— Геометр Уіткомб і Чарльтон Гавіт,— той самы, які знайшоў астанкі Бёрка,— памятаеце, я вам расказваў пра яго на прывале каля берагоў Вімеры. Уіткомб і Гавіт стаялі на чале двух самастойных экспедыцый, накіраваных для даследавання вострава Таваі-Пуна-му. Абедзве экспедыцыі выехалі з Крыстчэрча ў пачатку 1863 года, каб знайсці перавалы ў горах паўночнай часткі правінцыі Кентэрберы. Гавіт, перайшоўшы горны ланцуг каля паўночных граніц правінцыі, паставіў свой лагер на беразе возера Брунера. Уіткомб-жа знайшоў у даліне Ракапа праход, які вёў к усходняму схілу гары Тіндаля. Уіткомба суправаджаў нейкі Якаў Лупер, які пасля надрукаваў у Літльтон-Таймсе справаздачу аб падарожжы і катастрофе. 22 красавіка 1863 года абодва даследчыкі знаходзіліся каля падножжа ледавіка, з якога выцякала рака Ракапа. Яны забраліся на вяршыню гары і пачалі шукаць выгодных праходаў цераз яе. Стомленыя цяжкім уздымам, Уіткомб і Лупер заначавалі на снезе на вышыні чатырох тысяч футаў над узроўнем мора. На працягу наступных сямі дзён яны цягаліся па гарах у пошуках выгоднага перавалу, заходзячы ў цясніны без выйсця, у лагчыны з бяздоннямі, у праходы, загароджаныя абваламі. Яны не маглі распаліць вогнішча з-за недахопу паліва, пакутвалі ад голаду, бо цукар ператварыўся ў сіроп, а сухары — у мокрае цеста; адзежа іх прамокла да ніткі, абутак парваўся дашчэнту. У дадатак да ўсяго гэтага іх літаральна ела машкара. Так бадзяліся яны да 29 красавіка, праходзячы ў добрае надвор’е па тры мілі за дзень, а ў дрэннае надвор’е — ледзь дзесяць ярдаў, пакуль не набрылі на хаціну маарыйца, у якой знайшлі крыху бульбы. Гэта было апошняе снеданне, у якім удзельнічалі два сябры.
Пад вечар яны спусціліся к берагу мора каля вусця ракі Тарамакау. Трэба было перабрацца на правы бераг яе, каб ісці на поўнач, к рэчцы Грэя. Тарамакау — шырокая і шматводная рака. Пасля двухгадзінных пошукаў Лупер знайшоў дзве пашкоджаныя пірогі. Ён адрамантаваў іх, як умеў, і звязаў іх разам. Перад заходам сонца сябры спусцілі звязаныя пірогі на ваду. Але лодкі напоўніліся вадою, перш чым яны даехалі да сярэдзіны ракі. Уіткомб саскочыў у ваду і вярнуўся на левы бераг. А Лупер, які не ўмеў плаваць, учапіўся за борт пірогі. Гэта выратавала яго, але раней ён нямала пахваляваўся. Няшчаснага занесла к бурунам. Хваля кідала яго на дно; наступная зноў выцягвала яго на наверхню мора. Яго кідала на скалы. Настала беспрасветная цемра. Дождж ліў як з вядра. А хвалі ўсё гулялі з Луперам,— цела яго было ўсё ў сіняках. Тым не менш ён не выпускаў з рук барта лодкі. Урэшце пасля доўгіх мук хваля выкінула лодку на бераг. Тут Лупер знепрытомнеў. Назаўтра раніцой, прачнуўшыся, ён папоўз к вадзе і тут убачыў, што плынь несла яго больш чым на мілю ў бок ад таго месца, адкуль ён пачаў пераправу цераз раку. Напіўшыся вады, ён устаў і пайшоў уздоўж берагу па цячэнню ракі. Неўзабаве ён знайшоў свайго таварыша ў балотнай твані. Уіткомб быў нежывы. Лупер голымі рукамі выкапаў у пяску яму і пахаваў свайго сябра. Праз два дні самога Лупера, які паміраў ад голаду, падабралі жаласлівыя маарыйцы — ёсць і такія! Чацвертага мая яны прывялі яго ў лагер Чарльтона Гавіта каля возера Брунера. Лупер не мог, вядома, прадбачыць, што і гэты даследчык загіне ад такой-жа смерці ледзь праз шэсць тыдняў пасля сканання няшчаснага Уіткомба...
— Так,— сказаў Джон Мангльс,— можна падумаць, што падарожнікі звязаны між сабой нейкім ланцугом, і варта сярэдняму звяну яго лопнуць, як яны гінуць адзін за адным...
— Ваша праўда, Джон,— сказаў Паганель.— Я сам неаднаразова заўважаў гэта. Ну, скажыце, дзеля якога закона салідарнасці Гавіт павінен быў загінуць амаль пры аднолькавых акалічнасцях з Уіткомбам? Я не магу адказаць на гэта пытанне. Чарльтону Гавіту каланіяльны ўрад даручыў намеціць трасу шасе ад даліны Хурунуі да вусця Тарамакау. Ён выехаў 1 студзеня 1863 года ў суправаджэнні пяці чалавек. Ускладзенае даручэнне ён выканаў вельмі добра, і згодна яго ўказанняў была праведзена дарога даўжынёй на сорак міль. Пасля гэтага Гавіт вярнуўся ў Крыстчэрч і, не гледзячы на набліжэнне зімы, прапанаваў прадоўжыць работу. Адміністрацыя дала на гэта згоду. Гавіт папоўніў запасы прадуктаў і вярнуўся ў свой лагер, каб перазімаваць там. Якраз у гэты час ён падабраў Якава Лупера. 27 чэрвеня Гавіт пакінуў лагер у суправаджэнні двух сваіх таварышоў — Роберта Літля і Генры Мюліса. Яны перабраліся цераз возера Брунера. З таго часу ніхто ніколі не бачыў іх. Іх лодку знайшлі перавернутай на беразе. Няшчасных шукалі на працягу дзевяці тыдняў, але дарэмна. Тады стала зразумелым, што гэтыя няшчасныя не ўмелі плаваць і ўтапіліся ў возеры.
— А чаму не дапусціць, што яны жывыя і ўзяты ў палон якім-небудзь новазеландскім племенем? — запытала Элен.— Няма-ж прамых доказаў іх смерці.
— О не, місіс, з таго часу, як яны загінулі, прайшло больш года, і яны не вярнуліся... А калі чалавек больш года не варочаецца з унутранай Новай Зеландыі, дык можна не сумнявацца,— прашаптаў пад канец Паганель,— што ён беспаваротна загінуў.