— Не, Роберт, ты памыляешся,— адказаў географ.— Багатыя на золата краіны ніколі не былі шчаслівымі. Іх засяляюць дармаеды і гультаі. Прыпомні Мексіку, Бразілію, Каліфорнію, што стала з гэтымі краінамі ў дзевятнаццатым стагоддзі. Шчаслівыя краіны, мой хлопчык, не тыя, што багатыя на золата, а тыя, якія багатыя на жалеза!
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
"Аўстралійская і новазеландская газета"
Другога студзеня досвіткам падарожнікі пераехалі цераз граніцу золатаносных раёнаў і акругі Тальбот. Зараз фургон каціўся па пыльнай глебе акругі Дальхоуз. Апоўдні яны перайшлі ўброд Кольбаан, і Кемпейсп-Рывер пад 144° 35' і 144° 45' даўгаты. Экспедыцыя ўжо прайшла поўдарогі. Яшчэ пятнаццаць дзён такога шчаслівага падарожжа, і маленькі атрад дойдзе да берагоў бухты Туфольда.
Усе ўдзельнікі экспедыцыі былі зусім здаровыя. Абяцанні Паганеля наконт здаровага клімата збываліся. Ніякай сырасці, зусім цярпімая спёка. Коні і быкі таксама былі ў добрым стане.
Пачынаючы ад Кэмдэн-Брыджа паходны строй каравана крыху змяніўся. Пасля таго, як Айртон даведаўся пра прычыны крушэння поезда, ён настаяў прыняць некаторыя меры перасцярогі, якія да таго часу былі непатрэбныя.
Коннікі не павінны былі ні ў якім выпадку ад'язджаць далёка ад фургона. У часе адпачынку заўсёды хто-небудзь павінен быў стаяць на варце. Кожную раніцу і кожны вечар зброя нанава зараджалася. Не было сумнення, што ў правінцыі арудавала шайка бандытаў, і хоць прамой пагрозы каравану не было, трэба было быць падрыхтаванымі да ўсякіх нечаканасцей.
Няма чаго і гаварыць, што ўсе гэтыя меры перасцярогі былі прыняты без ведама Элен і Мэры Грант, якіх Гленарван не хацеў палохаць.
Падарожнікі, вядома, зрабілі вельмі добра, рыхтуючыся такім чынам да ўсякіх выпадковасцей. За неасцярожнасць і бесклапотнасць можна было заплаціць вельмі дорага. Аднак, не аднаго толькі Гленарвана трывожыла з’яўленне шайкі. У адзінокіх паселішчах, на станцыях скватэры і абываталі таксама прымалі меры для абароны ад раптоўнага нападу. Дамы́ наглуха замыкаліся нанач, і сабак спускалі з ланцугоў. Пастухі, якія прыганяюць нанач у загароды гурты жывёлы, былі ўсе ўзброены карабінамі. Вестка аб злачынстве каля Кэмдэн-Брыджа прымусіла не аднаго каланіста, які да таго часу спаў з насцеж адчыненымі вокнамі і дзвярыма, добра правяраць усе завалы і замкі перад надыходам змроку.
Зашавяліліся і каланіяльныя ўлады. У раёны былі накірованы атрады тубыльнай жандармерыі. Тэлеграф па ўсёй лініі ахоўваўся вайсковымі часткамі. Раней пошта перавозілася па бязлюдных дарогах, без усякай аховы. А ў гэты дзень, калі атрад Гленарвана пераязджаў цераз шасейную дарогу з Кільмора ў Хіткот, міма праімчалася ў воблаках пылу паштовая карэта, і ўнутры яе Гленарван убачыў узброеных карабінамі паліцэйскіх. Можна было падумаць, што вярнуліся тыя сумныя часы, калі адкрыццё першых залатых капалень, як магнітам, прыцягнула ў Аўстралію ўвесь зброд і лішніх людзей еўрапейскага грамадства.
За мілю ад кільморскага шасе фургон прыехаў у засень гаю гіганцкіх дрэў. Упершыню за ўвесь час падарожжа ад мыса Бернуілі атрад Гленарвана ўбачыў узлесак аднаго з тых аўстралійскіх лясоў, якія займаюць плошчу на многа градусаў.
Ва ўсіх вырваўся з грудзей крык захаплення, калі ўбачылі эўкаліпты, якія дасягаюць двухсот футаў у вышыню, з губкаватай карой таўшчынёй у пяць дзюймаў. Іх гладкія ствалы ў дваццаць футаў у абхопе падымаліся на сто пяцьдзесят футаў уверх, прычым ні сучок, ні галінка не парушалі іх ідэальнай простасці. Яны не былі-б гладчэйшымі, каб іх абточвалі на такарным варштаце. Гай эўкаліптаў уяўляўся воку бясконцым радам аднолькавых калон, якія ідуць у далёкі прастор. На вялікай вышыні калоны гэтыя заканчваліся кронай галля, на канцы якога расло лісце. Каля асновы лісцяў дзе-ні-дзе відаць былі адзінокія кветкі, якія сваёй формай нагадвалі перакуленыя урны.
Вецер вольна разгульваў пад гэтым вечна зялёным скляпеннем. Бесперапынныя подыхі паветра не давалі вільгаці збірацца ў глебе. Коні, стады быкоў, калёсы вольна маглі праходзіць між шырока расстаўленымі дрэвамі. Тут не было ні непраходных гушчароў, ні першабытных зараснікаў з паваленымі дрэвамі і густымі пераплётамі паўзучых раслін, у якіх толькі агонь і жалеза могуць працерабіць падарожніку дарогу. Зялёны дыван унізе дрэў, зялёныя кроны ўверсе, доўгая перспектыва высокіх прамых ствалоў, амаль поўная адсутнасць ценю і халадку, дзіўнае асвятленне, нібы праменні святла праходзілі праз рэдкую тканіну,—усё гэта разам узятае надавала незвычайны выгляд гэтаму лесу, які нічым не падобны на лясы Старога і Новага Свету. Эўкаліпт, «тара», як яго называюць тубыльцы, належыць да сямейства міртавых. Адсутнасць ценю пад густым галлём эўкаліптаў тлумачыцца дзіўнай анамаліяй[68] у размяшчэнні лісцяў. Яны павернуты к сонцу не сваёй паверхняй, а рабром. Вока бачыць гэта незвычайнае лісце толькі ў профіль. Таму вось сонечныя праменні і праходзяць праз лісцё, як праз паднятую рашотку жалюзі.