— Англічан мала турбуе гэта вайна,— адказаў Паганель.— Яны б’юцца адной рукой, а другой наладжваюць выстаўкі, і, як бачыце, гэта зусім магчыма. Мала таго, пад стрэламі новазеландцаў яны нават пракладваюць чыгункі. У правінцыі Оклэнд збудаваны чыгункі ў Друры і Мэрэ-Мэрэ; рэйкі кладуць па тэрыторыі, занятай паўстанцамі. Я гатовы ісці ў заклад, што рабочыя будаўніцтва не адзін раз кідалі кірку і з вінтоўкай у руках абараняліся, схаваўшыся за лакаматыў.

— I гэтая бясконцая вайна прадаўжаецца і цяпер? — запытаў Джон Мангльс.

— Мінула доўгіх шэсць месяцаў з таго часу, як мы пакінулі Еўропу,— сказаў Паганель.— Таму я не магу вам сказаць пэўна, што тут адбываецца. Весткі, якія я знайшоў у сеймурскіх і мэрыбораўскіх газетах у часе пераезду цераз Аўстралію, маюць занадта павярхоўны характар. Аднак у той час на Іка-на-Мануі здорава біліся!

— Калі пачалася гэта вайна? — запытала Мэры.

— Вы хочаце запытацца, калі яна аднавілася, міс Мэры? — адказаў Паганель.— Першае паўстанне адбылося ў 1845 годзе. Апошняе-ж пачалося ў канцы 1863 года. Аднак ужо задоўга да гэтага маарыйцы таемна падрыхтоўвалі паўстанне супроць сваіх прыгнятальнікаў — англічан. Мясцовыя нацыяналісты хацелі абраць каралём старога маарыйскага правадыра Потатау, а вёску між рэкамі Вайкато і Вайпой, у якой ён жыў, зрабіць сталіцай новага каралеўства. Сам Потатау быў больш хітрым, як адважным старым, але ў яго быў разумны і энергічны першы міністр — Вільям Тампсон, з племені Нгаціхахуа, які валодаў Оклэндскім перашыйкам да захопу яго англічанамі. Тампсон злучыў раскіданыя сілы маарыйцаў. Па яго нагавору адзін правадыр з Таранакі згуртаваў вакол сябе ўсе плямёны сваёй акругі; другі правадыр, з Вайкато, устанавіў сапраўдную «Зямельную лігу», якая пераконвала тубыльцаў не прадаваць сваёй зямлі англічанам. Як у цывілізаваных краінах, тубыльцы пачалі з мітынгаў і закончылі паўстаннем. Англійскія газеты пачалі друкаваць трывожныя карэспандэнцыі з Новай Зеландыі, і ўрад сур’ёзна зацікавіўся дзейнасцю «Зямельнай лігі». Карацей кажучы, міна гатова была выбухнуць, і нехапала толькі іскры,— сутычкі супроцьлеглых інтарэсаў,— каб загрымеў гэты выбух.

— I гэта сутычка адбылася? — запытаў Гленарван.

— Яна адбылася ў 1860 годзе, у правінцыі Таранакі, на паўднёва-заходнім узбярэжжы Іка-на-Мануі. Аднаму тубыльцу належала шэсцьсот гектараў зямлі недалёка ад Н’ю-Плімута. Ён прадаў гэтую зямлю англійскаму ўраду. Але калі прышлі каморнікі, каб змераць участак, правадыр Кінга заявіў пратэст. Ён ператварыў спрэчны ўчастак зямлі ў сапраўдную крэпасць. Але англійскі палкоўнік Гольд лёгка ўзяў гэту крэпасць. У гэты дзень прагучэлі першыя стрэлы каланіяльнага паўстання.

— Ці шмат ёсць маарыйцаў? — запытаў Джон Мангльс.

— Маарыйскага насельніцтва намнога менш стала за апошняе стагоддзе. У 1769 годзе Кук налічваў яго, прыкладна, чатырыста тысяч душ. У 1845 годзе перапіс, зроблены каланіяльнай адміністрацыяй, паменшыў гэтую лічбу да ста дзевяці тысяч. Гэта вынік сумеснага дзеяння карных экспедыцый, хвароб і спіртных напіткаў, прывезеных англічанамі. Сёння тубыльнае насельніцтва астравоў складае, прыкладна, дзевяноста тысяч чалавек, у тым ліку трыццаць тысяч воінаў, якія яшчэ доўга будуць супраціўляцца захопнікам.

— І гэтае паўстанне праходзіць паспяхова для тубыльцаў? — запытала Элен.

Перейти на страницу:

Похожие книги