І сапраўды, хутка ўперадзе па штырборту зноў пачуўся шум прыбою. Зноў давялося мяняць курс. Джон зноў палажыў руль супроць ветру. Буруны акружалі брыг з усіх бакоў, і трэба было пайсці прама супроць ветру, каб выбрацца з іх акружэння. Але ці ўдасца выканаць гэты манеўр на няўстойлівым судне пры малой паруснасці? Надзея на поспех была малая, але іншага выхаду не было.
— Лева руля! Даадказу! — крыкнуў Джон Мангльс Вільсону.
«Макары» набліжаўся да новай грады скал. Мора вакол яго кіпела белай пенай.
Настаў момант найвялікшага напружання. Белая пена рабіла хвалі бачнымі і ў цемры. Можна было падумаць, што яны вылучаюць святло. Мора раўло з неймавернай сілай. Вільсон і Мюльрэдзі націскалі на штурвал усім цяжарам свайго цела.
Раптам пачуўся штуршок. «Макары» зачапіўся за рыф. Ватэрштагі ў бушпрыта зламаліся, бізань-мачта страціла ўстойлівасць. Ці ўдасца павярнуць судно без іншых аварый?
Не, манеўр не ўдаўся, бо вецер раптоўна сціх і судно па інерцыі плыло пад вецер. Высокая хваля падхапіла яго, панесла проста на рыфы і пасля кінула ўніз з неймавернай сілай. Бізань-мачта са ўсёй аснасткай паляцела за борт. Брыг стукнуўся два разы кілем і застыў нерухома, нахіліўшыся на штырборт пад кутом у трыццаць градусаў.
Шкло ілюмінатараў разбілася нашчэнт. Пасажыры выбеглі на палубу. Але хвалі перакачваліся па ёй з канца ў канец, і заставацца тут было небяспечна. Джон Мангльс, бачачы, што судно моцна сядзіць на рыфе, папрасіў пасажыраў вярнуцца ў кубрык.
— Скажыце праўду, Джон, небяспека вялікая? — ціха запытаў Гленарван.
Між тым Біль Галей, як шалёны, бегаў па палубе. Яго матросы, ачухаўшыся ад перапалоху, выбілі дно ў бочцы з гарэлкай і пачалі піць. Джон прадбачыў, што гэтае пагалоўнае п’янства будзе мець самыя страшныя вынікі. Не варта было разлічваць, што капітан зможа стрымаць разбушаваны запал. Няшчасны рваў на сабе валасы і ламаў рукі. Ён думаў толькі пра груз, які быў не застрахаваны.
— Я ўжо жабрак, я загінуў! — крычаў ён, бегаючы ад правага барта к леваму.
Джон Мангльс і не думаў яго ўцяшаць. Ён прапанаваў сваім таварышам узброіцца і быць напагатове, каб у любую хвіліну даць адпор матросам, якія знаходзіліся ў апошняй ступені ап'янення.
— Першага, хто паткнецца к мосціку,— спакойна сказаў маёр,— я застрэлю, як сабаку.
Пераканаўшыся, што пасажыры цвёрда вырашылі трымаць іх на далёкай адлегласці, матросы разышліся хто куды. Джон Мангльс, не звяртаючы больш увагі на гэтых п’яніц; з трывогай чакаў дня.
Судно было зусім нерухомым. Мора пакрыху супакоілася. Вецер суняўся. Брыг мог пратрымацца на паверхні хваль яшчэ некалькі гадзін. Джон пачаў углядацца ў зямлю, але нічога не мог разглядзець. Каб бераг аказаўся зручным для высадкі, то адзіны на барту ялік павінен будзе перавезці туды экіпаж і пасажыраў. Яліку трэба было зрабіць не менш трох падарожжаў туды і назад, бо ў ім маглі змясціцца ўсяго шэсць чалавек. Шлюпку даўно змыла хвалямі.
Джон Мангльс прыслухоўваўся да шуму прыбою. Ён думаў, дзе і ці далёка знаходзіцца гэтая зямля, жаданая і небяспечная. Буруны часта знаходзяцца на многа міль ад цвёрдай зямлі. Ці здолее такі слабы ялік зрабіць такі вялікі пераход?
У той час як Джон ламаў сабе галаву над усімі гэтымі пытаннямі, марачы пра тое, каб хоць прамень святла прабіў пякельную цемру, пасажыры адпачывалі на сваіх ложках. Брыг стаяў нерухома, і гэта абяцала ім некалькі гадзін спакойнага сну. Джон і яго таварышы, не чуючы больш крыкаў да непрытомнасці п’яных матросаў, хутка заснулі, і ў гадзіну ночы глыбокі спакой запанаваў на брыгу.
К чатыром гадзінам раніцы на ўсходзе зачырванелі першыя праменні зары, і воблакі перамянілі сваю афарбоўку. Джон вышаў на палубу.
Гарызонт быў засланы смугой туману. Нейкія няясныя контуры вырысоўваліся воддаль.
Джон чакаў. З кожнай хвілінай усё больш віднелася. Гарызонт афарбаваўся ў ружовы колер. Здавалася, нібы павольна падымаецца грандыёзная заслона, раскрываючы перад вачыма раскошныя дэкарацыі. З вады паказаліся ўжо чорныя верхавіны рыфаў, і ўрэшце за рысай прыбою вырысавалася асляпляюча бліскучая кропка.
Гэта была зямля. Ад брыга да яе было не больш дзевяці міль.
— Зямля! — крыкнуў Джон Мангльс.
Яго таварышы, прачнуўшыся ад гэтага крыку, усе сабраліся на палубе і моўчкі разглядалі бераг, які зараз ясна быў бачны на гарызонце. Гасцінны ці варожы, ён з’яўляўся іх адзіным прытулкам.
— Дзе Біль Галей? — запытаў Гленарван.
— Я не ведаю, сэр,— адказаў Джон Мангльс.
— А матросы?
— Не выходзілі.
— Пэўна, таму што перапіліся,— дадаў Мак-Набс.
— Трэба знайсці іх,— сказаў Гленарван,— нельга-ж пакідаць іх тут, на гэтым дзіравым рэшаце.
Мюльрэдзі і Вільсон пайшлі на бак і праз дзве хвіліны вярнуліся. Там нікога не было. Яны абшукалі ўвесь карабль і не знайшлі ні Біля Галея, ні яго экіпажа.
— Як? Нікога? — сказаў Гленарван.
— Можа яны ўпалі ў мора? — сказаў Паганель.
— Магчыма,— адказаў Мак-Набс, вельмі ўстрывожаны гэтым знікненнем.
Страшная здагадка мільганула ў галаве капітана.
— Хутчэй, к яліку! — паклікаў ён усіх прысутных.
Вільсон і Мюльрэдзі пабеглі на карму.
Але яліка там не было.