Падарожнікі дайшлі да канца прысадаў і апынуліся перад прыгожым мастком цераз гаманлівы ручаёк: мост вёў у парк пры доме. Па той бок маста іх сустрэў благаабразны ўпраўляючы братоў Патэрсон і шырока расчыніў перад імі дзверы гэтага скромнага на выгляд доміка.
Першае ўражанне ад убрання пакояў ашаламіла падарожнікаў. Раскоша ад багацця спалучалася тут з прыгожасцю, даступнай толькі далікатнаму, артыстычнаму густу. Пярэдняя, упрыгожаная паляўнічымі трафеямі і зброяй, вяла ў вялікую залу з пяццю вокнамі. Тут стаялі заваленыя старыннымі і сучаснымі партытурамі раяль, мальберты з незакончанымі карцінамі, кансолі з мрамарнымі статуямі; некалькі карцін фламандскіх мастакоў віселі на сценах, абітых габеленамі[71] з павабнымі сцэнамі на міфалагічныя сюжэты; раскошныя персідскія дываны засцілалі падлогу, зусім заглушаючы крокі; старынная люстра звісала са столі; дарагі фарфар, безліч прыгожых цацак, падабраных з найвялікшым густам, былі раскіданы па ўсёй зале. Абсталяванне гэтага пакоя сведчыла аб выдатным гусце і артыстычных нахілах уладароў дома. Цяжка было ўявіць, што знаходзішся не ў якім-небудзь княжаскім палацы ў Францыі ці Англіі, а ў сэрцы глухой аўстралійскай пустыні.
Пяць акон, завешаных фіранкамі, прапускалі ў пакоі мяккае поўсвятло. Элен падышла к акну. Цудоўная панарама зачаравала яе: такая прыгажосць!
Вокны выходзілі на шырокую раўніну, якая цягнулася да самага падножжа гор. Чаргаванне палёў і лясоў, якія замыкаліся на гарызонце павабнай хвалістай лініяй узгоркаў, надавала гэтаму пейзажу неапісальную прыгажосць. Ні адзін куточак зямнога шара не быў прыгажэй гэтай даліны, нават славутая Райская даліна ў Тэлемарку ў Нарвегіі. Грандыёзная панарама, якая рассцілалася перад вокнамі залы, штогадзінна мяняла свой выгляд, па меры таго, як уздым сонца к зеніту ўвесь час мяняў размяшчэнне светацені на зямлі. Зачараваны позірк не мог адарвацца ад гэтай неапісальнай прыгажосці.
Між тым па загаду Сэндзі Патэрсона метр-д’отэль згатаваў снеданне, і праз чвэрць гадзіны падарожнікі ўжо сядзелі за раскошна ўбраным сталом. Якасць страў і він была надзвычай высокая, і згаладалыя падарожнікі не прымушалі, каб іх упрашвалі.
Маладыя гаспадары, даведаўшыся пра мэту экспедыцыі Гленарвана, прынялі гарачы ўдзел у абмеркаванні яе планаў і надалі новую надзею дзецям капітана Гранта.
— Ясна, што Гары Грант трапіў у палон к тубыльцам,— сказаў Майкель Патэрсон,— інакш ён безумоўна дабраўся-б да якога-небудзь пасёлка на ўзбярэжжы. Мяркуючы па кінутаму ў ваду дакументу, ён добра ведаў сваё месцазнаходжанне, і калі ён пры гэтых умовах не знайшоў прытулку ў бліжэйшай англійскай калоніі, дык гэта азначае, што ў першыя-ж гадзіны прабывання на зямлі яго забралі ў палон тубыльцы.
— Такая-ж самая гісторыя здарылася з яго боцманам, Айртонам,— сказаў Джон Мангльс.
— Дарэчы, містэр Патэрсон, ці не чулі вы пра катастрофу «Брытаніі»? — запытала Элен.
— Нічога не чуў,— адказаў Сэндзі.
— А што, на ваш погляд, чакае капітана Гранта ў палоне ў аўстралійцаў?
— Аўстралійцы — нялюты народ,— адказаў малады чалавек.— Міс Грант можа быць зусім спакойнай. Мы ведаем шмат выпадкаў ціхамірнасці іх характару. Многія еўрапейцы, якія доўга жылі сярод іх, сцвярджаюць, што з імі добра абыходзіліся.
— У прыватнасці, гэта гаварыў і Кінг, адзіны жывы ўдзельнік экспедыцыі Бёрка,— сказаў Паганель.
— І не толькі гэты адважны даследчык,— адказаў Сэндзі Патэрсон,— але і англійскі салдат Буклей, які збег у
Порт-Філіп у 1803 годзе і прабыў трыццаць тры гады сярод тубыльцаў.
— Апошні нумар. «Аўстралазіі»,— дадаў Майкель Патэрсон,— якраз расказвае пра нейкага Морыля, які звярнуўся на бацькаўшчыну пасля шаснаццацігадовага палону. Лёс капітана Гранта надзвычай нагадвае яго лёс. Морыля ўзялі ў палон на беразе, на тым самым месцы, дзе з яго караблём «Перувіянка» здарылася крушэнне ў 1846 годзе. Тубыльцы адразу завялі яго ў глыб краіны і там трымалі пад пільнай аховай. Я ўпэўнены, што вы маеце права спадзявацца на шчаслівы канец экспедыцыі.
Гэтыя словы маладых скватэраў бясконца ўзрадавалі падарожнікаў, бо цалкам супадалі са сцвярджэннямі Айртона і Паганеля. Пасля снедання, калі дамы ўсталі з-за стала[72], гутарку перавялі на катаржнікаў. Скватэры чыталі аб кэмдэн-брыджскім злачынстве, але з’яўленне шайкі бандытаў ані не ўстрывожыла іх. Дый цяжка было чакаць, што нікчэмная кучка зламыснікаў асмеліцца напасці на станцыю, персанал якой складаўся з ста чалавек. Апрача таго мала праўдападобнасці было ў тым, што яны забяруцца ў гэту глухую пустыню, дзе, уласна кажучы, няма чым пажывіцца, або накіруюцца ў бок Новага Паўднёвага Уэльса, дарогі якога пільна ахоўваюцца ваеннымі. Такая, прынамсі, была думка Айртона.
Гленарван, уступаючы просьбам ласкавых гаспадароў, даў згоду прабыць увесь дзень на станцыі. Гэтыя дванаццаць гадзін спазнення павінны былі ператварыцца ў дванаццаць гадзін адпачынку, і не толькі для падарожнікаў, але і для коней і быкоў, якія выгодна размясціліся ў прасторных стайнях станцыі.