— Праўда, праўда! — сказаў Паганель, імкнучыся загладзіць сваю памылку.— Дзе была мая галава? Катаржнікі! Ха-ха! Ды пра іх ніхто і не чуў у Аўстраліі. Апрача таго, ледзь ступіўшы на бераг, яны ўжо становяцца прыстойнымі людзьмі,— такі тут клімат! Памятаеце, міс Мэры, я вам пра гэта гаварыў?
Небарака-вучоны, імкнучыся выправіць сваю памылку, рабіў, як фургон,— ён усё глыбей загрузаў! Элен не зводзіла з яго позірку, і гэта канчаткова пазбавіла яго стрыманасці. Не жадаючы праз сілу выпытваць у яго прызнання, Элен узяла Мэры пад руку і павяла яе к палатцы, дзе містэр Ольбінет расстаўляў на стол снеданне па ўсіх правілах майстэрства.
— Каб мяне чорт узяў! Я, здаецца, сам варты катаргі! — з гаркотай прамармытаў Паганель.
— Ваша праўда,— адказаў суха Гленарван.
І, знішчальна зірнуўшы на незадачлівага вучонага, пайшоў к фургону разам з Джонам Мангльсам.
Айртон і абодва матросы ў гэты час спрабавалі выцягнуць цяжкую калымагу з дрыгвы. Конь і бык, запрэжаныя ў пару, намагаючы ўсе сілы, цягнулі яе з ямы. Іх мускулы ўздуліся так, што, здавалася, вось-вось лопнуць. Вільсон і Мюльрэдзі выцягвалі колы, у той час як Айртон крыкам і дубінай падганяў жывёлу. Але цяжкі фургон не кратаўся з месца. Засохлая гліна замуравала яго мацней, чым цэмент.
Джон Мангльс загадаў паліць гліну вадой, каб яна размякла. Але гэта аказалася дарэмным. Фургон, як раней, не кратаўся з месца. Пасля доўгіх намаганняў людзі і жывёла спынілі дарэмную работу. Трэба было разабраць фургон на часткі, або адмовіцца ад думкі выцягнуць яго. Але разабраць яго можна было толькі пры дапамозе інструментаў, а іх не было.
Між тым Айртон, жадаючы ва што-б та ні стала дабіцца поспеху, хацеў пачаць зноў, але Гленарван, стрымаў яго.
— Будзе, Айртон, будзе! Трэба пашкадаваць быка і каня. Яны нам яшчэ спатрэбяцца, калі мы кранемся ў дарогу: бык панясе багаж, а конь павязе жанчын.
— Слухаю, сэр,— адказаў былы боцман і пачаў распрагаць знясіленую жывёлу.
— А цяпер, сябры,— сказаў Гленарван,— вернемся ў лагер, абмяркуем наша становішча і намецім план дзеянняў на будучае.
Добра паснедаўшы, падарожнікі пачалі раіцца. Гленарван прапанаваў усім выказаць сваю думку.
Перш за ўсё трэба было дакладна вызначыць месцазнаходжанне лагера. Гэта было даручана Паганелю, які неўзабаве далажыў нарадзе аб выніках сваёй работы. Экспедыцыя, як ён сказаў, знаходзілася на 37° шыраты і 147° 53’ даўгаты, каля берагоў Сноўі-Рывер.
— Пад якім градусам даўгаты знаходзіцца бухта Туфольда? — запытаў Гленарван.
— Пад стопяцідзесятым,— адказаў Паганель.
— Значыцца, за два градусы і сем мінут, або ў...
— Або за семдзесят пяць міль адсюль...
— А Мельбурн?
— Не менш двухсот міль.
— Добра. Мы ведаем, дзе мы знаходзімся,— сказаў Гленарван,— зараз застаецца вырашыць, куды мы накіруемся.
Адказ быў аднадушны: неадкладна ісці к акіяну. Элен і Мэры сказалі, што яны не стомяцца, праходзячы па пяць міль у суткі. Адважных жанчын не палохала перспектыва нават пешкам прайсці ўсю адлегласць ад Сноўі-Рывер да бухты Туфольда.
— Але ці не знойдзем мы на ўзбярэжжы ўсё тое, што нам патрэбна? — запытаў Гленарван.
— Безумоўна,— адказаў Паганель.— Эдэм — гарадок, які існуе ўжо шмат гадоў. Яго порт павінен быць злучаны рэгулярнымі рэйсамі з Мельбурнам. Я нават думаю, што за трыццаць пяць міль адсюль, у гарадку Дэлегейце, на мяжы Новага Паўднёвага Уэльса, мы зможам купіць коней.
— А як з «Дунканам», сэр? — запытаў Айртон.— Ці не лічыце вы, што настаў час выклікаць яго ў бухту Туфольда?
— Што скажаце пра гэта, Джон? — запытаў Гленарван.
— Я думаю, што з гэтым няма чаго спяшацца,— адказаў, падумаўшы, малады капітан.— Ніколі не позна будзе паслаць Тому Аусціну загад прыбыць туды.
— Ясна,— пацвердзіў Паганель.
— Майце на ўвазе,—дадаў Джон Мангльс,— што праз чатыры-пяць дзён мы ўжо будзем у Эдэме.
— Праз чатыры-пяць дзён? — сказаў Айртон, паківаўшы галавой.— Скажыце лепш, праз пятнаццаць—дваццаць, калі вы не хочаце памыліцца.
— Дваццаць дзён на семдзесят пяць міль! — усклікнуў Гленарван.
— Не менш, сэр! Нам давядзецца цяпер ісці па самай дзікай частцы правінцыі Вікторыя, працярэбліваючы дарогу ў густым зарасніку хмызняка, дзе не маглі ўжыцца нават непераборлівыя скватэры. Кожны крок прыдзецца адваёўваць у хмызнякоў з сякерай у руках. Верце мне, пры гэтых умовах хутка не пойдзеш.
Айртон гаварыў упэўненым голасам. Паганель, на якога ўсе паглядзелі, кіўнуў галавой, пацвярджаючы яго словы.
— Дапускаю, што ваша праўда,— сказаў Джон Мангльс.— Што-ж, у гэтым выпадку, сэр, вы пашлеце загад майму памочніку не праз пяць, а праз пятнаццаць дзён.
— Я хачу, сказаць,— дадаў Айртон,—што галоўная затрымка не ў стане дарогі, а ад ракі. Нам прыдзецца чакаць тут, пакуль вада ў Сноуі-Рывер не спадзе, каб пераправіцца на той бераг.
— Чакаць спаду? — усклікнуў капітан Мангльс.— А чаму не пераправіцца ўброд?
— Таму што цяпер няма брода. Раніцой я ўжо шукаў яго, але дарэмна. Рэдка можна сустрэць тут у гэтую пару года такую шматводную раку, але калі сустрэлі — тут нічога не зробіш.
— А рака шырокая?—запытала Элен.