РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
Трыццаць міль на поўнач
Сёмага лютага, а шостай гадзіне раніцы, Гленарван падаў сігнал да выхаду. Дождж сціх яшчэ ноччу. Неба, укрытае воблакамі, не прапускала прамых сонечных праменняў. Умераная тэмпература спрыяла падарожнікам і дазволіла без асаблівай стомы зрабіць дзённы пераход.
Паганель прамераў па карце адлегласць між мысам Кахуа і Оклэндам. Яна была роўна васьмідзесяці сухаземным мілям, або васьмі дзённым пераходам па дзесяць міль кожны. Пры складанні маршрута географ адмовіўся ад ходу ўздоўж звілістага марскога берагу і намеціў другі, больш кароткі шлях. Гэты шлях праходзіў цераз месца злучэння рэк Вайкато і Вайпы, трыццаць міль на поўдзень ад пункта, дзе яны высадзіліся. Адсюль маршрут падарожнікаў ішоў па Оклэндскаму паштоваму гасцінцу, цераз увесь востраў ад Напіра да Оклэнда. Па шляху быў гарадок Друры, добрыя гасцініцы якога хваліў Гохштэтэр.
Усклаўшы на спіну кожны сваю долю цяжару прадуктаў, падарожнікі пайшлі ўздоўж берагу бухты Аотэа. Дзеля асцярожнасці яны ішлі цеснай групкай, трымаючы напагатове зараджаныя карабіны і пільна ўглядаючыся ўдалечыню ў узгоркавую раўніну на ўсходзе. Паганель не выпускаў з рук цудоўнай карты Джанстона і радаваўся як артыст, пераконваючыся ў дакладнасці яе ў найменшых дэталях.
На беразе, што заліваўся хвалямі прыліву, гуляла некалькі марскіх жывёл, якія без страху пазіралі на падарожнікаў. Гэта былі цюлені. Іх куртатыя морды з шырокім ілбом і выразлівымі вачыма мелі добрадушны выгляд. Цюленяў безліч на берагах Новай Зеландыі, і паляванне на іх дае вялікія прыбыткі, бо іх тлушч і скуры карыстаюцца вялікім попытам.
Сярод цюленяў Паганель заўважыў некалькі марскіх сланоў. Гэтая вялікая жывёла, ляніва разлёгшыся на мяккай падсцілцы з вадаростаў, падымала свае хобаты, і, нібы грымаснічаючы, шавяліла грубым шоўкам сваіх доўгіх вусоў, закручаных кольцамі, як барада франта.
Сапраўды, каля дзесятка цюленяў, якія толькі што «пад’елі» камення, нырнулі ў ваду і зніклі з вачэй. Цюлені глытаюць каменне як баласт, каб лягчэй хавацца пад вадой. Вярнуўшыся на зямлю, яны выкідаюць гэтае каменне. Але Гленарван не мог траціць каштоўнага часу на чаканне іх звароту, і як не хацелася Паганелю прысутнічаць пры гэтым, як цюлені будуць вызваляцца ад свайго баласта, яму давялося далучыцца да атрада і ісці далей.
А дзесятай гадзіне падарожнікі прыпыніліся, каб паснедаць каля падножжа вялікай базальтавай скалы на беразе мора. Устрычная мель, што была побач, забяспечыла іх дастатковай колькасцю гэтых малюскаў. Але сырыя ўстрыцы аказаліся нясмачнымі. Паганель параіў тады Ольбінету спячы іх на гарачым вугаллі. У такім выглядзе гэта страва намнога смачнейшая.
Потым атрад зноў крануўся ў дарогу ўздоўж берагу бухты. На грэбнях скал знайшлі сабе прытулак безліч птушак. Тут былі фрэгаты, чайкі, альбатросы, глупышы.
К чатыром гадзінам папоўдні атрад прайшоў ужо дзесяць міль. Гэты першы пераход быў лёгкім, і ніхто не стаміўся. Элен і Мэры прапанавалі ісці ўперад да надыходу ночы. Атрад быў у гэты час недалёка ад даліны ракі Вайпы, якая пачыналася за ўзгоркамі.
Дарога вяла полем, якое зарасло густой зялёнай травой. З першага позірку падарожнікі вырашылі, што ісці будзе лёгка. Але, ступіўшы на зялёны дыван, яны зразумелі, што радасць іх была заўчаснай. Траву змянілі зараснікі невысокіх кустоў з белымі кветкамі. Сярод іх раслі папаратнікі, якіх так многа ў Новай Зеландыі. Даводзілася працярэбліваць сабе дарогу сякерай, адваёўваючы кожны крок ў ліпкіх сцяблоў. Тым не менш к васьмі гадзінам вечара маленькі атрад мінуў першыя прыгор’і хрыбта Хакарыхатоа і тут спыніўся лагерам.
Пасля пераходу ў чатырнаццаць міль адпачынак здаўся асабліва прыемным. Таму што ні фургона, ні палаткі не было, падарожнікі размясціліся проста на зямлі, у засені пышнай нарфолькскай сасны. На шчасце, у атрадзе было даволі коўдраў, і, паслаўшы іх, усе ляглі спаць.
Гленарван прыняў неабходныя меры перасцярогі на ноч. Ён сам і яго спадарожнікі, узброеныя да зубоў, павінны былі па чарзе вартаваць усю ноч да раніцы. Яны не распальвалі вогнішча: вогненны бар’ер—выдатная абарона ад дзікіх звяроў, але ў Новай Зеландыі няма ні тыграў, ні мядзведзяў, ні львоў, ні іншых буйных драпежнікаў, калі не лічыць саміх новазеландцаў, а вогнішча магло толькі прывабіць гэтых двуногіх ягуараў.
Пераначавалі спакойна. Падарожнікі маглі паскардзіцца толькі на абрыдлых земляных блох, укус якіх даволі непрыемны, ды на адважнае сямейства палявых мышэй, якія спрабавалі сваімі моцнымі зубамі атакаваць мяхі з ежай атрада.
Назаўтра раніцой, 8 лютага, Паганель прачнуўся ў добрым настроі, амаль зміраны з краінай. Маарыйцы, якіх ён больш за ўсё баяўся, не трывожылі яго нават у сне. Ён адразу паведаміў аб гэтым Гленарвану.
— Я пачынаю спадзявацца,— сказаў ён,— што гэтая маленькая прагулка скончыцца шчасліва. Сёння ўвечары мы дойдзем да месца злучэння Вайкато і Вайпы і выйдзем на Оклэндскі паштовы гасцінец, дзе сустрэча з тубыльцамі будзе ўжо мала магчымай.
— Колькі нам трэба прайсці да гасцінца? — запытаў Гленарван.