У гэты дзень плаванне было адзначана адной вельмі цікавай з’явай. Каля чатырох гадзін папоўдні пірога з правадыром, не сцішаючы ходу, увайшла ў вузкую цясніну, дзе імклівы паток ярасна біўся аб верхавіны падводных скал і камяністых астраўкоў пасярэдзіне фарватэра. Каб пірога перавярнулася тут, усе седакі загінулі-б, таму што берагі ракі былі непрыгодныя для прытулку. Кожны, хто асмеліўся-б ступіць на гарачую і ўспучаную ціну каля берагоў, абавязкова разлічыўся-б жыццём за сваю дзёрзкую спробу.
Сапраўды, на абодвух берагах ракі струменілі з-пад зямлі тыя самыя гарачыя крыніцы, якія здаўна прыцягвалі да сябе ўвагу падарожнікаў. Берагі ракі былі афарбаваны ў бура-чырвоны колер з прычыны вялікай колькасці вокісу жалеза ў глебе. Паветра было насычана парай серкі. Тубыльцы, здавалася, не адчувалі ніякай шкоды ад гэтых атрутных выпарэнняў, якія курыліся з усіх шчылін у глебе пад уплывам ціску падземных газаў. Але калі для нюху гэта было непрыемным, дык зроку заставалася толькі любавацца сапраўды цудоўным відовішчам.
Пірогі ўвайшлі ў густое воблака белай пары. Клубы пары купалам навісалі над ракой. На абодвух берагах ракі відаць былі сотні гейзераў, з якіх адны білі струменямі гарачай вады, а з другіх віліся ўгару высокія слупы белага дыму. З боку можна падумаць, што гэтыя каскады і фантаны штучна створаны чалавекам, такія яны былі прыгожыя. Пырскі вады, мяшаючыся з малекуламі пары ў паветры, мігцелі ўсімі колерамі радугі.
У гэтым месцы дно рэчышча Вайкато бесперапынна то зніжаецца, то павышаецца ад дзейнасці падземнага агню. Недалёка адсюль, на берагах возера Раторуа і на ўсход б’юць гарачыя крыніцы і дымяцца каскады Ратамахана і Тератата, даследаваныя асобнымі адважнымі падарожнікамі. Уся гэта вобласць багатая гейзерамі, кратэрамі, сернымі крыніцамі. З іх выходзіць багата газаў, якія не знаходзяць выйсця ў вузкіх клапанах кратэраў адзіных на Новай Зеландыі дзеючых вулканаў — Тангарыро і Вакары.
На адлегласці двух міль пірогі плылі пад засенню сернага воблака, ахутаныя навіслымі над вадой клубамі нары. Потым раптам на змену ўдушлівым выпарэнням, ад якіх балелі грудзі, прышло чыстае, свежае паветра. Пірогі мінулі паласу серных крыніц. Да надыходу вечара пірогі ўпэўнена прайшлі яшчэ дзве быстрыні — Гіпапатуа і Гаматэа. З надыходам цемры Каі-Куму спыніўся нанач за сотню міль ад утокі Вайпы ў Вайкато. Рака, якая выгіналася шырокай пятлёй, улівалася тут у возера Таупо.
Назаўтра раніцой, паглядзеўшы на карту, Паганель пазнаў па высокай вяршыні, якая падымалася на тры тысячы футаў у небе, гару Гаубара.
Апоўдні ўвесь картэж пірог увайшоў у возера Таупо, і тубыльцы віталі падыманнем рук шматок тканіны, які лунаў над адной з хацін па беразе. Гэта быў нацыянальны сцяг.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ.
Возера Таупо
У дагістарычныя часы абвал зямной кары ў цэнтры поўночнага вострава Новозеландскай групы ўтварыў бяздонную прорву даўжынёй на дваццаць міль. Вада, сцякаючы са схілаў навакольных гор, паступова заліла гэтую прорву. Яна ператварылася ў возера. Да гэтага часу ні адзін лот не мог змерыць яе глыбіні.
Такое гэта дзіўнае возера Таупо, якое знаходзіцца на вышыні тысячы дзвесце пяцьдзесят футаў над узроўнем мора і акружана гарамі вышынёй на дзве з паловай тысячы футаў. На захадзе — голыя вяршыні, стройна паднятыя ўгору; на поўначы, воддаль — некалькі вяршынь пакрытых лесам; на ўсходзе—шырокая раўніна, па якой віецца дарога, абсаджаная паабапал кустамі; на поўдні — за паласою лесу—велічныя вулканічныя конусы, якія замыкаюць гэту вялікую водную плошчу. Тут часам бываюць буры не меншыя за акіянскія цыклоны.
Уся гэта вобласць кіпіць і бурліць, як вялікі кацёл. Зямля дрыжыць ад штуршкоў расхваляванай унутры лавы. Гарачыя крыніцы выбіваюцца на яе паверхню. Зямная кара трэскаецца, як скарынка перапечанага хлеба. Уся гэта мясцовасць у адзін прыгожы дзень паднялася-б у паветры, каб скаваныя ўнутры зямлі газы не знаходзілі гатовага выйсця ў кратэры Тангарыро.
З паўночнага берага возера гэты вулкан узвышаўся, ахутаны слупамі полымя і дыму, сярод раду менш высокіх, вогненных узгоркаў. Тангарыро з’яўляецца толькі адным звяном у горным ланцугу гэтай часткі вострава. За ім відаць на раўніне самотная гара Руафау, вяршыня якой, ахутаная воблакамі, падымаецца на дзевяць тысяч футаў над узроўнем мора. Ніхто з жывых не бываў на гэтай вяршыні; чалавечае вока не даследавала глыбіні яе кратэра, між тым як на працягу апошніх дваццаці гадоў трое даследчыкаў пабывалі на самым версе Тангарыро: Бідвіль, Дысон і апошнім — Гохштэтэр.
З гэтымі вулканамі звязан рад легенд, і пры іншых умовах Паганель, вядома, расказаў-бы сваім спадарожнікам, напрыклад, паэтычнае апавяданне аб спрэчках між Тангарыро і Танаракі, якія некалі былі блізкімі суседзямі і сябрамі. Тангарыро, у якога была, як у кожнага вулкана гарачая галава, пазайздросціў Танаракі і набіў яго. Набіты і зняслаўлены Танаракі пачаў уцякаць і, згубіўшы па дарозе вяршыню, схаваўся на беразе акіяна. Там ён стаіць, і цяпер, адзінокі і сумны, называюць зараз яго—гара Эгмонт.