У 1791 годзе Ванкувер пражыў дваццаць дзён у бухце Астравоў, але без усякай карысці для геаграфіі і прыродазнаўчых навук. Д’Антркасто ў 1793 годзе даследаваў паўночны бераг Іка-на-Мануі на працягу дваццаці пяці міль. Капітаны гандлёвага флота Гаузен і Дальрымп, потым Бадэн, Рычардсон, Маодзі заходзілі сюды не надоўга. Доктар Севедж пражыў тут пяць тыдняў, збіраючы весткі аб норавах і звычаях тубыльцаў.
У 1805 годзе пляменнік правадыра Рангі-У, Дуа-Тара, сеў на карабль «Арго», якім камандаваў капітан Бадэн.
Магчыма, што прыгоды Дуа-Тара калі-небудзь будуць апеты якім-небудзь маарыйскім Гомерам. Няшчасны дзікун перажыў шмат несправядлівасці, пабояў, здзекаў усіх адценняў. За паслугі яму плацілі недаверлівасцю, ударамі, турмой. Можна ўявіць, якая думка ў яго склалася аб людзях, якія называюць сябе цывілізаванымі. Яго завезлі ў Лондан. На караблі далі яму месца матроса апошняга разрада. З яго здзекваўся ўвесь экіпаж. Каб не лейтэнант Марсдэн, ён-бы памёр з голаду і дрэннага абыходжання. Але на шчасце гэты афіцэр зацікавіўся маладым дзікуном. Ён убачыў, што мае справу з ціхім, мужным і разумным чалавекам, і ўзяў яго пад сваю апеку. Марсдэн дастаў для свайго пратэжэ некалькі мяхоў з насеннем розных еўрапейскіх хлябоў і неабходныя для земляробства прылады, з тым каб ён завёз іх на бацькаўшчыну. Але ўсё гэта ўкралі ў Цуа-Тара. Няшчасці і пакуты сыпаліся на яго галаву да 1814 года, калі яму ўдалося нарэшце вярнуцца к свайму племені. Здавалася-б, прышоў час сабраць плады сваіх пакут. Але ў тую хвіліну, калі ён толькі пачаў адукоўваць гэту крывяжэрную Новую Зеландыю, яго заспела смерць. Яму было ўсяго дваццаць восем гадоў. Смерць Дуа-Тара была вялікім няшчасцем для гэтай краіны.
Да 1816 года пра Новую Зеландыю як быццам забыліся. У гэтым годзе Тамсон, у наступным Нікола і ў 1819 годзе Марсдэн наведалі абодва астравы. У 1820 годзе Рычард Круйс, капітан дваццаць чацвертага пяхотнага палка, пражыў тут амаль дзесяць месяцаў, сабраўшы за гэты час досыць вялікі матэрыял пра жыццё тубыльцаў.
У 1824 годзе Дзюперэй, камандзір судна «Ракавіна», пражыў пятнаццаць дзён у бухце Астравоў і не мог нахваліцца паводзінамі тубыльцаў.
Але пасля яго, у 1827 годзе, на англійскае кіталоўнае судно «Меркуры» ў гэтым самым месцы нападалі тубыльцы і яно ледзьве выратавалася. У тым-жа годзе капітан Дыльён сустрэў з боку дзікуноў самы сяброўскі прыём у часе двух сваіх стаянак каля берагоў Новай Зеландыі.
У сакавіку 1827 года славуты камандзір «Астралябіі» Дзюмон Дзюрвіль, адзінокі і без зброі, пражыў некалькі дзён з тубыльцамі. Ён пеў песні, мяняўся гасцінцамі, спаў пад адным дахам з імі і бесперашкодна рабіў картаграфічныя здымкі, у выніку якіх навука ўзбагацілася самымі дакладнымі картамі.
Наадварот, Джон Джонс, капітан англійскага брыга «Гаус», які прыстаў к берагу Усходняга мыса ў 1828 годзе, ледзь не загінуў ад здрадніцтва правадыра Энараро. Многіх з яго спадарожнікаў забілі пасля катаванняў.
З гэтых супярэчлівых даных пра ціхасць і крывяжэрнасць новазеландцаў можна зрабіць толькі адзін вывад, што лютасць дзікуноў была не чым іншым, як помстай. Прыём падарожнікаў тубыльцамі цалкам залежаў ад паводзін саміх падарожнікаў: добрых капітанаў добра і прымалі, грубых і прагавітых — дрэнна. Вядома, бывалі асобныя выпадкі, калі тубыльцы першымі нападалі на зусім невінаватых еўрапейцаў. Але часцей за ўсё яны толькі помсцілі еўрапейцам за здрадніцкія напады і лютасць. Можна толькі шкадаваць, што часам помста заспявае не тых, хто заслужыў яе.
Пасля Дзюмон Дзюрвіля этнаграфічнае апісанне Новай Зеландыі было дапоўнена смелым даследчыкам, які дваццаць разоў аб’ехаў вакол зямнога шара, вандроўцам, вечным валацугам, цыганам навукі, англічанінам Ірлем. Ён наведаў недаследаваныя месцы абодвух астравоў. У Ірля не было асабістых падстаў скардзіцца на тубыльцаў, але ён неаднаразова назіраў выпадкі людаедства. Новазеландцы елі адзін аднаго з агідлівай прагнасцю.
Тое-ж самае пацвярджаў і капітан Лаплас, які наведаў астравы ў 1831 годзе. К таму часу бітвы між плямёнамі сталі больш крывавымі, бо тубыльцы авалодвалі еўрапейскай зброяй і навучыліся карыстацца ёю з надзвычайнай спрытнасцю. Таму некалі квітнеючыя раёны Іка-на-Мануі ператварыліся ў пустыні. Цэлыя плямёны зніклі з твара зямлі, як знікаюць цэлыя гурты авечак.
Па сёнешні дзень новазеландскія плямёны ўвесь час жывуць нязгодна. Новазеландцы не падобныя на ціхіх аўстралійцаў, якія без спрэчак аддаюць еўрапейцам-захопнікам сваю зямлю і ўцякаюць у пустыню. Новазеландцы даюць адпор нашэсцю, змагаюцца, ненавідзяць сваіх прыгнятальнікаў — англічан.
Будучыня гэтых двух вялікіх астравоў пастаўлена на карту: іх чакае або неадкладнае далучэнне да ўсіх «благ» цывілізацыі, або зварот на многія стагоддзі ў першабытную дзікасць. Рашэнне гэтага пытання належыць сіле зброі.