Але ў Паганеля не было настрою расказваць казкі, а ў яго сяброў — слухаць іх. Яны моўчкі разглядалі паўночна-ўсходні бераг Таупо, куды іх загнаў злы лёс.

Вышаўшы з Вайкато, пірога Каі-Куму абышла касу і прычаліла к усходняму берагу.

Тут рос каштоўны новазеландскі лён. У гэтай вельмі карыснай расліны нічога не прападае дарма: кветка дае высокаякасны мёд; сцябло—смалістае вешчаство, якое замяняе воск; са свежага лісця робяць паперу; з высушанага — вельмі добры трут; з разрэзаных уздоўж сцяблоў віюць вяроўкі, канаты, плятуць невады; з атрэпанага — ткуць коўдры, плашчы, плятуць маты.

Зараснікі гэтага каштоўнага лёну можна сустрэць усюды на абодвух астравах, на берагах акіяна, таксама як і на берагах рэк і азёр. Дзікімі кустамі новозеландскага лёну зарастаюць цэлыя палі; салодкі сок яго цёмначырвоных кветак, якія выглядваюць з пышнага вяночка доўгага лісця, прываблівае мноства птушак.

Па возеры плавалі чароды свойскіх качак, чорнае апярэнне якіх было ўсыпана зялёнымі і шэрымі плямамі.

За чвэртку мілі ад берагу, на крутым схіле гары, відаць быў непрыступны маарыйскі форт.

Воіны па аднаму высадзілі палонных еўрапейцаў з пірогі і, развязаўшы ім рукі і ногі, павялі ў па. Сцежка ў форт вілася сярод зараснікаў лёну. Буйныя галубы з металічным колерам апярэння і шпакі з чырвонымі чубамі ўзляталі ў паветра пры набліжэнні тубыльцаў.

Пасля доўгай хады па сцежцы, якая ішла кругам вакол гары, Гленарван і яго спадарожнікі нарэшце ўвайшлі ў па. Гэта крэпасць была абгароджана трыма агарожамі. Знадворку быў моцны частакол вышынёй у пятнаццаць футаў. Потым ішоў новы рад колля і нарэшце трэці — плот з бярвення, у якім было шмат байніц. Унутры гэтай трэцяй агарожы на даволі вялікай пляцоўцы сіметрычна размясцілася каля сарака маарыйскіх хацін.

Палоннікі жахнуліся, убачыўшы адсечаныя галовы, якія «ўпрыгожвалі» частакол з унутранай агарожы. Элен і Мэры адвярнуліся ад гэтага відовішча не так ад страху, як ад агідлівасці. Галовы належалі правадырам варожых плямён, пераможаных на вайне. Целы іх паелі пераможцы.

Галовы прэпаруюць так: спачатку з іх выскрабаюць мозг, насы ўмацоўваюць дошчачкамі, ноздры напіхаюць кудзеляй для таго, каб яны захавалі форму, раты і павекі сшываюцца, і потым усё вендзяць на працягу трыццаці гадзін. Прыгатаваныя такім чынам галовы захоўваюцца бясконца доўга, не псуюцца і ўяўляюць сабой каштоўныя трафеі.

Часта маарыйцы кансервіруюць такім самым спосабам і галовы ўласных правадыроў, але ў такіх выпадках вочы не вымаюць і павекі не сшываюць. Новазеландцы ганарацца гэтымі трафеямі. Яны навучаюць маладых воінаў захапляцца імі і наладжваюць урачыстыя абрады для іх ушанавання.

Але ў форце Каі-Куму віселі толькі галовы ворагаў і, пэўна, сярод іх было нямала англійскіх галоў без вачэй.

Хаціна Каі-Куму была большая за суседнія. Дзверы яе выходзілі на роўную пляцоўку; гэта быў драўляны будынак даўжынёй у дваццаць футаў, шырынёй у пятнаццаць і вышынёй у дзесяць.

Акон у хаціне не было; адзіны ўваход быў завешаны ільнянай матай. Такімі-ж матамі была заслана земляная падлога. Страха з галля і пластоў травы вісела на слупах, аздобленых дзівоснай разьбой. Разьбяныя страшыдлы, розныя сімвалічныя знакі і лісце мелі-б вялікую цікавасць для знаўцаў мастацтва.

Пасцелямі быў сухі папаратнік, засланы матай з тыфы — расліны з доўгімі гнуткімі сцябламі. Некалькі плоскіх камянёў, складзеных па сярэдзіне хаціны, замянялі ачаг, а дзірка ў цэнтры страхі — комін. Калі дым ад ачага згушчаўся ў хаціне, ён пачынаў паволі прасачвацца на двор праз гэту дзірку; таму нядзіўна, што ўся хаціна ў сярэдзіне абрасла тоўстым пластом сажы.

Побач з хацінай правадыра стаялі клеці, у якіх захоўваліся запасы пататаў, таро, спажыўных папаратнікаў і ўраджай лёну. Тут-жа былі і ачагі, на гарачым каменні якіх пячэцца несамавітая яда дзікуноў. У канцы форта стаяў хлеў, у якім гадаваліся свінні і козы — патомкі завезенай капітанам Кукам у Новую Зеландыю дамашняй жывёлы. Па пляцоўцы бадзяліся галодныя сабакі, чакаючы пакуль ім што-небудзь кінуць.

Гленарван і яго спадарожнікі адным позіркам агледзелі ўвесь форт. Яны стаялі каля ўваходу ў пустую хаціну, чакаючы распараджэнняў правадыра. Натоўп старых дзікунак абступіў іх з усіх бакоў і, пагрозна махаючы рукамі, нешта крычаў. Па асобных англійскіх выгуках спадарожнікі зразумелі, што яны патрабуюць неадкладнай расправы з палоннымі.

Элен, як яна не старалася трымацца спакойна, усё-ж дрыжэла, слухаючы гэтыя скуголенні і праклёны раз'юшаных гарпій. Яна рабіла сапраўды гераічныя намаганні, каб не выказаць свайго страху і не мучыць Гленарвана, сэрца якога і без таго аблівалася крывёй пры думцы аб яе пакутах. Бедная Мэры Грант, больш слабая, ледзь не самлела. Джон Мангльс падтрымліваў яе, гатовы кожную секунду даць сябе забіць, каб абараніць яе. Мужчыны па-рознаму ставіліся да гэтага граду пагроз і зняваг. Адны, як маёр, абыякава пазіралі на звар’яцелых ведзьмаў, другія, як Паганель, ледзь стрымліваліся, каб не пабіць іх кулакамі.

Перейти на страницу:

Похожие книги