— Гэта супярэчлівае сцвярджэнне, Паганель,— сказаў маёр.— Але зараз не час для дыскусій. Лагічна ці не лагічна, каб цябе з’елі ворагі, але мы не хочам, каб нас з’елі. Скажыце, няўжо еўрапейскай цывілізацыі не ўдалося да гэтага часу перамагчы гэты агідны звычай тубыльцаў?
— Няўжо, Мак-Набс, вы думаеце, што ўсе тубыльцы ўжо цывілізаваліся? Толькі ў мінулым годзе маарыйцы зверскі забілі англічаніна Уолькнера. Спачатку яны павесілі яго, а потым прабілі яму чэрап і з’елі мазгі. Гэта злачынства было зроблена ў 1864 годзе, у Опотыкі, за некалькі міль ад Оклэнда, пад самым носам у англійскіх улад. Не, сябры мае, для таго, каб змяніць чалавечую прыроду, патрэбен час. Маарыйцы яшчэ доўга застануцца такімі, якія яны цяпер. Уся іх гісторыя — гэта гісторыя крывавых боек. Успомніце толькі, колькі еўрапейскіх матросаў яны забілі і з’елі, пачынаючы ад матросаў экспедыцый Тасмана і канчаючы пагромам «Гауса»! Толькі не думайце, што гэта беласкурыя абудзілі ў іх апетыт да чалавечага мяса. Задоўга да з’яўлення еўрапейцаў чалавечае мяса лічылася тут самай далікатнай стравай.
— Глупства! — сказаў маёр.— Выдумка падарожнікаў! Кожнаму пахвальна ўпрыгожыць выдумкай расказ аб падарожжы ў далёкую краіну...
— Дапускаю, што тут не абышлося без пераўвелічэння, але мы маем паказанні людзей, якія безумоўна заслугоўваюць даверлівасці. Кендаль, Марсдэн, Дыльён, Дзюмон-Дзюрвіль, Лаплас і шмат іншых славутых падарожнікаў пацвердзілі, гэта, і ў вас няма падстаў не верыць іх расказам. Новазеландцы лютыя ад прыроды. Калі паміраюць іх правадыры, яны афяроўваюць людзей. Імі яны спрабуюць адхіліць ад сябе гнеў магутнага нябожчыка і разам з тым забяспечыць яго слугамі на тым свеце. Але таму што яны пасля афяравання тут-жа з’ядаюць тагосветных слуг, дык мы маем права сказаць, што ў аснове гэтага звычая ляжыць не столькі страх перад нябожчыкам-правадыром, колькі імкненне яшчэ раз паласавацца.
— Аднак,— заўважыў Джон Мангльс,— я не сумняваюся, што і забабоны маюць тут вялікае значэнне. Норавы зменяцца, калі гэтыя забабоны будуць пераможаны цывілізацыяй.
— Вы закранаеце, Джон, вельмі складанае пытанне,— адказаў Паганель,— пра карэнні людаедства. Што ўтварае яго — рэлігійнасць ці голад? Аднак для нас гэта пытанне не мае ніякага значэння. Няхай карэнні людаедства застаюцца нявысветленымі, для нас важна тое, што яно існуе, і гэта адзінае, пра што мы павінны думаць!
Паганель казаў праўду. На Новай Зеландыі, таксама як на астравах Фіджы і каля берагоў Торэсава праліва, людаедства цвёрда ўкаранілася. Вядома, забабоны адыгрывалі ў гэтым пэўную ролю, але часта канібалізм абумоўліваўся і іншымі прычынамі—недахопам іншай дзічыны і нясцерпным голадам. Дзікуны пачалі есці чалавечае мяса, каб заспакоіць вялікі голад, а жрацы ўзаконілі і асвяцілі гэты агідны звычай, надаўшы яму характар рэлігійнага абрада.
Аднак, з пункту гледжання маарыйцаў, няма нічога больш натуральнага, чым гэта ўзаемапаяданне. На пытанні еўрапейцаў, чаму яны ядуць адзін аднаго, дзікуны адказвалі: рыбы ядуць рыб, сабакі ядуць людзей, людзі ядуць сабак і сабакі ядуць сабак. У іх веры ёсць нават легенда, што адзін бог з’еў другога бога. Чаму-ж пры гэтых умовах яны павінны адмаўляцца ад прыемнасці з’есці свайго ворага?
Апрача таго новазеландцы вераць, што, з’еўшы мозг забітага ворага, яны наследуюць яго душэўныя якасці: адвагу, розум, сілу і т. д. Таму вось чалавечы мозг лічыцца самай пачэснай стравай на банкетным стале. Аднак Паганель падкрэсліў, што ўсё-такі галоўнай прычынай людаедства застаецца недастача і голад і што гэта праўдзіва не толькі для новазеландцаў і акіянскіх дзікуноў, але і для дзікуноў еўрапейскіх.
— Не забывайцеся,— дадаў ён,— што людаедства доўга было ў пашане ў продкаў самых цывілізаваных народаў Еўропы і ў прыватнасці — не крыўдзіцеся, маёр,— у шатландцаў.
— Праўда? — запытаў маёр.
— Праўда, дарагі сябра. Прачытайце ўдумліва гісторыю старадаўняй Шатландыі і вы ўбачыце, якой думкі трэба прытрымлівацца наконт сваіх продкаў. Аднак, не варта глыбока залазіць у гісторыю: у часе царавання Елізаветы, калі Шэкспір пісаў свайго Шэйлока, шатландскі бандыт Сэўней Бек быў катаваны за людаедства. Што штурхнула яго есці чалавечае мяса? Рэлігійная вера? Не. Проста голад.
— З той звычайнай прычыны, што тут амаль няма жывёлы,— адказаў Паганель.— Гэта неабходна памятаць не для таго, каб апраўдаць канібалізм, але для таго, каб растлумачыць сабе прычыны яго ўзнікнення. Чатырохногіх і нават птушак амаль не сустрэнеш у гэтай краіне. Таму ва ўсе часы маарыйцы карміліся чалавечым мясам. У іх бываюць асобныя «сезоны чалавекаядзення», як у цывілізаваных краінах сезоны палявання. Тады адбываюцца вялікія войны, гэта значыць папросту аблавы на двуногую дзічыну, і цэлыя плямёны трапляюць на стол к пераможцам.
— Такім чынам,— заўважыў Гленарван,— вы лічыце, што людаедства звядзецца ў Новай Зеландыі тады, калі на яе лугах з’явяцца гурты быкоў, авечак і свіней? Правільна я вас зразумеў, Паганель?