РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Матросы супроць волі
Біль Галей са сваім экіпажам, скарыстаўшы тое, што ўсе пасажыры спалі неабудным сном, уцяклі з брыга, узяўшы адзіную ўцалелую на ім лодку. Гэта не падлягала сумненню. Капітан, які павінен сыходзіць з карабля апошнім, пакінуў яго першым!
— Гэтыя нягоднікі ўцяклі,— сказаў Джон Мангльс.— Ну што-ж, тым лепш для нас. Прынамсі, мы пазбаўлены ад неабходнасці быць сведкамі агідных сцэн.
— Я тае-ж думкі,— пацвердзіў яго словы Гленарван.— Нам няма чаго шкадаваць іх, тым больш, што ў нас ёсць свой капітан на барту, а ў капітана ёсць адважныя і паслухмяныя матросы — усе мы, вашы таварышы, Джон. Загадвайце, мы гатовы слухацца.
Маёр, Паганель, Роберт, Вільсон, Мюльрэдзі і Ольбінет запляскалі ў далоні ад слоў Гленарвана. Яны выстраіліся ў рад на палубе, чакаючы распараджэнняў Джона Мангльса.
— Што трэба рабіць? — запытаў Гленарван.
Малады капітан перавёў позірк з мора на пашкоджаную аснастку брыга і, падумаўшы некалькі хвілін, адказаў:
— З гэтага становішча, сэр, у нас ёсць два выхады: першы — адрамантаваць брыг і зноў зрабіць яго мораходным і другі — хутка зрабіць плыт і дабрацца на ім да берагу.
— Калі судно можна адрамантаваць, адрамантуем яго. Хіба не праўда, што гэта лепшы выхад?
— Безумоўна, сэр, бо што мы будзем рабіць на зямлі, пазбаўленыя сродкаў перасоўвання?
— Трэба ўнікаць высадкі на бераг у малазаселеных месцах,— сказаў Паганель.— Не забывайцеся, што гэта Новая Зеландыя!
— Тым больш,— дадаў Джон,— што з прычыны нядбайнасці Галея нас занясло далёка на поўдзень. Апоўдні я паспрабую зрабіць назіранне, і калі маё меркаванне пацвердзіцца, мы паплывем на поўнач, да Оклэнда, ідучы паўз берагі.
— Але-ж брыг мае сур’ёзныя пашкоджанні,— заўважыла Элен.
— Не думаю, што пашкоджанні сур’ёзныя,— запярэчыў малады капітан.— Я пастаўлю на носе часовую мачту замест знесенай бізані, і мы паплывем, хоць павольна, але ў патрэбным нам кірунку. Калі-ж, на няшчасце, выявіцца, што корпус брыга сур’ёзна пашкоджаны, тады мы зробім плыт і як-небудзь дабярэмся да Оклэнда.
— Ну, пачнем агляд пашкоджанняў,— сказаў маёр,— у гэтую хвіліну — гэта самае важнае.
Гленарван, Джон Мангльс і Мюльрэдзі апусціліся па трапу ў трум. Там ляжала амаль дзвесце тон вырабленых скур. Джон Мангльс загадаў выкінуць іх за борт, каб лягчэйшым стаў карабль. Пасля трох гадзін цяжкай работы паказалася дно трума. У ім свяціліся дзве прабоіны на бакборце, на ўзроўні баркоута. «Макары» нахіліўся на штырборт, і гэтыя прабоіны знаходзіліся над узроўнем мора, так, што вада не магла трапіць у трум. Вільсон, хоць часова, але грунтоўна залатаў прабоіны.
У труме было не больш двух футаў вады. Лёгка было выпампаваць яе і тым даць палёгку носу карабля.
Агледзеўшы ўвесь корпус, Джон прышоў да вываду, што ўвогуле ён мала пашкоджаны. Вільсон нырнуў у ваду, каб агледзець стан знадворнага абліцавання корпуса і як моцна судно сядзіць на мелі.
Аказалася, што «Макары» сядзіць на пясчанай мелі, вельмі спадзістай. Ніжняя частка яго фарштэўня і прыкладна каля двух трэціх кіля глыбока ўрэзаліся ў пясок. Астатняя частка корпуса была на вадзе, глыбіня якой пад ахтэрштэўнем дасягала пяці сажняў. Руль не быў пашкоджан і добра круціўся вакол сваёй асі. Гэта была прыемная вестка, бо, зрушыўшы з мелі, судном адразу можна было лёгка кіраваць.
У Ціхім акіяне прылівы не дасягаюць вялікай вышыні. Тым не менш Джон Мангльс разлічваў, што прыліўная вада дапаможа «Макары» зрушыцца з мелі. Брыг сеў на мель прыкладна за гадзіну да пачатку адліву. Нахіленасць яго на штырборт павялічылася ў часе адліву. А шостай гадзіне раніцы, у момант найбольшага спаду вады, нахіленасць дасягнула свайго максімума. Значыцна, баяцца павелічэння нахіленасці не прыходзілася, і не было патрэбы падпіраць штырборт каламі. А гэта дазваляла паставіць рэі, якія былі патрэбны для ўстаноўкі фальшывай мачты замест бізані.
Заставалася толькі зрабіць лягчэйшым «Макары», каб прыліўная вада рушыла яго з мелі. Гэта была цяжкая і марудная работа. Зусім відавочна было, што яе не закончыць к поўдню, калі настане максімум прыліву. За гэтым разам можна будзе толькі праверыць як трымаецца брыг пры прыліве, а к наступнаму прыліву падрыхтаваць усё, каб зняцца з мелі.
— За работу! — скамандаваў Джон Мангльс.
Імпраправізаваныя матросы паслухмяна сталі на свае месцы. Джон Мангльс спярша загадаў зняць усе парусы. Маёр, Роберт і Паганель пад камандай Вільсона ўзлезлі на марс, каб зняць грот-марсель. Яны сяк-так выканалі гэту работу і перайшлі потым на фок. Спрытны і рухавы Роберт лепш спраўляўся са сваёй работай і даў больш карысці, чым дужэйшыя, але няўмелыя яго дарослыя таварышы.
Пасля, калі знялі парусы, трэба было завезці якар ці нават два за карму.
Гэтыя якары павінны былі, стрымліваючы на месцы карму, перадаць увесь націск прыліву ў пярэднюю частку судна, якая зарылася ў пясок.
Няцяжка завезці якары, калі судно мае шлюпку. Якар спускаюць на яе, яго адвозяць на патрэбнае месца і там кідаюць у ваду. Але на «Макары» не было лодак, і трэба было што-небудзь прыдумаць для замены іх.