Выкрыццё здрадніцтва Айртона знішчала ўсякую надзею. Катаржнік выдумаў крушэнне, каб падвесці Гленарвана,— пра гэта зусім ясна гаварылі члены яго шайкі, гутарку якіх падслухаў Мак-Набс. З «Брытаніяй» ніколі не здаралася крушэння на рыфах бухты Туфольда! Гары Грант не ступаў нагой на аўстралійскі мацярык!
У другі раз адвольнае тлумачэнне зместу дакументаў штурхнула выратавальную экспедыцыю на няправільны шлях. Уявіўшы сабе створанае становішча і бачачы гора дзяцей капітана Гранта, усе змоўклі. Ніхто не знаходзіў для іх слоў уцехі. Роберт і Мэры плакалі, абняўшыся. Паганель разгублена мармытаў:
— О, злашчасны дакумент! Ты зноў ашукаў нас! Ты зноў падвёў пад небяспеку жыццё смелых і сумленных людзей!
І паважаны географ, абураючыся на самога сябе, так ярасна стукаў сябе кулаком па ілбу, нібы хацеў раструшчыць свой чэрап.
Між тым Гленарван вышаў з фургона і далучыўся да Мюльрэдзі і Вільсона, якія стаялі на варце. Глыбокая цішыня панавала ў гэтай даліне, акружанай ракой і ўзлескам. Цёмныя, густыя воблакі нізка звісалі над зямлёй. Сярод гэтай скутай прыроды найменшы гук быў-бы чуцен на вялікай адлегласці. Але навокал панавала мёртвая цішыня. Відавочна, Бен Джойс і яго банда адступілі на вялікую адлегласць. Гэта ўкосна пацвярджалася і паводзінамі птушак, якія ціхамірна пырхалі з ніжняга галля дрэў: каб паблізу хаваліся людзі, яны трымаліся-б інакш.
— Што здарылася за час вашай варты? — запытаў Гленарван у матросаў.
— Мы не заўважылі нічога падазронага,— адказаў Вільсон.— Катаржнікаў, напэўна, няма паблізу.
— Пэўна яшчэ не ўся шайка сабралася, і яны не адважваюцца напасці на нас,— дадаў Мюльрэдзі.— А можа Бен Джойс вырашыў завербаваць у сваю шайку новых адшчапенцаў, якія бадзяюцца каля падножжа Альп.
— Магчыма, Мюльрэдзі,— адказаў Гленарван.— Нягоднікі заўсёды баязлівыя. А яны ведаюць, што мы ўзброены і нядрэнна ўзброены. Але можа яны чакаюць ночы, каб зноў напасці? Давядзецца падвоіць пільнасць пасля захаду сонца. Ах, каб мы маглі выбрацца з гэтага балота ў стэп! Але дарэмна, уздым вады ў рацэ затрымлівае нас! Чаго-б я толькі не даў за плыт, на якім можна было-б перабрацца на той бераг ракі!
— Чаму-ж вы не загадаеце нам зрабіць гэты плыт? — запытаў Вільсон.—Дрэва-ж тут хапае!
— Не, Вільсон. Нічога не выйдзе. Сноуі не спакойная рака, а імклівы паток.
У гэту хвіліну да Гленарвана падышлі Джон Мангльс, географ і маёр. Яны якраз варочаліся з берагу Сноуі. Узровень вады яе падняўся за ноч яшчэ на адзін фут, і вада імчалася так шпарка, што не было чаго і думаць пра шчаслівую пераправу цераз раку на наспех зробленым плыце.
— Пераехаць цяпер нельга,— сказаў Джон Мангльс.— Аднак не варта сядзець тут склаўшы рукі. Тое, на што мы згадзіліся перад выкрыццём здрады Айртона, зараз трэба неадкладна выканаць.
— Пра што гэта вы, Джон? — запытаў Гленарван.
— Я кажу пра тое, што нам патрэбна дапамога, і калі мы не зможам трапіць у бухту Туфольда, тым больш у нас падстаў хутчэй паведаміць у Мельбурн. У нас застаўся адзін конь. Дайце мне яго, сэр, і я паеду ў Мельбурн.
— Не, Джон, гэта небяспечнае мерапрыемства,— запярэчыў Гленарван.— Не кажучы ўжо пра тое, што само па сабе двухсотмільнае падарожжа па дзікай краіне — трудная задача: банда Айртона, пэўна, ахоўвае ўсе сцежкі, каб перашкодзіць нам.
— Я і сам так думаю, сэр. Але заставацца ў такім становішчы немажліва. Айртон згаджаўся за сем дзён прывесці к берагу Сноуі нашых таварышоў з «Дункана».
Я абавязваюся зрабіць гэта самае за шэсць дзён. Так, сэр, патрэбна толькі ваша згода!
— Перш чым Гленарван скажа сваё слова,— уступіўся Паганель,— я павінен зрабіць адну заўвагу. У Мельбурн ехаць трэба, але толькі не Джону Мангльсу. Ён — капітан «Дункана» і не мае права рызыкаваць сабой. Я паеду замест яго.
— Правільна, Паганель! — сказаў маёр.— Але чаму вы?
— А мы нашто? — усклікнулі Вільсон і Мюльрэдзі.
— Няўжо вы думаеце, што мяне можа збянтэжыць перспектыва праехаць дзвесце міль на кані? — запытаў маёр.
— Добра, сябры мае,— сказаў Гленарван,— калі вы ўжо вырашылі, што ехаць у Мельбурн неабходна, няхай выпадак вырашыць каму ехаць. Паганель, напішыце нашы імёны.
— Толькі не ваша, сэр! — усклікнуў Джон Мангльс.
— Чаму? — запытаў Гленарван.
— Вы не маеце права пакінуць вашу жонку — гэта раз; ваша рана яшчэ не загаілася — гэта два.
— Гленарван,— падхапіў Паганель,— вы не маеце права пакінуць экспедыцыю.
— Так, Эдуард,— дадаў маёр,— ваша месца тут.
— Я не згодзен з вамі, сябры! Гэта не весяліцельная паездка. Яздок падпадае пад вялікую небяспеку, і я не саступлю свайго месца нікому. Напішыце і маё імя, і няхай выпадак вырашае.
Давялося падпарадкавацца яго патрабаванню. Імя Гленарвана было напісана разам з усімі астатнімі. Паперкі перамяшалі, і першай была выцягнута паперка з іменем Мюльрэдзі. Удалы матрос нават падскочыў ад радасці.
— Я гатовы, сэр! — сказаў ён.
Гленарван моцна паціснуў яму руку. Потым ён вярнуўся ў фургон, пакінуўшы Джона Мангльса і маёра на варце.