Авель Тасман паслаў на бераг шлюпкі, і яны вярнуліся к судну ў суправаджэнні некалькіх пірог, у якіх сядзелі тубыльцы. Дзікуны былі людзьмі сярэдняга росту з жоўтай і цёмнакарычневай скурай, грубым голасам, чорнымі прамымі валасамі, звязанымі на макоўцы і ўпрыгожанымі белым пяром.

Гэтая першая сустрэча еўрапейцаў з тубыльцамі як быццам праракала сяброўскія адносіны. Але назаўтра-ж, калі адна з шлюпак Тасмана падышла к зямлі, шукаючы больш зручнай якарнай стаянкі, на яе напалі сем тубыльных пірог. Шлюпка перавярнулася ад штуршка і патанула, Боцмана, які камандаваў ёй, ранілі пікай у грудзі. З шасці грабцоў чатырох забілі на месцы, а два ўцалелыя, падтрымліваючы раненага боцмана, уплаў вярнуліся на судно.

Пасля гэтага сумнага здарэння Тасман ураз загадаў падняць якар, адпомсціўшы тубыльцам толькі некалькімі мушкетнымі стрэламі, якія, пэўна, не зрабілі ніякай шкоды. Ён вышаў з бухты, якая была названа з таго часу бухтай Разгрома, падняўся на поўнач і 5 студзеня стаў на якар у паласе паўночнай аканечнасці Іка-на-Мануі. Аднак вялікі прыбой, які з грукатам біўся аб падводныя скалы, з аднаго боку, і відавочная варожасць тубыльцаў — з другога, не дазволілі яму запасціся прэснай вадой, і ён канчаткова пакінуў гэтыя астравы, назваўшы іх Зямлёй Штатаў, у гонар галандскіх Генеральных штатаў.

Галандскі мораплаўца быў перакананы, што гэтыя астравы злучаюцца з астравамі, адкрытымі на ўсход ад Вогненнай Зямлі, і не сумняваўся, што адкрыў «вялікі кантынент паўднёвых мораў».

— Не,— сказаў сам сабе тут Паганель,— мораплаўца семнаццатага стагоддзя мог памыліцца, палічыўшы астравы за кантынент. Але такой памылкі не мог паўтарыць марак дзевятнаццатага стагоддзя. Тут нешта не так!

Адкрыцце Тасмана на працягу цэлага стагоддзя заставалася захавана, і Новая Зеландыя як-бы не існавала, калі адзін французскі мораплаўца, Сурвіль, наткнуўся на яе пад 35° 27' шыраты. У пачатку яму не даводзілася скардзіцца на тубыльцаў.

Аднойчы раніцой узняўся ўраганны вецер, і разгулялася вялікая бура, у часе якой адна з шлюпак, якая перавозіла хворых матросаў, была выкінута хвалямі на бераг бухты Прытулка. Там хворых французаў сустрэў адзін з тубыльных правадыроў па імені Нагі-Нуі; ён добра паставіўся да хворых і нават уступіў ім сваю хаціну. Усё ішло як нельга лепш да таго часу, пакуль у Сурвіля не ўкралі адной шлюпкі. Ён дарэмна патрабаваў у тубыльных правадыроў звароту яе і, не дасягнуўшы свайго, у адплату спаліў адну вёску. Гэта несправядлівая і страшная помста засталася надоўга ў памяці тубыльцаў і паслужыла прычынай далейшых крывавых падзей у Новай Зеландыі.

Шостага кастрычніка 1769 года к новазеландскаму берагу прычаліў славуты Кук. Яго карабль «Спроба» кінуў якар у бухце Тауэ-Роа. Кук хацеў прывабіць да сябе тубыльцаў добрымі адносінамі. Але, каб дасягнуць прыхільнасці людзей, трэба спярша завязаць з імі сувязь. Для гэтага Кук, не хістаючыся, узяў у палон двух-трох дзікуноў і, гвалтоўна абласкавіўшы іх, пусціў з падарункамі дадому.

Неўзабаве многія аднапляменнікі гэтых дзікуноў, спакушаныя іх расказамі, добраахвотна з’явіліся на карабль Кука і пачалі з ім паменны гандаль. Прастаяўшы некаторы час у Тауэ-Роа, Кук пераехаў у бухту Гаукса, вялікую затоку на паўночным узбярэжжы вострава. Там ён сустрэў ваяўніча настроеных дзікуноў, якія трымалі сябе так непрыстойна, што яму давялося ацвярозіць іх залпамі карцечы.

Дваццатага кастрычніка «Спроба» кінула якар у бухце Токо-Маіу, дзе жыло невялікае,— усяго душ з двесце — спакойнае і добрадушнае племя. Батанікі, якія ўдзельнічалі ў экспедыцыі Кука, зрабілі тут шмат назіранняў над мясцовай фаунай, прычым тубыльцы перавозілі іх на бераг у сваіх пірогах. Кук асабіста наведаў дзве тубыльныя вёскі, абнесеныя агарожай, валамі і равамі, якія сведчылі аб надзвычайных фартыфікацыйных ведах дзікуноў. Галоўны з гэтых фартоў знаходзіўся на скале, якая ў часе прыліву была з усіх бакоў акружана вадой, ператвараючыся ў сапраўдны востраў. Вада не толькі акружала гэты форт, але і лілася з яго водаспадам, робячы яго зусім непрыступным.

Трыццаць першага сакавіка, пасля пяцімесячнага прабывання на Новай Зеландыі, сабраўшы досыць вялікую калекцыю раслін, рэдкіх рэчаў і этналагічных назіранняў, Кук развітаўся з Новай Зеландыяй. Ён даў сваё імя праліву, які падзяляе Іка-на-Мануі ад Махаі-Пуна-Му. Ён цвёрда рашыў вярнуцца яшчэ сюды ў часе наступных сваіх падарожжаў.

І сапраўды, у 1773 годзе вялікі мораплаўца зноў наведаў бухту Гаукса; гэтым разам ён быў сведкай сцэн людаедства. Аднак, трэба згадзіцца, што віна за гэта цалкам ляжыць на яго спадарожніках: афіцэры яго судна, знайшоўшы на беразе адрэзаныя часткі цела аднаго маладога дзікуна, прынеслі іх на борт, зварылі і прапанавалі есці тубыльцам. Тыя прагна елі. Дзіўная забава—быць кухарамі на бале людаедаў!

У часе свайго трэцяга падарожжа, Кук зноў пабываў у Новай Зеландыі. Гэтая мясцовасць вельмі цікавіла яго, і ён імкнуўся дапоўніць гідраграфічнае апісанне яе. У канцы лютага 1777 года ён развітаўся з Новай Зеландыяй і гэты раз ужо назаўсёды.

Перейти на страницу:

Похожие книги