— Так, гэта мост з ліянаў,— адказаў Джон Мангльс.— Катаржнікі перабраліся цераз яго, але...
— Але?.. — паўтарыў Гленарван, адчуваючы новую бяду.
— Але яны спалілі яго за сабой,— адказаў Паганель.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Эдэм
Не час было прыходзіць у роспач. Трэба было дзейнічаць. Кэмпльпірскі мост ужо не існаваў, трэба было знайсці іншы спосаб пераправы цераз Сноуі, але перабрацца ва што-б та ні стала і дабрацца да бухты Туфольда раней за банду катаржнікаў. Таму, як толькі пачала развідніваць, назаўтра, 16 студзеня, Джон Мангльс і Гленарван, не трацячы часу, пайшлі на бераг ракі, каб на месцы вырашыць, як арганізаваць пераправу цераз яе.
Напоўненая ад дажджоў рака ўсё яшчэ бурліла, гонячы вялікія каламутныя хвалі. Не было чаго і думаць аб пераправе цераз яе. Гэта азначала ісці на пэўную смерць. Гленарван, скрыжаваўшы рукі і апусціўшы галаву, нерухома стаяў на беразе.
— Хочаце, я пераплыву на той бераг? — прапанаваў Джон Мангльс.
— Не, Джон,— адказаў Гленарван, стрымліваючы храбрага маладога чалавека.— Пачакаем.
І яны вярнуліся ў лагер. Дзень перажылі ў вялікай сумоце. Гленарван не менш дзесяці разоў выходзіў на бераг, абмяркоўваючы розныя спосабы пераправы. Але дарэмна. Каб замест ракі тут працякаў паток распаленай лавы, ён быў-бы не больш праходным.
Элен, кіруючыся ўказаннямі маёра, тым часам неадлучна дзяжурыла каля пасцелі Мюльрэдзі, назіраючы за ім з найвялікшай павагай. Матрос адчуваў, як хутка варочаецца да яго жыццё. Мак-Набс быў упэўнены, што куля не кранула ні аднаго жыццёваважнага органа і што слабасць раненага была выклікана толькі вялікай стратай крыві. Але зараз, калі кровецячэнне было спынена і рана перавязана, поўнае ачунанне Мюльрэдзі было толькі пытаннем часу.
Элен настаяла на тым, каб ранены застаўся ў яе аддзяленні ў фургоне. Мюльрэдзі адчуваў сябе надзвычай няёмка. Яго больш за ўсё непакоіла тое, што яго рана магла затрымаць экспедыцыю. Давялося паабяцаць яму, што ў тым выпадку, калі можна будзе пераправіцца цераз Сноуі, яго пакінуць у лагеры пад апекай Вільсона і экспедыцыя пойдзе далей без яго.
На няшчасце, ні сёння, ні заўтра не было чаго і думаць аб пераправе. Гленарван быў у роспачы ад гэтай затрымкі. Дарэмна Элен і маёр Мак-Набс угаварвалі яго супакоіцца і запасціся цярплівасцю. Смешна сказаць—супакоіцца, калі можа ў гэту самую хвіліну Бен Джойс узыходзіць на борт яхты! Калі «Дункан», аддаўшы канцы і падняўшы якар, поўным ходам імчыцца ў бухту Туфольда, дзе яго чакае пагібель.
Джон Мангльс разам з Гленарванам перажываў цяжкія гадзіны. Жадаючы ва што-б то ні стала перамагчы перашкоду, ён пачаў будаваць пірогу: сшыўшы ліянамі шырокія палосы дрэўнай кары, ён нацягнуў іх на дрэўны каркас. Атрымаўся крохкі чоўнік.
Аднак капітан Мангльс і Вільсон не пабаяліся папрабаваць гэтую пірогу. 18 студзеня яны спусцілі яе ў ваду. Усё, што маглі зрабіць адвага, спрытнасць, сіла і майстэрства, было зроблена. Але як толькі яны адплылі ад берагу, плынь падхапіла пірогу, і яны ледзь не заплацілі жыццём за смеласць. Крохкі чоўнік адразу патануў, не праплыўшы і дзесяці сажняў па разлітаму на цэлую мілю патоку.
Дні 19 і 20 студзеня перажылі ў такой самай нуднай бяздзейнасці. Маёр і Гленарван агледзелі бераг Сноуі на пяць міль супроць вады і за вадой, але не знайшлі броду. Усюды рака была такой-жа глыбокай і бурлівай. Вада ўсяго паўднёвага схілу Аўстралійскіх Альп сцякала толькі ў рэчышча гэтай ракі.
Давялося адмовіцца ад надзеі выратаваць «Дункан». Ужо мінула пяць дзён з часу ад’езду Бена Джойса. Яхта павінна была прыйсці ў бухту Туфольда і можа ўжо трапіла ў рукі бандытаў.
Але так не магло цягнуцца бясконца. Выпадковыя разлівы рэк звычайна хутка спадаюць, і тым хутчэй, чым большы разліў. І сапраўды, раніцой 21 студзеня Паганель заўважыў, што за ноч узровень вады крыху паменшыўся.. Ён сказаў Гленарвану пра вынік сваіх назіранняў.
— Што з гэтага! — адказаў той.— Зараз позна ўжо.
— Гэта не выхад, каб бясконца гібець тут,— запярэчыў маёр.
— Праўда,— сказаў Джон Мангльс.— Можа ўжо заўтра ўдасца пераправіцца цераз раку.
— Але чым гэта дапаможа майму няшчаснаму экіпажу? — крыкнуў Гленарван.
— Выслухайце мяне, сэр,— пачаў Джон Мангльс.— Я ведаю Тома Аусціна. Ён выканае ваш загад і павінен быў выйсці з Мельбурна адразу, як толькі гэта стала магчымым. Але адкуль мы ведаем, што «Дункан» быў ужо адрамантаваны да таго часу, калі Айртон прыбыў у Мельбурн? Можа яго рамонт патрабаваў яшчэ аднаго-двух дзён прабывання ў доку?
— Ваша праўда, Джон,— адказаў Гленарван.— Трэба як найхутчэй дабрацца да бухты Туфольда. Мы-ж знаходзімся ўсяго за трыццаць пяць міль ад горада Дэлегейта.
— Правільна,— пацвердзіў Паганель,— і ў гэтым горадзе мы безумоўна знойдзем сродкі перасоўвання. Хто ведае, можа нам удасца своечасова адхіліць няшчасце!
— У дарогу! — усклікнуў Гленарван.
У тую-ж хвіліну Джон Мангльс і Вільсон пачалі будаваць плыт.