З часу адкрыцця Новай Зеландыі Авелем Тасманам у 1642 годзе астравы гэтыя, не гледзячы на частыя наведванні еўрапейскіх караблёў, захавалі сваю незалежнасць. Ні адна з еўрапейскіх дзяржаў не думала пра захоп гэтага архіпелага, які меў уладу над паўднёвай часткай Ціхага акіяна. Але місіянеры, якія рассяліліся ў розных пунктах астравоў, далучаючы насельніцтва к «благам» хрысціянскай цывілізацыі, у той-жа час нястомна пераконвалі правадыроў падставіць шыю народаў Новай Зеландыі пад англійскае ярмо. Спакушаныя шчодрымі падарункамі, гэтыя правадыры падпісалі пісьмо к англійскай каралеве Вікторыі, у якім прасілі ўзяць «пад высокую апеку» свае астравы. Аднак самыя прадбачлівыя з правадыроў разумелі неразважнасць гэтага ўчынку. Адзін з іх, прыклаўшы к пісьму адбітак сваёй татуіроўкі, прароцкі сказаў: «Мы страцілі сваю краіну. Ад гэтага часу яна не належыць нам больш. Хутка прыдуць чужаземцы і зробяць з нас рабоў!»
І сапраўды, 29 студзеня 1840 года ў бухту Астравоў у паўночнай частцы Іка-на-Мануі прыбыў карвет[80] «Герольд». Капітан карвета Габсон высадзіўся на бераг у вёсцы Каро-ра-Рэка. Жыхарам вёскі было загадана прыйсці на сход, і там ім прачыталі граматы, якія дала каралева Вікторыя капітану Габсону.
Пятага студзеня наступнага года галоўныя новазеландскія правадыры былі запрошаны к англійскаму рэзідэнту, у вёску Пара. Капітан Габсон хацеў схіліць іх к прызнанню дзяржаўнага права Англіі над Новай Зеландыяй. Пачаўшы з таго, што каралева Вікторыя збіраецца паслаць сюды яшчэ судны і войска, ён запэўніў правадыроў, што на іх уладу ніхто не замахнецца, што яны захаваюць цалкам і поўнасцю сваю свабоду. «Аднак,— дадаў ён,— зямля павінна перайсці к каралеве, якая шчодра абдорыць за гэта».
Большасці правадыроў гэты кантракт здаўся невыгодным, і яны адмовіліся зацвердзіць яго. Але каштоўныя падарункі і яшчэ больш шчодрыя абяцанні капітана Габсона спакусілі дзікуноў, і пратэктарат Англіі над Новай Зеландыяй быў прызнаны правадырамі. Пра ўсе падзеі, якія здарыліся з гэтага дня да моманту выхаду «Дункана» з Клайдскай затокі, ведаў Паганель, і ён ахвотна расказаў пра іх сваім спадарожнікам.
— Я паўтараю тое, што ўжо неаднойчы гаварыў вам,— сказаў Паганель у адказ на пытанні падарожнікаў.— Новазеландцы — гэта мужны народ, і, паслухаўшы аднойчы Габсона, яны пасля грудзямі абаранялі ад захопнікаў кожную пядзю сваёй зямлі. Маарыйскія плямёны арганізаваны таксама, як і старыя кланы ў Шатландыі. Гэта роды, якія знаходзяцца пад уладай правадыра, і ён патрабуе безумоўнага прызнання сваёй улады. Мужчыны-новазеландцы — гордыя і адважныя людзі. Адны з іх — высокія, з гладкімі даўгімі валасамі, падобны на мальтыйцаў, другія — невысокія, прысадзістыя, падобныя на мулатаў. Але і адны і другія дужыя, ваяўнічыя і гордыя. Не дзіва, што на тэрыторыі Іка-на-Мануі ідзе бесперапынная вайна з англічанамі, бо тут жыве славутае племя вайкатаў; барацьбой супроць захопнікаў кіруе таленавіты вайсковы начальнік Вільям Тампсон.
— А хіба англічане,— запытаў маёр,— не заўладалі галоўнымі гандлёвымі, насельніцкімі і стратэгічнымі пунктамі Новай Зеландыі?
— Зразумела, дарагі маёр,— адказаў географ.—Пасля таго як астравы перайшлі пад пратэктарат Англіі, капітан Габсон, стаўшы губернатарам калоніі, падзяліў яе тэрыторыю на дзевяць правінцый. Адміністрацыйны падзел астравоў быў зроблены не адразу, а паступова — з 1841 да 1862 года. У сучасны момант астравы падзелены так: Іка-на-Мануі на чатыры правінцыі — Оклэнд, Таранкі, Велінгтон і Гауксбей, паўднёвы востраў — на пяць правінцый: Нельсон, Мальборо, Кентэрберы, Отаго і Саутлэнд. Насельніцтва астравоў па вестках на 30 чэрвеня 1864 года складалася са ста васьмідзесяці тысяч трохсот сарака шасці чалавек. Усюды выраслі даволі буйныя гарады. Калі мы трапім у Оклэнд, вы палюбіце гэты чароўны горад, размешчаны на вузкім перашыйку ў Ціхім акіяне. Оклэнд, не гледзячы на сваё кароткае існаванне, налічвае ўжо дванаццаць тысяч жыхароў. На захадзе вырас горад Н’ю-Плімут; на ўсходзе — Агурыры; на поўдні — Велінгтон. Усё гэта квітнеючыя гандлёвыя гарады з хутка растучым насельніцтвам. На паўднёвым востраве выраслі гарады Нельсон, Піктон, Крыстчэрч, Інверкаргіль і Дэндзін, куды з усіх канцоў свету з'язджаюцца шукальнікі золата. Заўважце, што гэта не зграмаджэнне хацін якога-небудзь дзікага племені; усё гэта сапраўдныя гарады з партамі, банкамі, докамі, царквамі, музеямі, батанічнымі садамі, добрачыннымі таварыствамі, філасофскімі інстытутамі, масонскімі ложамі, клубамі, спявацкімі таварыствамі, тэатрамі і нават палацам сусветнай выстаўкі. Якраз у сёлетнім 1865 годзе тавары і вырабы ўсяго свету выстаўлены ў гэтым палацы ў краіне людаедаў.
— Не зважаючы на тое, што тут не спыняецца вайна з тубыльцамі? — запытала Элен.