Элен і Мэры былі вельмі здаволены, даведаўшыся, што ад’езд прызначаны на заўтра. Гленарван папярэдзіў іх, што «Макары» па камфорту зусім не падобны на «Дункан». Але смелым жанчынам, якія бачылі столькі гора, гэта было ўсёроўна. Ольбінету прапанавалі загатовіць на дарогу правізію. Небарака-кухар увесь час хадзіў з апухлымі ад слёз вачыма з таго часу, калі стала вядомым, што «Дункан» захапілі разбойнікі. На барту яхты была яго жонка, і яна, безумоўна, падзяліла сумны лёс экіпажа. Не зважаючы на гэта, ён са звычайнай дакладнасцю і сумленнасцю выканаў свае абавязкі буфетчыка. Уласныя запасы правізіі, на якіх так настойваў капітан Біль Галей, забяспечвалі падарожнікам харчаванне, аб якім, пэўна, і не марыла каманда «Макары». Гэтая правізія была загатоўлена за некалькі гадзін.
Тым часам Гленарван памяняў на золата чэкі на Саюзны банк у Мельбурне. Маёр купіў зброю і баявыя прыпасы для ўсіх удзельнікаў экспедыцыі. Паганель задавальняўся тым, што купіў вельмі добрую карту Новай Зеландыі, складзеную Джанстонам.
Мюльрэдзі хутка ачуняў. Ён пачаў ужо забываць пра рану, якая некалькі дзен таму назад ледзь не палажыла яго ў дамавіну. Падарожжа па мору павінна было канчаткова аднавіць яго здароўе.
Вільсон заняўся абсталяваннем на барту «Макары» памяшкання для пасажыраў. З дапамогай мятлы і вядра з вадой ён зусім змяніў знешні выгляд вызначанага для Гленарвана кубрыка. Біль Галей, паціснуўшы плячыма, даў права Вільсону наводзіць «дурную чыстату». Яго зусім не цікавілі будучыя пасажыры «Макары». Ён нават не запытаў, хто яны такія. Для яго яны былі дадатковым грузам, які дае пяцьдзесят фунтаў прыбытку, але, вядома, каштуе многа менш, чым тыя дзвесце тон скуры, якія былі складзены ў труме. «Спярша скура, потым людзі», так разважаў гэты камерсант. Аднак Біль Галей лічыўся і быў нядрэнным мараком добра ведаў гэтыя моры, плаванне ў якіх небяспечна з-за шматлікіх падводных рыфаў.
Гленарван хацеў выкарыстаць апошнія гадзіны прабывання ў Аўстраліі, каб яшчэ раз пабываць на тым месцы, дзе трыццаць сёмая паралель перасякае бераг. Да таго ў яго былі дзве важныя прычыны. Перш за ўсё ён хацеў пабываць на мяркуемым месцы крушэння. Айртон, безумоўна, раней быў боцманам на «Брытаніі», і не было нічога немагчымага ў тым, што гэты карабль пацярпеў крушэнне на ўсходнім беразе Аўстраліі. Таму было невыбачальнай лёгкадумнасцю пакінуць аўстралійскі мацярык, не абследаваўшы дакладна гэтага месца.
Другая прычына была тая, што тут быў захоплены катаржнікамі «Дункан». Можа там адбывалася барацьба, і ўзбярэжная паласа захоўвае якія-небудзь сляды супраціўлення захопленых знянацку матросаў «Дункана»? Калі экіпаж яхты загінуў, мора магло выкінуць на бераг трупы.
Гленарван выправіўся на разведку разам з Джонам Мангльсам. Гаспадар гасцініцы даў ім пару верхавых коней, і яны зноў паехалі па паўночнай дарозе, якая пакручвалася ўздоўж берагу Туфольдскай бухты.
Гэта была сумная паездка. Гленарван і Джон Мангльс не праказалі ні аднаго слова за ўсю дарогу. Але яны разумелі адзін аднаго і без слоў. Адна і тая-ж думка балюча свідравала іх мозг.
Яны агледзелі кожны куточак і шчыліну ўзбярэжжа, кожную пясчынку пляжа, кожную пядзь высокага берагу, куды акіянскія хвалі маглі закінуць абломкі крушэння, але не знайшлі аніякай прыметы ні барацьбы, ні катастрофы.
Сляды «Брытаніі» зноў губляліся ў невядомасці. «Дункан» таксама не пакінуў ніякіх слядоў. Узбярэжжа акіяна было пустое.
Недалёка ад берагу Джон Мангльс заўважыў сляды нядаўна пакінутага лагера, патухшыя вогнішчы, памятую траву, абламанае галлё дрэў. Можа якое-небудзь тубыльнае племя прабыло тут некалькі дзён? Але не. Гленарван раптам убачыў бясспрэчны доказ таго, што гэты лагер быў лагерам банды катаржнікаў.
Гэтым доказам была старая, парваная фуфайка, забытая каля дрэва. Ад яе засталіся два кавалкі тканіны — шэры і жоўты, і на ёй вялікімі літарамі быў напісан нумар. Гэта была фуфайка катаржніка, форменная вопратка зняволенага Перцкай турмы.
— Бачыце, Джон,— сказаў Гленарван,— катаржнікі былі тут. Няшчасныя матросы «Дункана»...
— Так,— глухім голасам адказаў Джон,— ясна, што іх не высадзілі на бераг. Яны загінулі ўсе да аднаго.
— Нягоднікі! — крыкнуў Гленарван.— О, каб яны трапілі мне ў рукі. Я-б адпомсціў ім за экіпаж «Дункана».
Гора надало рысам твара Гленарвана выраз незвычайнай суровасці. Ён адышоў ад Джона і на працягу некалькіх хвілін пільна пазіраў на мора, нібы выглядаючы ў яго бязмежнай далі сваю любую яхту. Але потым позірк яго змрачнеў. Ён правёў рукой па ілбу. Не сказаўшы ні слова, ён падышоў да каня і ў суправаджэнні Джона Мангльса вярнуўся ў Эдэм.
Заставалася выканаць толькі адну фармальнасць: паведаміць уладам аб падзеі. Гленарван зрабіў гэта таго-ж вечара.
Гарадскі галава, ледзь стрымліваючы радасць, запісваў заяву Гленарвана ў пратакол: ён быў шчаслівы, што банда Бена Джойса пакінула правінцыю. Увесь горад падзяляў яго радасць. Важнае паказанне Гленарвана было зараз-жа перадана па тэлеграфу ў Мельбурн і Сідней.