Атрымаўшы згоду Гленарвана, маладыя людзі прапанавалі сваім гасцям цэлую праграму забаў, якая была прынята з энтузіязмам.
Апоўдні сем пародзістых коней ужо чакалі падарожнікаў каля пад’езду дома. Для дам падалі элегантны экіпаж. Коннікі, узброеныя прыгожымі паляўнічымі стрэльбамі, ехалі побач з экіпажам, у той час як некалькі пайнтэраў, спушчаных з ланцугоў, імчалася ўперадзе, радасна брэшучы.
На працягу чатырох гадзін кавалькада лятала галопам па прысадах і палях станцыі, па сваіх памерах большай ў некалькі разоў, чым рад германскіх дзяржаў. Калі ў ёй было менш жыхароў, чым у нямецкіх княствах, дык авечак, ва ўсякім выпадку, было многа больш. Што да дзічыны, дык цэлая армія загоншчыкаў у Еўропе не загнала-б такой колькасці яе, якую бачылі тут паляўнічыя. Таму нядзіўна, што стрэлы не сціхалі на вялікую трывогу мірных чатырохногіх насельнікаў лясоў і раўнін.
Роберт, едучы побач з Мак-Набсам, тварыў цуды. Смелы хлопчык, насуперакі просьбам сястры, увесь час быў уперадзе ўсіх і заўсёды страляў першым. Але Джон Мангльс абяцаў сачыць за ім, і Мэры Грант супакоілася.
У часе аблавы паляўнічыя застрэлілі некалькі жывёл, якія вядуцца ў гэтай мясцовасці і пра якія нават Паганель ведаў толькі па назве. У ліку іншых былі забіты уомбэт і бэндыкут.
Уомбэт — траваядная жывёла, ростам з авечку і з вельмі смачным мясам.
Бэндыкут — сумчатая жывёла. Гэта закляты вораг птушыных двароў, і ён дасць сто ачкоў наперад еўрапейскім лісіцам як майстра рабункаў птушыных двароў. Гэта даволі агідлівая на выгляд жывёла даўжынёй у паўтара фута была застрэлена Паганелем. Паляўнічы гонар прымусіў вучонага назваць гэтага вырадка прыгажуном.
— Гэта ачаравальны звярок! — паўтараў ён.
Роберт у ліку іншых сваіх трафеяў мог ганарыцца трапна застрэленай дазіурай, рознавіднасцю лісіцы з чорнай густой поўсцю, усыпанай белымі кропелькамі. Апрача таго ён забіў пару апасумаў, якія хаваліся ў густым лісці вялікага дрэва.
Аднак найбольшую цікавасць мела паляванне на кенгуру. Каля чатырох гадзін папоўдні, сабакі паднялі чараду гэтых цікавых сумчатых жывёл. Дзеці паспешна залезлі ў мацярынскія сумкі, і ўся чарада, выстраіўшыся ланцужком, паімчалася прэч ад паляўнічых. Няма нічога больш дзіўнага, як бег гэтай жывёлы, якая падавалася ўперад вялікімі скачкамі.
Наперадзе стада бег самец ростам у пяць футаў. Гэта быў выдатны экземпляр macropus giganteus «стары», як кажуць тубыльцы.
Праследаванне прадаўжалася на працягу чатырох-пяці міль. Кенгуру зусім не стаміліся, а сабакі, якія не без падставы баяліся іх дужых лап, узброеных вострым кіпцюром, не адважваліся нападаць на іх. Але ўрэшце стомленыя жывёлы спыніліся, і «стары», прыпёршыся спіной да ствала дрэва, падрыхтаваўся да абароны. Адзін пайнтэр з разгону наляцеў на яго. Праз секунду, няшчасны сабака перакінуўся ў паветры і ўпаў на зямлю з распоратым жыватом. Ясна было, што нават усёй зграі сабак не ўправіцца з гэтай дужай жывёлай. Толькі кулі маглі перамагчы велізарных звяроў.
У гэтую хвіліну Роберт ледзь не стаў афярай уласнай неасцярожнасці. Жадаючы лепш нацэліцца, ён так блізка падышоў к «старому», што раз’юшаная жывёла адным скокам наляцела на яго і паваліла на зямлю. Мэры Грант дзіка закрычала і ў роспачы выцягнула рукі ў напрамку к брату.
Ніхто з паляўнічых не адважыўся страляць у жывёлу, баючыся папасці ў хлопчыка.
Джон Мангльс, выхапіўшы нож, рызыкуючы ўласным жыццём, кінуўся на кенгуру і нанёс яму страшэнны ўдар нажом у сэрца. Жывёла ўпала нежывой. Роберт устаў непашкоджаны, без адзінага шраму. Праз секунду яго ўжо абнімала сястра.
— Дзякуй, Джон! Дзякуй! — усклікнула Мэры, падаючы руку маладому капітану.
— Я паручыўся перад вамі за яго,— адказаў Джон Мангльс, паціскаючы дрыжачую руку Мэры Грант.
Гэты выпадак паслужыў сігналам к канцу палявання. Стада сумчатых жывёл разбеглася ва ўсе бакі пасля пагібелі свайго правадыра, тушу якога загоншчыкі заняслі на кухню.
Было ўжо каля шасці гадзін вечара. Паляўнічых чакаў раскошны абед. У ліку іншых страў на стол падалі бульён з хваста кенгуру, згатаваны па-аўстралійску. Страва гэта была прызнана ўсімі дасканалай на смак.
Пасля марожанага і шэрбету[73], паданых на дэсерт, усе перайшлі ў залу. Вечар быў прысвечаны музыцы. Выдатная піяністка Элен прапанавала акампанаваць маладым скватэрам. Майкель і Сэндзі выканалі з вялікім пачуццём рад урыўкаў з твораў Гуно, Віктара Масэ, Феліс’ена Давіда і нават з партытур незразуметага генія — Рыхарда Вагнера.
А адзінаццатай гадзіне падалі чай; падаванне і гатаванне яго адрознівалася той асобай англійскай дабротнасцю, якой не сустрэнеш ні ў аднаго народу. Але Паганель захацеў паспрабаваць аўстралійскага чаю, і яму падалі чорную, як чарніла бурду — літр вады, у якой чатыры гадзіны гатавалася поўфунта чаю. Паганель, стрымліваючы міну агідлівасці, назваў гэты напітак надзвычайным.
К поўначы госці разышліся па прызначаных для іх пакоях і, лежачы на чыстай бялізне, успаміналі аб перажытых пацехах.