Географ, незалежна ад Джона Мангльса, таксама хадзіў у порт. Ведаючы, што рэгулярных рэйсаў між Эдэмам і Мельбурнам няма, ён пацікавіўся, куды накіроўваюцца тры караблі, што стаяць у Эдэмскім парту. Аказалася, што адзін з іх ідзе ў Оклэнд, на Іка-на-Мануі, паўночны з Новазеландскіх астравоў. Паганель прапанаваў зафрахтаваць гэта судно і паехаць у Оклэнд, які злучаны з Еўропай рэгулярнымі рэйсамі.
Прапанова Паганеля заслугоўвала сур’ёзнага абмеркавання. Супроць свайго звычаю вучоны не гаварыў доўгіх прамоў у абарону сваёй думкі. Ён абмежаваўся тым, што паведаміў аб гэтым факце і дадаў, што пераезд у Оклэнд зойме дзён пяць-шэсць. І сапраўды, ад Новай Зеландыі да Аўстраліі не больш тысячы міль.
Па дзіўнай выпадковасці Оклэнд знаходзіцца якраз на той трыццаць сёмай паралелі, уздоўж якой падарожнікі неадступна ішлі ад самых берагоў Арауканіі.
Безумоўна географ у мінулыя часы не прамінуў-бы выкарыстаць гэтую акалічнасць у якасці доказу ў карысць сваёй прапановы: гэта дазваляла без цяжкасці даследаваць берагі Новай Зеландыі. Але Паганель чамусьці нават не сказаў пра гэтую акалічнасць. Пасля двух паражэнняў ён, відавочна, не хацеў высоўваць трэцяга тлумачэння дакументаў. Ды апрача таго, пра якое новае тлумачэнне магла ісці гутарка, калі ў дакументах ясна гаварылася, што капітан Грант і яго спадарожнікі знайшлі прытулак на кантыненце, а не на востраве? Між тым Новая Зеландыя — гэта астравы. Ці з гэтай прычыны ці з якой-небудзь іншай, але Паганель ні слова не сказаў аб тым, што паездка ў Оклэнд можа быць спалучана з прадаўжэннем пошукаў.
Джон Мангльс падтрымаў прапанову Паганеля. Ён раіў прыняць яе, бо нельга бясконца чакаць судна ў Туфольдскай бухце, а сухаземны шлях у Мельбурн цяжкі, доўгі не пазбаўлены небяспек.
Аднак, перш чым прыняць канчатковае рашэнне, ён прапанаваў наведаць судно, што ідзе ў Оклэнд. Гленарван, маёр, Роберт, Паганель і малады капітан узялі лодку і пад’ехалі к караблю, які стаяў на якары ў двух кабельтавах ад прыстані.
Гэта быў двухсоттонны брыг, які называўся «Макары». Ён рабіў рэйсы між рознымі партамі Аўстраліі і Новай Зеландыі. Капітан «Макары» вельмі няласкава сустрэў наведвальнікаў. Яны адразу ўбачылі, што маюць справу з недалікатным чалавекам. Капітан быў здаравенны мужчына з чырвоным тварам, агрубелымі рукамі, плюскатым носам, вузкімі вочкамі і ніжняй губой, якая звісала ад цяжару люлькі, якой ён не вымаў з рота. Увогуле капітана Біля Галея ніяк нельга было назваць прыгожым. Але гэта не мела ніякага значэння для пераезду ў пяць-шэсць дзён, ды к таму-ж і выбару не было.
— Якога чорта вам тут патрэбна! — ласкава вітаў Біль Галей падарожнікаў, якія лезлі па трапу яго карабля.
— Капітана,— адказаў Джон Мангльс.
— Гэта я. Яшчэ што?
— «Макары» ідзе ў Оклэнд?
— Так. Яшчэ што?
— З якім грузам?
— Ён вязе ўсё, што прадаецца і купляецца. Яшчэ што?
— Калі ён выходзіць?
— Заўтра з паўднёвым адлівам. Яшчэ што?
— Пасажыраў возьмеце?
— Гледзячы якіх і калі яны згодзяцца жорці тое, што жаром.
— Яны возьмуць свой правіянт.
— Яшчэ што?
— Што яшчэ?
— Так. Колькі іх?
— Дзевяць, у тым ліку дзве жанчыны.
— У мяне няма кают.
— Абойдуцца.
— Яшчэ што?
— Згодны? — запытаў Джон Мангльс, не звяртаючы ніякай увагі на грубасць капітана.
— Паглядзім,— адказаў гаспадар «Макары». Біль Галей прайшоў па палубе, грукаючы падбітымі жалезам ботамі і потым нечакана спыніўся перад Джонам Мангльсам.
— Колькі заплаціце? — запытаў ён.
— А колькі вы хочаце? — адказаў той.
— Пяцьдзесят фунтаў.
Гленарван кіўнуў галавой у знак згоды.
— Ёсць пяцьдзесят фунтаў,— сказаў Джон Мангльс.
— Толькі за пераезд,— дадаў Галей.
— Так.
— Без харчавання.
— Так.
— Згодзен. Яшчэ што? — сказаў гаспадар «Макары», працягваючы руку.
— Што яшчэ? — запытаў Джон Мангльс, не працягваючы сваёй.
— Задатак!
— Вось палавіна. Дваццаць пяць фунтаў.
Біль Галей пералічыў грошы і схаваў у кішэню, нават не падзякаваўшы.
— Заўтра прыязджайце раніцой. Роўна апоўдні я падыму якар, будзеце вы тут ці не — усёроўна.
— Будзем.
Пасля гэтага Гленарван, маёр, Роберт, Паганель і Джон Мангльс пакінулі карабль, прычым капітан нават не прылажыў рукі к казырку засаленага бліна, уздзетага на яго рыжую грыву.
— Вось скаціна! — сказаў Джон Мангльс.
— А мне ён падабаецца,— заўважыў Паганель.— Сапраўдны марскі воўк.
— Мядзведзь, а не воўк,— запярэчыў маёр.
— Не сумняваюся, што гэты мядзведзь гандляваў раней рабамі,— сказаў Джон Мангльс.
— Нам-то што да гэтага? — адказаў Гленарван.— Для нас важна толькі тое, што ён камандуе «Макары» і што «Макары» ідзе ў Новую Зеландыю. Мы мала будзем бачыць яго ў часе пераезду ад Эдэма да Оклэнда, а пасля прыезду ў Оклэнд і зусім не будзем сустракацца.