Пералік імён людзей, якія загінулі пры даследаванні Новай Зеландыі, заняў-бы шмат старонак. Першымі ў гэтым пераліку стаяць імёны пяці матросаў Авеля Тасмана, якіх забілі і з’елі тубыльцы. Пасля іх такі-ж лёс спаткаў капітана Туклея і ўсю каманду яго баркаса. На ўсход ад праліва Фово пяць рыбакоў са шлюпкі «Сідней-Коў» скончылі сваё жыццё на банкетным стале ў дзікуноў. Трэба яшчэ пералічыць чатырох чалавек з брыга «Браты», з’едзеных у парту Малінэ, многія салдаты з атрада генерала Гейтса, трох дэзертыраў з «Матыльды», каб падыйсці да сумнай гісторыі капітана Марыёна дзю-Фрэна.

Неўзабаве пасля першага падарожжа Кука, 11 мая 1772 года, у бухту Астравоў увайшлі два французскія судны — «Маскарэн» пад начальствам капітана Марыёна і «Кастры» пад начальствам капітана Крозе. Двудушныя новазеландцы вельмі цёпла сустрэлі каманды суднаў. Яны нават прыкінуліся спачатку баязлівымі, і давялося раздаць шмат падарункаў і гасцінцаў, каб яны прывыклі прыходзіць на борт суднаў.

Правадыр тубыльцаў Такуры, калі верыць Дзюмон-Дзюрвілю, быў блізкім сваяком дзікуна, якога здрадліва ўзяў у палон Сюрвіль за два гады да прыходу капітана Марыёна.

У краіне, дзе звычай патрабуе крывавай помсты за знявагу гонару роду, Такуры, вядома, не мог забыць і дараваць зневажэння Сюрвілем яго родзіча. Ён цярпліва чакаў прыходу якога-небудзь іншага еўрапейскага карабля, дачакаўся гэтага, задумаў план помсты і выканаў яго з жахлівай стрыманасцю.

Ашукаўшы французаў няшчырай баязлівасцю, Такуры зрабіў усё неабходнае для таго, каб прытупіць іх пільнасць. Ён сам і многія яго аднапляменнікі часта заставаліся начаваць на караблях. Яны прыносілі з сабой смачную рыбу. Прыводзілі на борт сваіх жонак і дачок. Пазнаёміліся з усімі афіцэрамі і запрасілі іх наведаць свае вёскі. Марыён і Крозе, спакушаныя такой ласкавасцю дзікуноў, абышлі ўвесь гэты раён, у якім жыло амаль чатыры тысячы чалавек. Дзікуны сустракалі іх без зброі і ўсяляк стараліся давесці сваю дабрату.

Капітан Марыён прычаліў к берагу Новай Зеландыі, каб замяніць на «Кастры» мачты, паламаныя бурай. У часе сваіх экскурсій на сухазем’е ён знайшоў за два лье ад берагу вялікі кедравы лес. Ашуканы няшчырай ціхамірнасцю тубыльцаў, ён загадаў накіраваць дзве трэці экіпажа на сухазем’е з заданнем працерабіць дарогу ад лесу да берагу і падцягнуць к вадзе дрэвы, прыгодныя для мачт.

Работы па замене мачт патрабавалі шмат часу. Ён скарыстаў гэты выпадак і загадаў хворых матросаў перавезці на бераг маленькага вострава Моту-Аро ў цэнтры бухты, а на беразе вялікага вострава, за паўтара лье ад суднаў, пабудаваць кузню і плотніцкую майстэрню. Дужыя і спрытныя тубыльцы дапамагалі матросам ва ўсіх гэтых работах.

Не гледзячы на відавочную прыязнасць тубыльцаў, капітан Марыён не пераставаў прымаць меры перасцярогі. Дзікунам не дазвалялася ўзброенымі прыходзіць на борт караблёў, а шлюпкі накіроўваліся на бераг не інакш як з добра ўзброенымі матросамі. Але ўрэшце бездакорныя паводзіны дзікуноў прытупілі падазронасць Марыёна і самых недаверлівых з яго афіцэраў, і ён дазволіў матросам наведваць бераг без зброі. Трэба адзначыць, што капітан Крозе імкнуўся ўгаварыць Марыёна адмяніць гэты загад, але не меў поспеху.

Пасля гэтага абыходлівасць і ласкавасць новазеландцаў падвоілася. Іх правадыры здружыліся з афіцэрамі. Такуры неаднаразова прыводзіў на борт свайго сына і пакідаў яго там начаваць.

Восьмага чэрвеня тубыльцы наладзілі Марыёну ўрачысты банкет, у часе якога яго назвалі «вялікім правадыром» астравоў і ўпрыгожылі яго капялюш чатырма белымі пер’ямі.

Так прайшлі трыццаць тры дні прабывання французскіх караблёў у бухце Астравоў. Работа па замене мачт на «Кастры» праходзіла паспяхова; запасы прэснай вады былі адноўлены ў водазборах Моту-Аро. Капітан Крозе асабіста кіраваў работай плотнікаў. Усё было больш чым шчасліва, і ні ў каго не было ані сумнення наконт працяжнасці гэтага шчасця.

Дванаццатага чэрвеня спусцілі на ваду капітанскі вельбот. Такуры запрасіў афіцэраў паехаць у сваю вёску лавіць рыбу. У вельбот селі сам Марыён, лейтэнанты Водрыко і Легу, флаг-афіцэр і трынаццаць матросаў. Іх суправаджалі Такуры і пяць іншых правадыроў-тубыльцаў. Нішто не дазваляла прадбачыць катастрофы, якая павінна была каштаваць жыцця шаснаццаці еўрапейцам з семнаццаці, якія высадзіліся на беразе.

Вельбот адышоў ад барта, паплыў к берагу і неўзабаве схаваўся за гарызонтам.

Вечарам капітан Марыён не вярнуўся на борт. Яго адсутнасць нікога не ўстрывожыла. Усе вырашылі, што ён, напэўна, зайшоў у плотніцкую майстэрню і застаўся там начаваць.

Назаўтра раніцой, а пятай гадзіне, шлюпка «Кастры» вышла, як і раней, на Моту-Аро за прэснай вадой. Яна без прыгод вярнулася назад.

А дзевятай гадзіне раніцы вахценны матрос з «Маскарэна» заўважыў у вадзе чалавека, які плыў у напрамку к караблям. Здавалася, што ён траціў сілы. Адразу к яму на дапамогу паслалі шлюпку. Гэта быў Турнер, адзін з грабцоў капітанскага вельбота. Адзіны з семнаццаці чалавек, якія напярэдадні паехалі на бераг, ён застаўся жывым, дый то ён быў ранены пікай у бок і грудзі.

Перейти на страницу:

Похожие книги