Татуіроўка — «мока» па-новазеландску — адзнака высокага звання. Яе атрымлівае толькі той, хто паказаў сваю храбрасць у бойках. Рабы і просты народ не маюць на яе права. Татуіроўка высокіх асоб, правадыроў адрозніваецца ад татуіроўкі звычайных воінаў сваёй складанасцю і далікатнасцю работы, прычым найчасцей яна мае ўзоры розных жывёл. Некаторыя з правадыроў разоў па пяць церпяць балючую аперацыю татуіроўкі. І чым чалавек знатнейшы, тым больш ён размалёваны.
Дзюмон-Дзюрвіль паведамляе цікавыя факты аб гэтым звычаі. Ён праводзіць зусім правільную паралель між татуіроўкай і гербамі, якімі ганарацца еўрапейскія арыстакратычныя роды. «Аднак,— кажа ён,— у той час, як герб еўрапейскай сям’і сведчыць толькі аб тым, што заснавальнік роду меў нейкія заслугі і вартасці, якіх можа зусім пазбаўлены яго патомкі, «мока» новазеландца сведчыць пра асабістыя якасці і адвагу свайго ўладара».
Дарэчы, апрача таго, што татуіроўка служыць адзнакай, яна мае яшчэ і бясспрэчную выгоду, робячы скуру неадчувальнай да холаду і ўкусаў маскітаў.
Што да правадыра, які кіраваў лодкай, дык у значнасці яго баявых заслуг нельга было сумнявацца: яго твар меў сляды пяцірадовай татуіроўкі.
Ён быў захутаны ў шырокі плашч з даматканай воўны, аблямаваны сабачымі скуркамі, і падпяразаны фартухом, на якім былі яшчэ сляды крыві ад апошняй бітвы. У яго вушах тырчэлі завушніцы з зялёнага нефрыта, а на шыі віселі пацеркі з пунаму — святых каменьчыкаў, якім забабонныя тубыльцы прыпісваюць цудатворную сілу, з-за пляча ў яго тырчэла руля стрэльбы англійскага ўзору, а пры баку — пату-пату, зброя, падобная на двухбаковую сякеру.
Уперадзе правадыра сядзела дзевяць воінаў ніжэйшага ранга, але таксама да зубоў узброеных і не менш лютых з выгляду. Яны сядзелі нерухома, захінуўшыся ў свае плашчы. Каля іх ног ляжалі тры сабакі. Восем грабцоў былі, відаць, парабкамі ці рабамі правадыра. Яны грэблі з усёй сілы, і лодка імкліва імчалася супроць вады ракі Вайкато, дарэчы не вельмі шпаркай. Па сярэдзіне лодкі на падсцілцы з папаратніка сядзела дзевяць палонных еўрапейцаў. Ногі ў іх былі звязаны, а рукі вольныя.
Гэта былі Гленарван, Элен, Мэры і Роберт Грант, Паганель, маёр, Джон Мангльс, Ольбінет і абодва матросы.
Напярэдадні ўвечары маленькі атрад у тумане зайшоў у самае сэрца вялікага лагера тубыльцаў. Ноччу новазеландцы заўважылі сонных еўрапейцаў, узялі іх у палон і занеслі звязанымі ў пірогу. З імі да гэтага часу абыходзіліся някепска, але ясна было, што супраціўляцца дарэмна: іх зброя і снаражэнне трапіла ў рукі тубыльцаў, і кулі з уласных іх карабінаў хутка-б спынілі ўсякую спробу супраціўлення.
Палонныя зразумелі з кароткіх англійскіх слоў, якія ўстаўлялі ў сваю гаворку тубыльцы, што англійская армія разбіла іх атрады і што зараз яны ўцякаюць у далёкія вобласці вярхоўя ракі Вайкато.
Правадыр маарыйцаў пасля дарэмнай спробы супраціўляцца англійскай рэгулярнай сіле, пакінуўшы забітымі і раненымі значную частку сваіх байцоў, вырашыў адступіць у глыб краіны, каб завербаваць новых воінаў у вёсках каля рэк і потым пайсці на злучэнне з непераможным Вільямам Тампсонам, які ўсё яшчэ прадаўжаў барацьбу з захопнікамі.
Гэтага правадыра звалі Каі-Куму — імя, грознае па свайму значэнню — «той, хто есць сваіх ворагаў». Каі-Куму быў беззаветна храбрым і ў той-жа час бязмежна лютым чалавекам. Ад яго дарэмна было чакаць літасці. Яго імя было добра вядома кожнаму англічаніну, які жыве ў Новай Зеландыі, і англійскі ўрад абяцаў буйную ўзнагароду таму, хто даставіць яго жывога або мёртвага.
Гэта страшнае няшчасце навалілася на галаву Гленарвана і яго спадарожнікаў у тую самую хвіліну, калі яны былі амаль на парозе Оклэнда — парта, з якога прамым рэйсам можна было вярнуцца ў Еўропу. Аднак, пазіраючы на спакойны твар Гленарвана, нікому-б не прышло ў галаву, што сэрца яго сціскаецца ад нястрымнага болю.
Шатландзец у хвіліну сур’ёзнай небяспекі цудоўна валодаў сабой. Ён разумеў, што зараз яму трэба быць прыкладам для сваёй жонкі і таварышоў; ён гатовы быў памерці ў любую хвіліну, каб яго смерць магла хоць чым-небудзь палепшыць іх становішча.
Спадарожнікі Гленарвана былі варты такога начальніка. Пазіраючы на іх спакойныя і гордыя твары, нельга было падумаць, што яны падрыхтаваліся да страшнай смерці. Па парадзе Гленарвана, яны рашылі трымацца вельмі спакойна перад тубыльцамі.
Толькі такія паводзіны маглі ўразіць жорсткіх дзікуноў. Варта адзначыць, што дзікуны наогул і маарыйцы ў асаблівасці надзелены пачуццём уласнай вартасці і паважаюць гэта пачуццё нават у ворага. Гленарван ведаў, што, надаўшы сабе павагу гордым і бязбоязным выглядам, удзельнікі экспедыцыі гэтым самым пазбавяцца ад лішніх пакут і дрэннага абыходжання.
З часу выхаду з лагера тубыльцы, маўклівыя, як усе дзікуны, ледзь перакінуліся некалькімі словамі між сабой. Аднак з некалькіх вымаўленых імі слоў Гленарван убачыў, што яны разумеюць англійскую мову. Таму ён рашыў запытаць у правадыра, што ён думае з імі рабіць. Звярнуўшыся да Каі-Куму, ён сказаў цвёрдым голасам, без ценю страха:
— Куды вязеш нас, правадыр?