Элен і Мэры Грант вышлі з фургона і падышлі да тубыльцаў. Яны ласкалі дзяцей і давалі есці галодным мужчынам і жанчынам, якія з прагнасцю знішчалі ежу. Асаблівы жаль у падарожніц выклікалі жанчыны-тубылькі. Няма на свеце больш цяжкай долі, чым для аўстралійкі; прырода-мачыха адмовіла ёй нават у нязначнай частцы прывабнасці; гэта раба, якую будучы муж забірае сілай, і замест вясельнага падарунка па звычаю яна атрымлівае толькі палачныя ўдары ад свайго новага гаспадара. Галоўная цяжкасць клопатаў вандроўнага жыцця кладзецца на яе; яна ўсюды цягае за сабой дзяцей, закруціўшы іх у трысцёвую мату; яна пераносіць з месца на месца паляўнічыя і рыбацкія прылады і запасы расліны phormium tenax, з якой пляце сеткі. На яе абавязку ляжыць пракарміць усю сям’ю; яна павінна лавіць яшчарак, апасумаў і гадзюк, яна збірае галлё для вогнішча, яна абдзірае кару для шалаша; як уючная: небарака-жывёла, яна не мае ніколі адпачынку; яна есць пасля свайго гаспадара, даядаючы аб’едкі, якімі ён пагрэбаваў. Нядзіўна, што пры такім жыцці старасць — заўчасная, жахлівая — насцігае аўстралійку ў першыя-ж гады пасля замужжа.
У гэтую хвіліну некаторыя з гэтых небарак, відаць, ужо даўно пазбаўленыя яды, стараліся злавіць птушак, прынаджваючы іх зярнятамі. Яны ляжалі на распаленай сонцам зямлі, нібы нежывыя, цэлымі гадзінамі чакаючы, пакуль ашуканая іх нерухомасцю птушка не сядзе сама к ім на руку. Іншых спосабаў як лавіць птушак яны не ведалі, і трэба быць аўстралійскай птушкай, каб трапіць у такую няхітрую пастку.
Між тым, супакоеныя мірнымі і зычлівымі адносінамі падарожнікаў аўстралійцы з усіх бакоў абступілі фургон, і зараз даводзілася ахоўваць запасы ад раскрадання. Іх гаворка складалася з сыкання і ляскання языком. Слова «нокі, нокі» гаварылася ўсё часцей і суправаджалася такімі выразнымі жэстамі, што падарожнікі ўрэшце зразумелі яго значэнне: «дай, дай». Гэта «дай, дай» тычылася літаральна ўсяго, што бачылі беднякі. Містэру Ольбінету давялося ўвесь час сцерагчыся, каб захаваць багаж і асабліва запасы правіянту.
Па просьбе Элен, Гленарван загадаў Ольбінету раздаць крыху прадуктаў тубыльцам. Яны, відавочна, зразумелі сэнс яго загаду, і ўдзячнасць іх была такой вялікай, што кранула-б самога чорствага чалавека.
Містэр Ольбінет, будучы чалавекам выхаваным, хацеў спачатку накарміць жанчын. Але гэтыя няшчасныя стварэнні не адважваліся дакрануцца да яды, пакуль не наеліся іх лютыя мужы. Мужчыны накінуліся на сухары і сушанае мяса, як звяры на здабычу.
Мэры Грант падумала, што яе бацька магчыма знаходзіцца ў палоне ў такіх-жа дзікіх тубыльцаў, і слёзы набеглі на яе вочы. Яна адразу ўявіла пакуты, якія павінен быў зазнаць такі чалавек, як Гары Грант, стаўшы рабом вандроўнага племені.
Джон Мангльс, які не зводзіў з яе вачэй, угадаў яе думкі і звярнуўся да былога боцмана «Брытаніі»:
— Айртон, вы былі ў палоне ў такіх самых дзікуноў?
— Так, капітан,— адказаў той,— усе гэтыя плямёны ўнутранай Аўстраліі падобны адно на адно. Толькі вы бачыце перад сабой нікчэмную групку людзей, у той час як на берагах Дарлінга жывуць многалюдныя плямёны, на чале з магутнымі і моцнымі правадырамі.
— Але што-ж можа рабіць еўрапеец у такіх дзікуноў? — запытаў Джон Мангльс.— Нашто ён ім патрэбен?
— Еўрапеец ходзіць на паляванне і вудзіць рыбу разам з дзікунамі, як гэта рабіў я,— адказаў Айртон,— прымае ўдзел у бойках. Я ўжо гаварыў вам, што абыходжанне з ім залежыць ад паслуг, якія робіць ён племені, і калі гэта адважны і разумны чалавек, дык ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод тубыльцаў.
— Але застаецца палонным? — сказала Мэры Грант.
— Так. За ім пільна сочаць, не зводзячы позірку ні ўдзень, ні ноччу,— адказаў Айртон.
— Аднак вам, Айртон, удалося ўцячы? — уступіў у гутарку маёр Мак-Набс.
— Толькі таму, што племя, якое ўзяло мяне ў палон, было занята бітвай з суседнім племенем. Я ўцёк. Праўда. І я не каюся, што ўцёк. Але каб мне прапанавалі паўтарыць усё спачатку, сапраўды, я, здаецца, аддаў-бы перавагу вечнаму рабству тым катаванням, якія я перацярпеў, вандруючы па пустынях унутранай Аўстраліі. Ад усяго сэрца спадзяюся, што капітан Грант не адважыўся на гэты бязглузды ўчынак!
— Вы бачыце самі, міс Мэры,— сказаў капітан,— што мы павінны жадаць, каб капітан Грант быў у палоне. К таму-ж у гэтым выпадку нам лягчэй будзе знайсці яго сляды, чым калі-б ён уцёк і бадзяецца па лясах мацерыка.
— Вы спадзяецеся яшчэ на тое, што мы яго знойдзем? — запытала маладая дзяўчына.
— Я спадзяюся, міс Мэры, што хутка настане дзень, калі я ўбачу вас шчаслівай.
Вільготнымі вачыма Мэры ўдзячна зірнула на маладога капітана.
Між тым тубыльцаў ахапіла нейкае неразумелае ўзрушанне. Яны голасна ўскрыквалі, разбягаліся ў розныя бакі, хапалі зброю і, здавалася, ашалелі.
Гленарван ніяк не мог зразумець, што з імі робіцца. Маёр, таксама зацікаўлены дзіўнымі паводзінамі дзікуноў, звярнуўся да Айртона:
— Вы прабылі столькі часу сярод аўстралійцаў, можа вы растлумачыце нам, якая муха іх укусіла?
— Я не ведаю іх мовы, таму што тут столькі-ж дыялектаў, колькі плямёнаў, але ўсё-ж паспрабую.