадстаўнікоў самых рознастайных нацыянальнасцей. Яны не сварыліся між сабой, яны ўсе атрымлівалі толькі плату за сваю працу.
— Аднак не варта думаць,— сказаў Паганель,— што на аўстралійскай зямлі ўжо няма азартных шукальнікаў золата, якія займаюцца пошукамі золата на свой страх і рызыку. Вядома, большасць наймаецца на работу к кампаніям. Ім больш нічога не застаецца рабіць, бо ўсе золатаносныя землі праданы ці належаць ураду. Але для тых, у каго нічога няма, хто не можа ні купіць, ні наняць, для тых застаецца адзіны шанс разбагацець.
— Які? — запытала Элен.
— Удача пры джэмпінгу,— адказаў Паганель.— Нават мы з вамі, не маючы ніякага права на гэтыя пяскі, можам стаць багацеямі, калі пашчасціць нам.
— Але якім чынам? — запытаў маёр.
— Па праву джэмпінга, як я ўжо меў гонар вам сказаць.
— Што такое джэмпінг? — зноў запытаў маёр.
— Гэта згода паміж рудакопамі і ўладарамі руднікоў. У выніку гэтай згоды часта бываюць гвалтоўнасці і непарадкі, але ўлады не маюць сілы адмяніць яго.
— Растлумачце-ж толкам, Паганель,— нецярпліва перапыніў яго маёр,— не таўчыце вады ў ступе.
— Калі ласка. Тут існуе такое правіла, што калі на якім-небудзь участку ў эксплаатуемай мясцовасці не праводзяцца распрацоўкі на працягу дваццаці чатырох гадзін запар, за выключэннем вялікіх святаў, дык ён становіцца грамадскай уласнасцю. Першы хто авалодае ім, мае права распрацаваць яго і стаць багатым, калі пашчасціць яму. Так, Роберт, мой хлопчык, паспрабуй даследаваць адну з гэтых кінутых ям — яна твая.
— Пане Паганель,— перапыніла яго Мэры Грант,— не ўнушайце майму брату такія думкі.
— Але-ж я жартую, дарагая міс, і Роберт гэта добра разумее. Стаць шукальнікам золата? Яму? Ніколі! Прыемна ўскапаць зямлю, апрацаваць яе і потым сабраць плады сваёй працы. А капаць яе, як сляпы крот, каб дастаць некалькі нікчэмных крупінак золата,— гэта нуднае рамяство. Трэба быць апошнім з апошніх, каб займацца ім!
Наведаўшы галоўныя руднікі і прайшоўшы па ўчастках, глеба якіх складалася ў значнай ступені з кварца, гліністага сланца і пяскоў, якія ўтварыліся ў працэсе выветрывання скал, падарожнікі накіраваліся ўрэшце к банку.
Гэта быў вялікі будынак, на франтоне якога развяваўся англійскі сцяг.
Тут Гленарвана з пашанай прыняў галоўны інспектар.
У банку хаваецца золата, здабытае рудакопамі для вялікіх кампаній, якія эксплаатуюць іх працу. Даўно мінуў той час, калі плады працы шукальнікаў золата пажыналі адзіночкі-спекулянты, якія аблытвалі сваімі сеткамі рудакопа і скуплівалі ў яго золата па пяцьдзесят тры шылінгі за унцыю[67], каб тут-жа, у суседнім гарадку, перапрадаць яго па шэсцьдзесят пяць шылінгаў.