Каі-Куму няветліва паглядзеў на яго і нічога не адказаў.

— Што ты хочаш зрабіць з намі?

У вачах Каі-Куму мільганула маланка, і ён адказаў:

— Памяняць вас на нашых палонных, калі вы дорагі для вашых землякоў; забіць вас, калі яны адмовяцца ад замены.

Гленарван больш не распытваў. Прамень надзеі сагрэў яго сэрца. Ён зразумеў, што нейкія маарыйскія правадыры трапілі ў палон к англічанам, і дзікуны спадзяваліся вярнуць іх у свае рады шляхам замены. Значыцца, надзея яшчэ не згублена, і становішча палонных не такое безнадзейнае, як яму здавалася.

Паганель, якога прыродная жвавасць заўсёды штурхала на крайнасці, ад поўнай безнадзейнасці мігам пераскочыў да поўнай упэўненасці ў выратаванні. Ён цяпер падумаў, што маарыйцы толькі пазбавяць экспедыцыю ад лішніх турбот і клопатаў, даставіўшы ўсіх удзельнікаў яе проста ў распараджэнне англійскага войска, і што, з гэтага пункту гледжання, іх палон быў не няшчасцем, а ўдачай. Супакоіўшыся, вучоны схіліўся над сваёй картай і сачыў па ёй за ўсімі выгінамі плыні ракі Вайкато. Элен і Мэры, ледзьве стрымліваючы сваю трывогу, паціху гутарылі з Гленарванам, і старонні назіральнік ніколі не здагадаўся-б, што жах смерці сціскае іх сэрцы.

Вайкато — нацыянальная рака Новай Зеландыі. Маарыйцы ганарацца ёй і любяць яе, як немцы — Рэйн, а славяне — Дунай. Рэчышча гэтай ракі, даўжынёй на дзвесце міль, абвадняе самыя ўраджайныя вобласці паўночнага вострава — ад правінцыі Велінгтон да правінцыі Оклэнд. Імя гэтай ракі носяць усе плямёны, якія жывуць на яе берагах, г. зн. цвет новазеландскай расы, неўтаймоўныя і неўціхаміраныя храбрацы, паўстаўшыя ўсім народам супроць тыраніі захопнікаў-англічан.

Рака гэта амаль невядомая для еўрапейцаў; па ёй плавалі і плаваюць толькі тубыльныя пірогі. Толькі вельмі нямногія турысты асмельваліся наведаць яе вусце. На берагі-ж вярхоўя Вайкато ніколі не ступала нага еўрапейца.

Паганель ведаў, з якой пашанай ставяцца да гэтай ракі тубыльцы. Яму было вядома, што ні адзін даследчык прыроды — еўрапеец не заходзіў далей месца яе злучэння з Вайпай. Таму яму да болю хацелася даведацца, куды павязе сваіх палонных Каі-Куму. Але запытаць было немагчыма, і географ так і не даведаўся-б нічога, каб выпадкова не звярнуў увагі на тое, што слова «Таупо» часта ўспаміналася ў гутарках правадыра са сваімі воінамі. Паганель паглядзеў на карту і ўбачыў, што так названа вялікае возера ў гарыстай частцы вострава, на поўдні правінцыі Оклэнд. Вайкато бярэ пачатак з гэтага возера. Між возерам і месцам злучэння з Вайпай рака працякае каля ста дваццаці міль.

Паганель па-французску, каб не зразумелі тубыльцы, папрасіў Джона Мангльса вызначыць хуткасць руху пірогі.

— Каля трох міль у гадзіну,— адказаў малады капітан.

— У такім выпадку,— сказаў географ,— калі мы будзем прыпыняцца нанач, падарожжа да возера зойме каля чатырох дзён.

— А дзе размешчаны англійскія атрады? — запытаў Гленарван.

— Гэта цяжка сказаць,— адказаў Паганель.— Аднак ваенныя дзеянні перанесены зараз у правінцыю Таранакі, і, напэўна, англійская армія згрупавана недалёка ад возера Таўпо, на супроцьлеглым схіле гор, бо там ачаг паўстання.

— Будзем спадзявацца, што гэта так,— сказала Элен.

Гленарван сумна паглядзеў на сваю жонку і на Мэры Грант. «Гаротныя жанчыны,— падумаў ён,— апынуцца ва ўладзе лютых дзікуноў, у глушы, дзе нельга разлічваць на дапамогу з боку!»

Але, заўважыўшы, што Каі-Куму сочыць за ім, ён з штучным спакоем пачаў глядзець на бераг. З-за асцярожнасці ён не хацеў даць зразумець дзікуну, што адна з палонніц — яго жонка.

На поўмілі ад месца ўтокі Вайпы пірога прайшла, не спыняючыся, паўз былую рэзідэнцыю караля Потатау. Некалькі разбураных хацін, якія стаялі адна за адной на беразе ракі, сведчылі аб тым, што гэта мясцовасць нядаўна была арэнай жорсткіх боек. Вёска, здавалася, была без жыхароў. Берагі ракі былі бязлюдныя. Сумную цішыню, якая панавала тут, парушалі толькі некалькі вадзяных птушак.

Спалоханая набліжэннем пірогі, узляцела ў паветра і знікла за дрэвамі тапарунга — балотная птушка з чорнымі крыллямі, белым жывоцікам і чырвонай дзюбай. Чаплі матуку — рознавіднасць бугая, попельнага колеру, з дурною мордай,— і пышныя катуту з белым апярэннем, чорнымі лапамі і жоўтай дзюбай, наадварот, спакойна глядзелі на праходзячую міма пірогу і не краталіся з месца. Там, дзе раптоўны ўздым берагу сведчыў аб пэўнай глыбіні ракі, сядзелі катарэ — зімародкі, якія падпільноўвалі ў празрыстай вадзе здабычу — маленькіх вугроў, якіх мільёны кішаць у новазеландскіх водазборах. У месцах, дзе хмызнякі раслі над самай вадой, можна было бачыць велічных удодаў і курэй-султанак за ранішнімі ўбіраннямі. Усё гэтае крылатае царства цешылася спакоем і бяспечнасцю, якія запанавалі тут пасля таго, як вайна прагнала людзей.

Перейти на страницу:

Похожие книги