— Міль пятнаццаць. Гэты пераход не большы за той, які мы ўчора зрабілі.
— Але мы не пройдзем за дзень пятнаццаці міль, калі дарога будзе як і раней, ісці сярод зараснікаў,— запярэчыў Гленарван.
— Не,— адказаў Паганель,— мы пойдзем берагам ракі Вайпы. Там дарога павінна быць лёгкай.
— У дарогу! У дарогу! — скамандаваў Гленарван, убачыўшы, што падарожніцы падрыхтаваліся к паходу.
На працягу першых гадзін хмызнякі сапраўды затрымлівалі атрад. Дарога была непраходнай ні для экіпажаў, ні для коней, таму падарожнікі не шкадавалі аб сваім аўстралійскім фургоне. Да таго часу, пакуль Новая Зеландыя не перапляцецца сеткай шасейных дарог, па яе сцежачках можна будзе прайсці толькі пешаходу. Папаратнікі, якіх расце тут безліч, абараняюць родную зямлю ад захопнікаў з такой-жа ўпартасцю, як і самі маарыйцы.
Атраду давялося перамагчы тысячы перашкод пры пераходзе па раўніне, акружанай узгоркамі Хакарыхатоа. Але каля паўдня падарожнікі дайшлі да Вайпы, і далей дарога стала лепшай.
Даліна Вайпы была чароўная. Мноства ручайкоў, якія ўліваліся ў раку, павабна выгіналіся сярод хмызнякоў даліны. Як пісаў натураліст Гукер, у Новай Зеландыі расце дзве тысячы відаў раслін, з іх пяцьсот уласцівы толькі гэтым астравам. Тут мала кветак, і яны не адрозніваюцца яркасцю фарбаў. Мала таксама і аднагадовых раслін, але затое папаратнікаў, парасонавых і злакаў — вялікі збытак.
То тут, то там красаваліся асобныя дрэвы з чырвонымі кветкамі — «метросідэрас», нарфолькскія сосны, туі з вертыкальна растучым галлём, рознавіднасці кіпарысаў, так званыя «рыму», такія-ж сумныя, як і іх еўрапейскія родзічы. Усе гэтыя ствалы былі аплецены бясконца рознастайнымі папаратнікамі. Між галлём дрэў і ў кустах пырхалі і шчабяталі какаду, зялёныя какарыкі з чырвоным паяском на грудзях, таупо з пышнымі чорнымі бакамі і велізарныя, велічынёй з качку, рыжыя папугаі з раскошным апярэннем, празваныя натуралістамі «паўднёвымі нестарамі».
Маёру і Роберту ўдалося, не адыходзячы далёка ад атрада, застрэліць некалькі бекасаў і курапатак, якія гарэзавалі сярод нізкарослых хмызнякоў. Каб не траціць часу на прывале, містэр Ольбінет абскуб іх дарогай.
Паганель цікавіўся толькі тымі птушкамі, якія ўласцівы выключна Новазеландскаму архіпелагу. Цікаўнасць вучонага заглушыла ў ім апетыт падарожніка. Ён успомніў,— а вядома, што памяць у Паганеля была дасканалая,— адну дзіўную тубыльную птушачку — туі. Яе еўрапейскія натуралісты завуць то перасмешнікам за яе бесперапынны рэзкі рогат, то манахам — за яе чорнае, як смала, апярэнне з белым каўнерыкам, якое нагадвае адзенне манаха-дамініканца.
— За зіму гэтая птушка так тлусцее,— расказваў ён маёру,— што аж хварэе. Яна не можа больш лягаць. Тады яна раніць сябе ў грудзі ўдарамі дзюбы, каб вызваліцца ад лішняга тлушчу. Хіба гэта не дзіўна, Мак-Набс?
Але затое яму пашчасціла сустрэць другую дзіўную птушку, што ўцякла ў пустэльныя мясцовасці ад чалавека і прыручанай ім жывёлы, і якая, як відаць, пагражае зусім знікнуць з новазеландскай фауны. Роберт, бегаючы сярод кустоў, як сапраўдны разведчык, знайшоў у гняздзе з пераплеценых каранёў пару птушак, падобных на курэй, але без крылляў і без хвастоў, з чатырма пальцамі на лапах, доўгай, як у бекаса, дзюбай і белым густым апярэннем на ўсім целе. Гэтыя дзіўныя стварэнні здаваліся пераходнай ступенню між птушкавымі і сысунамі.
Гэта былі новазеландскія ківі, або бяскрылыя aptrix australis па тэрміналогіі натуралістаў, якія ядуць аднолькава з ахвотай і зерняты, і чарвякоў, і мошак. Гэтая птушка жыве выключна ў Новай Зеландыі, і яе вельмі цяжка акліматызаваць у еўрапейскіх заалагічных садах. Яе арыгінальны выгляд і смешныя рухі заўсёды зварочвалі на сябе ўвагу падарожнікаў. І калі Дзюман-Дзюрвіль арганізаваў сваё славутае падарожжа ў Океанію, Акадэмія навук асоба даручыла яму прывезці ў Еўропу прадстаўнікоў гэтай дзіўнай пароды птушак. Але, не гледзячы на абяцаныя тубыльцам шчодрыя падарункі, славутаму падарожніку не ўдалося атрымаць ні аднаго ківі.
Паганель быў надзвычай шчаслівы, што мае такую знаходку. Ён беражна звязаў разам пару ківі і панёс іх, маючы намер падараваць іх заалагічнаму саду ў Парыжы. Географ, які ад усяго прыходзіў у захапленне, ужо ўяўляў надпіс на бронзавай дошчачцы над самай прыгожай клеткай у садзе:
ПАДАРУНАК ЖАКА ПАГАНЕЛЯ