Турнера распыталі, і тут высветліліся ўсе падрабязнасці крывавай драмы.

Вельбот няшчаснага Марыёна прыстаў к берагу каля вёскі а сёмай гадзіне раніцы. Дзікуны весела віталі гасцей. Яны вынеслі з вельбота на плячах афіцэраў і матросаў, каб тыя не падмачылі ног. Потым французы разышліся ўздоўж берагу лавіць рыбу.

Адразу пасля гэтага дзікуны — дзесяць на аднаго — накінуліся на іх з дубінкамі і кастэтамі. Турнеру, двойчы раненаму пікай, удалося запаўзці ў хмызняк і схавацца там ад дзікуноў. Лежачы там, ён быў сведкай жахлівых сцэн. Дзікуны раздзелі мерцвякоў, распаролі ім жываты, парэзалі іх на кавалкі.

Турнер выбраў хвіліну, і, калі дзікуны пачалі баляваць, кінуўся ў ваду, адкуль яго дастала шлюпка «Маскарэна».

Расказ Турнера раз’юшыў экіпаж абодвух караблёў. Усе настроіліся адпомсціць. Але, перш, чым помсціць за нежывых, трэба было ратаваць жывых. На беразе былі майстэрні, і тысячы канібалаў[77], раздражненых пахам крыві, акружалі іх.

У час адсутнасці капітана Крозе, які начаваў на беразе, камандаванне ўзяў старшы афіцэр «Кастры», Дзюклемер. Ён зараз-жа паслаў на бераг шлюпкі са ўзводам салдат пад камандай афіцэра. Гэты атрад павінен быў дапамагчы таварышам, якія знаходзіліся на беразе. Шлюпка адышла, паплыла к берагу і прычаліла ў тым месцы, дзе яшчэ стаяў прывязаны вельбот няшчаснага Марыёна.

Крозе, які быў на беразе ў плотніцкай, нічога не падазраваў, калі каля двух гадзін апоўдні ён раптам убачыў узвод салдат марской пяхоты.

Прадчуваючы бяду, ён паспяшыў яму насустрач і даведаўся пра падзеі ўчарашняга дня. Каб не дэмаралізаваць матросаў, якія працавалі ў майстэрні, ён забараніў гаварыць ім пра ўчарашнія падзеі.

Дзікуны, сабраўшыся ў натоўп, занялі ўсе ўзвышшы вакол майстэрні. Крозе загадаў сабраць усе каштоўнейшыя інструменты, астатнія закапаў у зямлю, спаліў майстэрню і пачаў адступленне на чале атрада з шасцідзесяці чалавек.

Дзікуны ішлі за ім следам і крычалі: «Такуры матэ Марыён»[78]. Яны думалі напалохаць матросаў, паведаміўшы ім аб смерці іх начальніка. Але, зразумеўшы, у чым справа, матросы раззлаваліся і хацелі накінуцца на дзікуноў. Капітану Крозе ледзь удалося стрымаць іх. Прайшоўшы два лье, адступаючыя дайшлі да берагу і паселі ў лодкі. Тысячы дзікуноў, сабраўшыся на беразе, сачылі за імі нерухома. А калі лодкі адплылі ад берагу, на іх паляцелі безліч камення. Тут-жа чэцвера матросаў нацэліліся і чатырма стрэламі забілі чатырох правадыроў, на вялікае здзіўленне дзікуноў, якія былі яшчэ не знаёмы з агнястрэльнай зброяй.

Капітан Крозе, прычаліўшы к «Маскарэну», зараз-жа паслаў шлюпку на Моту-Аро.

Узвод салдатаў астаўся там на ноч, ахоўваючы перавозку хворых на борт караблёў.

Назаўтра на астравок быў накіраваны другі ўзвод: трэба было ачысціць Моту-Аро ад тубыльцаў. У вёсцы Моту-Аро было трыста жыхароў. Шэсць чалавек забілі, а астатніх адагналі штыхамі ў ваду і вёску падпалілі.

Але «Кастры» не мог выйсці ў мора без мачт. Вымушаны адмовіцца ад думкі паставіць новыя мачты з кедравых ствалоў, Крозе загадаў адрамантаваць старыя.

Так мінуў месяц. Дзікуны некалькі разоў спрабавалі адбіць у французаў астравок Моту-Аро, але дарэмна. Кожны раз, калі пірогі дзікуноў падыходзілі да караблёў на адлегласць гарматнага стрэлу, ядры тапілі іх.

Урэшце рамонт мачт закончылі. Заставалася даведацца, ці не застаўся хто-небудзь жывым з шаснаццаці афяр здрадніцкага нападу, і адпомсціць за астатніх. Шлюпка з вялікім атрадам афіцэраў і салдат пад’ехала к вёсцы. Пры яе набліжэнні здраднік Такуры, апрануўшы плашч Марыёна, уцёк. Французы ўважліва абшукалі ўсю вёску. У доме Такуры яны знайшлі чалавечы чэрап, які не вельмі даўно быў звараны. Чалавечае сцягно са слядамі зубоў канібалаў было ўздзета на драўляны ражон. Тут-жа ў хаціне валялася скрываўленая рубашка Марыёна, вопратка і пісталеты маладога Вадрыкура, зброя матросаў. У суседняй вёсцы знайшлі згатаваныя чалавечыя потрахі.

Атрад сабраў неабвяргальныя доказы людаедства. Знойдзеныя астанкі былі з вайсковым ушанаваннем пахаваны, а вёскі Такуры і яго супольніка Пікіёрэ падпалены з усіх канцоў. 11 ліпеня 1772 года караблі пакінулі новазеландскую ваду.

Такія былі падзеі, якія павінен захоўваць у памяці кожны падарожнік па Новай Зеландыі. Неасцярожны той капітан, які не зробіць вывадаў з гэтага апавядання. Кук пераканаўся ў гэтым у часе свайго другога падарожжа сюды ў 1773 годзе.

Шлюпка аднаго з яго караблёў — «Прыгоды», якім камандаваў капітан Фюрно, накіравалася 17 снежня на бераг за травой, але не вярнулася. У ёй было дзевяць чалавек матросаў і мічман. Устурбаваны капітан Фюрно выслаў на пошукі яе лейтэнанта Бюрнея. Падплыўшы к берагу, Бюрней застаў «сцэну канібалізма і варварства, аб якой нельга ўспамінаць без жаху: галовы, канечнасці, потрахі нашых таварышоў валяліся на сталах, а сабакі тут-жа грызлі іх косткі».

Перейти на страницу:

Похожие книги