Інспектар банка паказаў наведвальнікам цікавыя ўзоры золатаносных парод і самародкаў і расказаў пра розныя спосабы здабычы золата. Месцанараджэнні золата ў прыродзе бываюць двух відаў — карэнныя, ці жыльныя, і пяскі. У карэнных месцазнаходжаннях залацінкі ўключаны ў жыльную пароду, галоўным чынам у кварц. Пяскі ўтварыліся ад разбурэння жыл. У залежнасці ад характару месцазнаходжання і робіцца здабыча золата. Карэннае, ці жыльнае, золата дастаецца з пароды шляхам драблення яе ў драбільнях і далейшага драблення ў ступах, пасля чаго залацінкі амальгаміруюцца (злучаюцца з ртуццю). Россыпнае золата здабываецца шляхам прамывання, пры якім золата, як больш цяжкае, асядае на дно, а размытая парода зліваецца. У гары Александра было золата россыпнае і сустракалася яно ў выглядзе так званых «кішэнь» — невялікіх участкаў, якія мелі вялікую колькасць гэтага дарагога метала. Знаходка такой «кішэні» магла прынесці вялікае багацце ўдачліваму рудакопу.
Падарожнікі агледзелі мінералагічны музей банка, дзе за шклянымі вітрынамі былі сабраны ўсе ўзоры выкапняў Аўстраліі. Золата не было адзіным багаццем гэтай краіны. За шклом вітрын, побач з этыкеткамі з указаннем месца, дзе яны былі знойдзены, паблісквалі белыя тапазы, роўныя па хараству з бразільскімі, гранаты, ізумруды, рубіны, сінія сапфіры і ўрэшце невялікі алмаз, знойдзены на беразе Терона. Гэта была поўная калекцыя дарагога камення, а за золатам для аправы не трэба было далёка хадзіць — яно ляжала тут, побач.
Гленарван падзякаваў інспектару банка за тлумачэнні і развітаўся з ім. Потым падарожнікі пайшлі аглядаць залежы на гары Александра.
Які абыякавы ні быў Паганель да зямных багаццяў, але і ён сяды-тады дапытліва пазіраў на зямлю. Гэта было мацней за яго, і ён не мог прымусіць сябе не бегаць вачыма па зямлі, не гледзячы на кпіны сваіх спадарожнікаў. Ён штохвілінна нагінаўся і збіраў то каменьчыкі, то драбкі кварца. Паднёсшы іх да блізарукіх вачэй, ён тут-жа нездаволена адкідаў іх убок.
— Што з вамі, Паганель? — з нявінным выглядам запытаў у яго маёр.— Вы згубілі што-небудзь?
— Вядома,— адказаў вучоны,— мы ўсе маем права лічыць згубленым не знойдзенае намі багацце ў гэтай краіне золата і дарагога камення. Не ведаю чаму, але адчуваю, што мне прыемна было-б панесці адсюль які-небудзь каменьчык з золатам ці нават самародак фунцікаў так на дваццаць вагой...
— А што-б вы зрабілі з ім, дарагі Паганель? — запытаў Гленарван.
— О, я-б знаў, што з ім рабіць,— адказаў вучоны.— Я аддаў-бы яго Французскаму банку...
— На ўспамін?
— Вядома. З тым, каб мне там адкрылі бягучы рахунак.
Усе пасмяяліся з таго, як Паганель збіраўся ашчаслівіць сваю бацькаўшчыну, а Элен пажадала яму знайсці самы большы самародак у свеце.
Са смехам і жартамі падарожнікі прагульваліся па капальнях золата.
Усюды працавалі рудакопы, спраўна, старанна, але без усякага захаплення.
Пасля двухгадзіннай прагулкі Паганель заўважыў больш-менш людскі шынок і прапанаваў сваім спадарожнікам зайсці туды і адпачыць перад зваротам у караван.
Элен згадзілася, але таму што нязручна было сядзець, у шынку нічога не беручы, то Паганель загадаў падаць які-небудзь з мясцовых напіткаў.
Шынкар адразу падаў кожнаму па кубку ноблера. Ноблер па сваіх састаўных частках нічым не адрозніваецца ад англійскага грога, і розніца паміж імі толькі ў спосабе прыгатавання: у той час як у Брытаніі грог гатуюць, наліваючы невялікі кілішак спірту ў вялікую шклянку з вадой, тут невялікі кілішак вады наліваюць у вялікую шклянку са спіртам. Гэта быў чыста аўстралійскі напітак, але шынкара здзівіла, калі госці патрабавалі вялікі графін вады і сапсавалі ноблер, зрабіўшы з яго звычайны англійскі грог.
Гаварылі пра руднікі і рудакопаў. Паганель быў вельмі здаволены ўсім, што бачыў, але сцвярджаў, што спектакль быў куды цікавейшым у той час, калі гару Александра толькі яшчэ пачыналі распрацоўваць адзіночкі-шукальнікі золата.
— На зямлі,— расказваў ён,— былі выкапаны ямы і ў ёй поўзалі людзі, нібы мурашкі. Усе эмігранты-рудакопы працавалі, як сапраўдныя мурашкі, але, на жаль, не праяўлялі мурашкавай прадбачлівасці. Здабытае ўдзень золата ноччу марна трацілі на гульбу. Яго прапівалі, яго прагульвалі ў карты. Шынок, дзе мы зараз сядзім, быў «сапраўдным пеклам», як казалі ў той час. Гульня ў карты ці косці часта канчалася разнёй. Паліцыя была бездапаможная, і не раз губернатару калоніі даводзілася выклікаць армію для ўціхамірання разбуяненых шукальнікаў золата. Аднак урэшце ён здолеў уціхамірыць іх: абавязаў кожнага браць пасведчанне на права распрацоўкі капалень і плаціць за іх, так што ўвогуле тут было нават менш непарадкаў, чым на капальнях Каліфорніі.
— Ці кожны зможа стаць рудакопам? — запытала Элен.