Каб закончыць гэты крывавы пералік трэба ўпамянуць яшчэ карабль «Браты», атакаваны новазеландцамі ў 1815 годзе, разгром карабля «Бойд» у 1820 годзе і ўрэшце напад тубыльцаў на англійскі брыг «Гаус» 1 сакавіка 1829 года, які закончыўся забойствам многіх матросаў, трупы якіх неўзабаве былі з’едзены.
Такім было насельніцтва Новазеландскіх астравоў, к якім набліжаўся «Макары», пад камандай п'янага капітана і п'яных матросаў.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
Буруны
Тым часам нуднае плаванне ўсё прадаўжалася. Ішоў ужо шосты дзень з часу выхаду з Эдэма, а берагоў Оклэнда яшчэ не было відаць, не зважаючы на тое, што ўвесь час дзьмуў спадарожны свежы вецер. Магчыма, сустрэчнае цячэнне затрымлівала карабль, бо ён ледзь поўз уперад. Высокія хвалі бязлітасна трапалі судно, корпус яго трашчаў, і яно цяжка ўспаўзала на хвалю. Дрэнна нацягнутыя ванты, штагі і бакштаг слаба трымалі мачты ў часе качкі, і яны ходарам хадзілі ў сваіх гнёздах.
На шчасце, Біль Галей не спяшаў прыбыць у Оклэнд і ішоў пад умеранай паруснасцю. У іншым выпадку першы-ж шквал сарваў-бы з яго мачты. Джон Мангльс не баяўся за судно, будучы ўпэўненым, што рана ці позна ён дапаўзе да парта, але яго непакоіла, што падарожніцам невыгодна ў кубрыку.
Элен і Мэры Грант не скардзіліся на невыгоды падарожжа, хоць бесперапынны дождж прымушаў іх цэлымі днямі не выходзіць з кубрыка. Рэдка-рэдка яны ненадоўга выходзілі на палубу ўдыхнуць свежага паветра, але хутка чарговы шквал праганяў іх, і жанчыны зноў ішлі ў душнае і цеснае памяшканне, якое было больш прыгодна для перавозкі тавараў, чым людзей. Спадарожнікі ўсяляк стараліся развесяліць іх. Паганель імкнуўся чым-небудзь запоўніць доўгі нудны час, расказваючы ўсякія гісторыі, але небарака-вучоны быў і сам не вельмі ў добрым настроі, і расказы яго не мелі поспеху. Да таго-ж, падарожнікам, якія ўнутрана перажывалі крушэнне сваіх планаў, было не да весялосці. Наколькі раней яны цікавіліся лекцыямі географа аб Патагоніі і Аўстраліі, настолькі-ж абыякава яны слухалі яго расказы аб Новай Зеландыі — выпадковым этапе па дарозе ў Еўропу.
І сапраўды, у гэтую злавесную краіну яны ехалі не па добрай волі, не з энтузіязмам і надзеяй, а толькі з прычыны неабходнасці.
Гленарван пакутаваў больш як хто-небудзь з астатніх падарожнікаў. Ён амаль не заходзіў у кубрык, дый наогул не сядзеў на адным месцы. Яго нервовая натура не мірылася з зняволеннем у чатырох вузкіх сценах. Цэлымі днямі, а часта і цэлымі начамі ён бываў на палубе, не звяртаючы ўвагі на лівень, не заўважаючы салёных пырскаў, якія аблівалі яго з галавы да ног. Ён то гадзінамі нерухома стаяў, абапёршыся на парэнчы, то гадзінамі-ж нервова крочыў па палубе. Ён доўга пазіраў на мора, як быццам пра нешта запытваючы ў прасторы. Здавалася, ён хацеў разарваць туманную заслону, якая хавала гарызонт. Ён не мог пагадзіцца з няшчасцем, якое на яго навалілася, і яго твар зморшчыўся ад гора.
Джон Мангльс стараўся не пакідаць яго аднаго і разам з ім цярпеў усе капрызы непагоды.
У гэты дзень Гленарван не разлучаўся з біноклем і, як толькі туман разрываўся ў якім-небудзь месцы, адразу-ж з незразумелай настойлівасцю прыкладаў бінокль да вачэй.
— Вы шукаеце зямлю, сэр? — запытаў Джон Мангльс.
Гленарван адмоўна заківаў галавой.
— Аднак сапраўды час было-б ужо ўбачыць сухазем’е. Яшчэ трыццаць шэсць гадзін таму назад мы павінны былі ўбачыць агні Оклэнда.
Гленарван не адказаў яму. Ён бесперапынна пазіраў у бінокль.
— Зямля павінна паказацца там, сэр. Глядзіце лепш у той бок,—сказаў Джон.
— Чаму, Джон? — Я-ж сказаў вам, што шукаю не зямлю.
— А што-ж, сэр?
— Маю яхту. Мой «Дункан»! — горача сказаў Гленарван.— Ён павінен быць недзе тут, у гэтым моры. «Дункан», якога прымушаюць служыць ганебным мэтам піратаў,— тут, Джон! Я адчуваю, што мы спаткаем яго.
— Лепш-бы было нам не сустракацца, сэр.
— Чаму, Джон?
— Вы забываецеся, у якім мы становішчы, сэр. Што будзе з намі, калі «Дункан» пагоніцца за гэтым брыгам? Мы-ж не зможам нават уцячы.
— Уцячы, Джон?
— Так, сэр. Мы і гэтага не зможам зрабіць. Нягоднікі возьмуць нас у палон.. Мы будзем цалкам пад іх уладай... А вы ведаеце, што Бен Джойс не спыніцца перад злачынствам. О, калі мы трапім яму ў лапы, я не дам паламанага граша за наша жыццё. Добра, мы будзем абараняцца да апошняй каплі крыві. А далей? Што будзе потым? Падумайце пра вашу жонку, сэр, падумайце пра Мэры Грант.
— Небаракі...— прашаптаў Гленарван.— Джон, у мяне сэрца разбіта, і часамі я адчуваю як роспач авалодвае мной. Мне здаецца, што нас чакаюць новыя няшчасці, што лёс паўстаў супроць нас. Я баюся, Джон...
— Вы, сэр?
— Не за сябе, Джон, не за сябе, а за тых, каго я люблю, за тых, каго і вы любіце.