Якарныя канаты напнуліся, як струны. Якары добра трымаліся за дно. Поспех залежаў ад шпаркасці выратавальных аперацый — высокая вада трымаецца на адным узроўні толькі некалькі хвілін, а потым настае адліў. Падарожнікі падвоілі намаганні. Вецер пачаў дзьмуць з вялікай сілай, і парусы гнулі мачты. Корпус судна задрыжэў. Здавалася, яшчэ адно намаганне, і брыг усплыве. Можа дастаткова было-б каб яшчэ адзін чалавек памог круціць брашпіль, пясчаная мель аддасць сваю афяру.
— Элен! Мэры! — крыкнуў Гленарван.
Маладыя жанчыны паспешна далучыліся да сваіх спадарожнікаў каля брашпіля. Барабан зрабіў яшчэ адзін поўны абарот.
Але брыг не крануўся. Манеўр не ўдаўся. Адліў пачаўся ўжо, і зараз было відаць, што спалучаных намаганняў ветру і групы людзей недастаткова, каб зняць судно з мелі.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Тэарэтычнае абаснаванне людаедства
Першы спосаб выратавання, паспрабаваны Джонам Мангльсам, не ўдаўся. Трэба было неадкладна паспрабаваць другі. Калі «Макары» не ўдалося зняць з мелі, дык трэба было як мага хутчэй пакінуць яго. Чакаць выратавання на барту пашкоджанага карабля было-б сапраўдным вар’яцтвам. У гэтым месцы не было рэгулярных рэйсаў караблёў, і можна было спадзявацца толькі на прыход выпадковага судна. Між тым першая-ж бура, нават першы моцны вецер мог нагнаць вялікую хвалю, якая немінуча растрасе «Макары» дашчэнту.
Джон хацеў дабрацца да сухазем’я, не чакаючы гэтага. Ён прапанаваў пабудаваць новы плыт, на якім маглі-б змясціцца ўсе ўдзельнікі экспедыцыі і неабходны запас правізіі. Прапанова капітана была прынята аднагалосна. Не да спрэчак было — трэба было дзейнічаць. Адразу ўсе ўзяліся за работу і прыпынілі яе толькі калі сцямнела.
Каля васьмі гадзін вечара, пасля вячэры, калі Элен і Мэры ляглі адпачыць на ложках у кубрыку, Паганель і яго сябры вышлі на палубу і там, прахаджваючыся па кругу, абмяркоўвалі сваё становішча. Роберт не адставаў ад іх, слухаючы з напружанай увагай, што гавораць дарослыя. Адважны хлопчык, не думаючы, кінуўся-б выконваць любы загад сваіх старшых таварышоў, які-б небяспечны ён не быў.
Паганель запытаў у Джона Мангльса, ці нельга праехаць на плыце да Оклэнда. Джон адказаў, што гэта было-б небяспечным мерапрыемствам, бо плыт «сшыты жывой ніткай» і не вытрымае доўгага плавання.
— Скажыце, Джон,—прадаўжаў Паганель,— а ці можна было-б даплысці да Оклэнда на шлюпцы брыга?
— Толькі ў выпадку пільнай патрэбы,— адказаў малады капітан,— дый то пры ўмове, калі плысці толькі ўдзень, а нанач прыставаць к берагу.
— Значыцца, гэтыя здраднікі, якія пакінулі нас...
— О,— перапыніў яго Джон Мангльс,— я баюся, што яны заплацілі жыццём за сваё здрадніцтва — ноч была цёмная, а яны былі зусім п’яныя.
— Так ім і трэба,— сказаў Паганель,— шкада толькі, што разам з імі загінуў ялік—ён якраз патрэбен нам зараз.
— Не разумею вас, Паганель,— сказаў Гленарван.— Нас-жа і плыт безаварыйна давязе да зямлі.
— Вось гэтага-то якраз я і хацеў унікнуць,— адказаў географ.
— Ды што гэта з вамі сёння, Паганель? Няўжо вас палохаюць якія-небудзь дваццаць пяць міль адлегласці? Мы-ж толькі што перайшлі пампасы і ўсю Аўстралію!
— Сябры мае,— адказаў вучоны,— я не сумняваюся ні ў вашай мужнасці, ні ў стойкасці нашых спадарожніц. Дваццаць пяць міль! Такая адлегласць была-б глупствам ва ўсякай краіне... але-ж не ў Новай Зеландыі. Спадзяюся, вы не палічыце мяне за баязліўца. Я першым прапанаваў вам, забрацца ў глыб Паўднёвай Амерыкі, у глыб Аўстраліі. Але тут — іншая справа. Тут я аддам перавагу якім хочаце цяжкасцям і недастачам у параўнанні з падарожжам па гэтай здрадніцкай краіне.
— А я,— адказаў Джон Мангльс,— аддам перавагу сто разоў здрадніцкаму сухазем’ю, чым гінуць на моры.
— Але чаму вы так баіцеся Новай Зеландыі, Паганель? — запытаў Гленарван.
— З-за дзікуноў,— адказаў вучоны.
— З-за дзікуноў? — паўтарыў Гленарван.— А ці нельга пазбегнуць сустрэчы з імі, калі ісці паўз бераг? Апрача таго, мне здаецца, што дзесяці добра ўзброеным еўрапейцам не страшны напад групы нікчэмных тубыльцаў.
— Дарэмна вы называеце тубыльцаў нікчэмнымі,— запярэчыў Паганель, паківаўшы галавой.— Новазеландцы аб’яднаны ў магутныя плямёны, яны заўзята змагаюцца з англійскімі захопнікамі, часта перамагаюць іх і заўсёды... з’ядаюць забітых ворагаў.
— Яны людаеды! — крыкнуў Роберт.— Людаеды...
І ён ледзь чутна прашаптаў:
— А місіс Гленарван?.. А мая сястра?...
— Не бойся, мой хлопчык,— сказаў Гленарван, каб супакоіць Роберта.— Паганель заўсёды пераўвялічвае.
— Я нічога не пераўвялічваю,— жвава запярэчыў географ.— Роберт давёў ужо нам, што ён сапраўдны мужчына, і я кажу пры ім, не тоячыся, шчырую праўду. Новазеландцы — самыя лютыя, каб не сказаць самыя пражэрлівыя, з людаедаў. Вайна для іх не больш, як паляванне на буйную дзічыну. Трэба, аднак згадзіцца, што гэта адзіны лагічны від вайны. Еўрапейцы, забіўшы ворага, хаваюць яго. Дзікуны — з’ядаюць. Бяда, вядома, не ў тым, што яны падсмажваюць сваіх ворагаў пасля смерці, а ў тым, што яны забіваюць іх, калі тыя не хочуць паміраць.