Вопыт паказаў, што пірога з кары не вытрымлівала шалёнага націску ракі. Таму маракі ссеклі некалькі высокіх дрэў і звязалі з іх просты, але моцны плыт. Работа ішла вельмі павольна і да вечара яе яшчэ не скончылі. Толькі назаўтра плыт быў гатовы.
За ноч вада ў Сноуі яшчэ больш апала. Вада імчалася ўжо не з такой імклівасцю, але ўсё-ж даволі шпарка. Тым не менш Джон Мангльс не сумняваўся, што яны паспяхова пераправяцца.
Апоўдні падарожнікі пагрузілі на плыт правізію на двухдзённы пераход, пакінуўшы ўсе астатнія запасы разам з фургонам і палаткай на гэтым баку ракі. Мюльрэдзі адчуваў сябе настолькі добра, што можна было, не баючыся за яго здароўе, несці яго на насілках. Ён хутка ачуньваў.
У гадзіну папоўдні ўсе перайшлі на плыт, прывязаны вяроўкай да берагу. Джон Мангльс прыладзіў на карме нешта накшталт руля і даверыў яго Вільсону. Пры дапамозе гэтага руля можна было кіраваць плытам і не даваць плыні зносіць яго.
Сам Джон Мангльс стаў на нос і ўзброіўся жардзінай. Элен, Мэры і Мюльрэдзі размясціліся пасярэдзіне плыта. Гленарван, маёр Роберт і Паганель акружылі іх, гатовыя дапамагчы ім, калі ў гэтым будзе патрэба.
— Усё гатова, Вільсон? — запытаў Джон Мангльс.
— Усё, капітан,— адказаў матрос, беручыся моцнаю рукою за руль.
— Увага! Трымай супроць вады. Паплылі!
Джон Мангльс адвязаў плыт і моцным штуршком адпіхнуў яго ад берагу. Першыя некалькі дзесяткаў сажняў усё ішло добра, але хутка хвалі пачалі заліваць плыт і закружылі яго вакол уласнай асі так, што ні вяслом, ні жардзінай не ўдалося стрымаць яго. Не гледзячы на ўсе намаганні Джона Мангльса і Вільсона, плыт завярнула задам наперад, так што нельга было карыстацца рулём.
Давялося скарыцца. Нічым нельга было прыпыніць кружэнне плыта. Ён кружыўся вельмі шпарка, несучыся ў той-жа час за вадой. Джон Мангльс, закусіўшы губы, глядзеў на бурлівы паток.
Між тым плынь вынесла плыт на сярэдзіну ракі. Ён быў цяпер на поўмілі ад месца выхаду. Тут перастала круціць, і плыт зноў набыў некаторую ўстойлівасць.
Джон Мангльс і Вільсон зноў узяліся — адзін за жардзіну, другі за вясло і накіравалі плыт наўскоса к другому берагу. Плыт падначаліўся манеўру і хутка пачаў набліжацца да левага берагу. Але за пяцьдзесят сажняў ад берагу вясло Вільсона раптам пераламалася напалам. Плыт, якога ўжо нішто не стрымлівала, зноў пагнала за вадой.
Джон Мангльс паспрабаваў затрымаць яго, рызыкуючы зламаць жардзіну. Вільсон з акрываўленымі рукамі кінуўся к яму на дапамогу. Пасля доўгіх дарэмных намаганняў ім удалося разам спыніць вярчэнне плыта і падагнаць яго к берагу. Штуршок аб зямлю быў настолькі моцны, што вяроўкі, якімі было звязана бярвенне, лопнулі, і плыт разваліўся на часткі. Падарожнікі ледзьве паспелі ўчапіцца за галлё ўзбярэжных кустоў, як вада заліла плыт. Яны выцягнулі перш-на-перш з вады Мюльрэдзі і жанчын. Усе выратаваліся, але значная частка прадуктаў і ўся зброя, апрача карабіна маёра, паплыла разам з разбітым плытом. Тым не менш пераправа ўдалася. На яе затрацілі не больш поўгадзіны.
Маленькі атрад апынуўся на другім беразе ракі амаль без усякіх запасаў, за трыццаць пяць міль ад бліжэйшага заселенага месца, сярод глухой аўстралійскай пустыні. Не было ніякай надзеі сустрэць тут скватэра ці каланіста — гэта мясцовасць была бязлюднай.
Вырашана было адразу пачаць паход. Мюльрэдзі зразумеў, што ён будзе перашкодай. Ён прапанаваў, каб яго пакінулі на месцы і прыслалі за ім каго-небудзь з Дэлегейта.
Але Гленарван не хацеў і слухаць гэтага: да Дэлегейта экспедыцыя магла дайсці за тры дні, да берагу акіяна не раней, чым праз пяць дзён, гэта значыць 26 студзеня, а «Дункан» атрымаў загад выйсці з Мельбурна 16 студзеня. Якое значэнне мелі зараз некалькі лішніх гадзін спазнення?
— Не, дарагі мой,— адказаў ён.— Мы нікога не пакінем тут. Зробім насілкі і панясем вас па чарзе.
Насілкі зрабілі з галля эўкаліптаў і заслалі іх травой. Рад не рад, а давялося Мюльрэдзі заняць на іх месца. Гленарван захацеў першым несці іх. Ён стаў спераду, Вільсон — ззаду, і яны панеслі Мюльрэдзі.
Які сумны выгляд меў зараз гэты атрад, які выправіўся ў дарогу пры такіх спрыяючых абставінах! Мэтай падарожжа ўжо былі не пошукі Гары Гранта. Гэты кантынент, куды ён ніколі не ступаў нагой, пагражаў смерцю тым, хто прысвяціў сябе яго пошукам. І калі мужным падарожнікам і ўдасца дабрацца да берагу акіяна, яны не знойдуць там свайго судна...
Першы дзень падарожжа быў сумным для ўсіх. Дарога была цяжкая. Кожныя дзесяць хвілін насільшчыкі мяняліся. Але ніхто з таварышоў матроса не скардзіўся на стомленасць, хоць нястрымная спёка рабіла іх працу яшчэ больш цяжкай.
Прайшоўшы за дзень пяць міль, яны, як толькі сцямнела, прыпыніліся нанач на краі лесу з камедных дрэў Рэшткі прадуктаў, выратаваных пасля крушэння плыта, скарысталі на вячэру. Больш у іх запасаў не заставалася. Уся надзея была на карабін маёра.