Ніхто не мог заснуць. Гутарка пераходзіла з тэмы на тэму. Толькі адзін маёр, нядоўгай адлучкі якога ніхто не заўважыў, маўчаў і слухаў. Дождж не сціхаў, і падарожнікі баяліся, каб рака Сноуі не вышла з берагоў. У гэтым выпадку становішча фургона, які загруз у ліпкай гразі, было-б крытычным. Таму Джон Мангльс, Мюльрэдзі і Айртон штохвілінна бегалі да ракі, каб праверыць яе ўзровень, і варочаліся ў фургон, прамокшы да ніткі. Урэшце зусім развіднела. Дождж перастаў, але праменні сонца не маглі прабіць густой заслоны воблакаў. На зямлі стаялі лужы бруднай вады, сапраўдныя азёры. Цёплае выпарэнне гэтых лужын насычала атмасферу нездаровай вільготнасцю.
Гленарван перш за ўсё пачаў аглядаць фургон — гэта было самае галоўнае. Ён глыбока загруз у балоце жоўтай ліпкай гліны. Перадок амаль увесь уехаў у зямлю да самых козлаў. Было ясна, што выцягнуць гэту цяжкую махіну ўдасца хіба толькі агульнымі намаганнямі ўсіх жывёл і людзей.
— Трэба паспяшацца,— заўважыў Джон Мангльс.— Калі гліна высахне, будзе яшчэ цяжэй выцягнуць фургон.
— Ваша праўда,— сказаў Айртон,— гэта трэба зрабіць зараз-жа.
Гленарван, абодва матросы, Джон Мангльс, і Айртон пайшлі на палянку ў лесе, дзе жывёла пасвілася ўсю ноч. Лес з камедных дрэў меў змрочны выгляд. Тут быў толькі сухастой з абадранай карой. У двухстах футах над зямлёй тырчэла яго высахлае голае галлё. Ні аднаго птушынага гнязда не было на гэтых драўляных шкілетах, ні адзін лісцік не шапацеў на сухіх галінках, якія пастуквалі пры нязначным подыху ветра, як косці. Што выклікае гэты даволі часты ў Аўстраліі фенамен: цэлыя лясы гінуць ад нейкай эпідэміі? Гэта невядома. Ні старыкі-тубыльцы, ні іх продкі ніколі не бачылі гэтага лісця зялёным. Спрадвеку стаіць гэты могільнік дрэў.
Гленарван, ідучы лесам, часта паглядаў на зацягнутае хмарамі неба, на фоне якога рэзка вырысоўвалася сухое галлё дрэў. Айртон здзівіўся, не знайшоўшы коней і быкоў на тым месцы, дзе ён учора пакінуў іх. Але стрыножаная жывёла не магла зайсці далёка, і падарожнікі пачалі шукаць іх усюды.
Айртон час ад часу зваў быкоў добра вядомым ім крыкам. Але ніхто і нішто не адказвала на яго. Былы боцман выглядаў вельмі заклапочаным. Яго спадарожнікі трывожна пераглядваліся. Дарэмна шукалі ўжо каля гадзіны, і Гленарван збіраўся варочацца к фургону, як раптам недзе далёка заіржалі коні. Услед за імі зарыкалі быкі.
— Яны там! — усклікнуў Джон Мангльс і пабег у гушчар gastrolobium, за высокай сцяной якіх магло схавацца цэлае стада.
Гленарван, Мюльрэдзі і Айртон пабеглі ўслед за ім. Што-ж яны ўбачылі?
Чатыры быкі і тры кані ўжо ляжалі на зямлі; яны здохлі ад той-жа эпідэміі. Іх трупы былі ўжо халодныя, і каршуны выклёўвалі ім вочы.
Гленарван і яго спадарожнікі пераглянуліся. Мюльрэдзі не мог стрымацца, каб не вылаяцца па-матроску.
— Гэта не дапаможа нам, Мюльрэдзі! — сказаў Гленарван, ледзь захоўваючы спакой.— Айртон,— дадаў ён,— вядзіце ў лагер уцалелых быка і каня. Прыдзецца ім рабіць работу за ўсіх!
— Каб фургон не загруз,— сказаў Джон Мангльс,— гэта пара змагла-б памаленьку, робячы кароткія пераходы, дацягнуць яго да ўзбярэжжа. Трэба ва што-б та ні стала выцягнуць гэты пракляты фургон!
— Паспрабуем зрабіць гэта, Джон,— адказаў Гленарван.— Ідзем хутчэй у лагер. Там, мабыць, ужо ўстрывожыліся, што нас так доўга няма.
Айртон распутаў быка, Мюльрэдзі — каня, і ўсе пайшлі ў лагер берагам ракі.
Праз поўгадзіны Паганель, Мак-Набс і абедзве падарожніцы ўжо ведалі аб усім.
— Яй-права,— заўважыў маёр,— шкада, што вы не загадалі перакаваць усіх быкоў і коней гэтаму блэк-пойнцкаму кавалю.
— Чаму, пане маёр? — запытаў Айртон.
— Таму, што з усіх нашых коней застаўся жывым толькі той, якога перакаваў ваш каваль.
— Праўда,— сказаў Джон Мангльс.— Як дзіўна!
— Гэта не больш, як выпадковасць,— адказаў былы боцман, уважліва пазіраючы на маёра.
Мак-Набс сціснуў губы, як-бы стрымліваючы гатовыя сарвацца з языка словы. Гленарван, Джон Мангльс, Элен чакалі, што ён вытлумачыць сваю думку, але маёр, нічога не кажучы, пайшоў к фургону следам за Айртонам.
— Што-ж ён хацеў сказаць? — запытаў Гленарван у маладога капітана.
— Не ведаю,— адказаў той.— Толькі маёр не гаварыў-бы так, не маючы сур’ёзных падстаў.
— Правільна, Джон,— сказала Элен.—Відаць, Макс-Набс у нечым падазрае Айртона.
— У чым? — сказаў Паганель, паціскаючы плячыма.
— У чым? — паўтарыў Гленарван.— Няўжо ён лічыць Айртона вінаватым у пагібелі быкоў і коней. Але для якой мэты ён зрабіў-бы гэта?
— Ваша праўда, дарагі Эдуард,— сказала Элен.— Я дадам, што з самага пачатку падарожжа Айртон неаднаразова даводзіў нам сваю адданасць.
— Правільна,— адказаў Джон Мангльс,— але што ў такім выпадку хацеў сказаць маёр? Я не супакоюся, пакуль не высветлю гэтага.
— Няўжо ён лічыць яго хаўруснікам катаржнікаў? — неасцярожна выпаліў Паганель.
— Якіх катаржнікаў? — запытала Мэры Грант.
— Паганель памыліўся,— жвава сказаў Джон Мангльс.— Ён добра ведае, што ніякіх катаржнікаў няма ў правінцыі Вікторыя.