Гленарван, бачачы, што яшчэ хвіліна і пачварныя мегеры накінуцца на Элен і Мэры, цвёрда ступіў да Каі-Куму і, паказваючы на звар’яцелую арду, сказаў:
— Прагані іх!
Правадыр маарыйцаў уважліва паглядзеў на свайго палоннага. Потым, павярнуўшыся да старых жанчын, жэстам загадаў ім змаўчаць. Гленарван удзячна пакланіўся і тым-жа цвёрдым крокам вярнуўся да сваіх сяброў.
На пляцоўцы форта за гэты час сабралася каля сотні дзікуноў: старых, дарослых мужчын і юнакоў. Адны з іх былі панурыя, але спакойныя, другія стаялі ў глыбокім задуменні. Першыя чакалі распараджэнняў правадыра, другія прышлі аплакваць родных і сяброў, якія загінулі ў апошніх бітвах.
З усіх новазеландскіх правадыроў, якія паўсталі па закліку Вільяма Тампсона, адзін Каі-Куму вярнуўся жывым у родную вёску. Ён першым нёс сумную вестку аб тым, што англічане перамаглі паўстанцаў у далінах каля русця ракі Вайкато. З двухсот воінаў, якія вышлі пад яго начальствам абараняць родную зямлю, сто пяцьдзесят не вярнулася з поля бітвы.
У гэтым была разгадка панурага смутку, які апанаваў вёску пасля звароту Каі-Куму. Чуткі аб апошнім паражэнні яшчэ не дайшлі сюды, і сумная вёска аглушыла тубыльцаў, як удар дубінай.
Родныя і сябры забітых воінаў рвалі на сабе адзежу, стукалі сябе кулакамі ў грудзі, раздзіралі сабе твары і плечы вострымі ракушкамі. Кроў, перамешаная са слязмі, цякла па іх шчоках. Чым большае было іх гора, тым больш яны мучалі сябе. На няшчасных новазеландак, якія звяр’яцелі ад гора, змучаных і скрываўленых, цяжка было глядзець.
Роспач тубыльцаў была бязмежнай таму, што яны не толькі аплаквалі смерць блізкіх, але і тое, што нельга пахаваць іх косці ў сямейных грабніцах. Тым часам, па маарыйскіх звычаях, толькі той нябожчык будзе шчаслівы на тым свеце, чые косці з пашанай захоўваюцца родзічамі. Не цела, а іменна косці. Іх старанна збіраюць, мыюць, ачышчаюць, нават паліруюць і потым урачыста складаюць у «удупу», гэта значыць у «дом славы». Гэтыя грабніцы аздоблены вылепкамі, якія дакладна аднаўляюць татуіроўку нябожчыка.
Але зараз грабніцы застануцца пустымі, рэлігійных ушанаванняў нельга ўжо зрабіць, і косці, якіх не крануць дзікія сабакі, будуць валяцца на полі бітвы...
Ад гэтай думкі ўспыхнуў новы выбух роспачы. Зараз ужо не толькі жанчыны, але і мужчыны пагрозна абступілі палонных еўрапейцаў. Зноў натоўп праклінаў іх і пагражаў сціснутымі кулакамі. Але зараз ужо для яго мала было адных пагроз; ён рыхтаваўся да дзеяння.
Каі-Куму, баючыся, што раз’юшаныя падданыя, не гледзячы на яго забарону, разарвуць палонных, загадаў завесці іх у святыню, што стаяла на супроцьлеглым канцы форта, на краі скалы, якая стромка апускалася на сотню футаў уніз. Скала гэта была зусім непрыступная, і таму з гэтага боку агарожы не было.
У прасторным з моцнымі заваламі памяшканні святыні ляжала шмат свежай і смачнай яды, якую спажывае — у асобе сваіх жрацоў — Мауі-Ранга-Рангі — новазеландскі бог.
Палонныя, часова пазбаўленыя ад ярасці тубыльцаў, разлягліся на матах, якімі была заслана падлога святыні. Элен, адчуваючы што сілы і мужнасць пакідаюць яе, упала на грудзі Гленарвана.
Пяшчотна гладзячы яе па галаве, той бесперапынна паўтараў:
— Не бойцеся, Элен, не бойцеся! Усё будзе добра.
Як толькі за палоннымі замкнулі дзверы, Роберт,— узлезшы на плечы Вільсона, заглянуў у шчыліну між страхой, якая вісела на слупах, і сценамі святыні. Адтуль ён бачыў увесь форт, да самай хаціны Каі-Куму.
— Яны акружылі правадыра,— ціха сказаў Роберт.— Махаюць рукамі... крычаць... Каі-Куму хоча гаварыць, але яму не даюць...
Хлопчык пазіраў далей ужо моўчкі.
— Каі-Куму пачаў гаварыць... Дзікуны супакойваюцца... Зараз яны слухаюць яго...
— Зразумела, што правадыр зацікаўлены ў тым, каб выратаваць нас,— сказаў маёр.— Пэўна, хто-небудзь з яго блізкіх трапіў у палон, і ён хоча абмяняць яго на нас. Але ці згодзяцца яго воіны?
— Так... яны слухаюць...— зноў гаварыў Роберт.— Яны расходзяцца... Каля Каі-Куму засталіся толькі воіны, якія прыехалі з намі ў пірозе...
— Ці ўпэўнены ты, што так? — жвава запытаў маёр.
— Так, пане Мак-Набс! — адказаў хлопчык.— Я пазнаю іх. Вось адзін адышоў ад іх і рушыць к нашаму дому.
— Злазь, Роберт,— загадаў Гленарван.
У гэты момант Элен устала і схапіла за руку свайго мужа.
— Эдуард,— сказала яна.— Ні я, ні Мэры Грант не павінны жывымі дастацца ў лапы дзікуноў.
Сказаўшы гэта, яна падала Гленарвану зараджаны рэвальвер.
— Зброя! — радасна крыкнуў той, і вочы яго бліснулі.
— Так. Маарыйцы не шукалі ў нас. Але памятайце, Эдуард, гэты рэвальвер — для нас.
— Гленарван! — шпарка сказаў Мак-Набс.— Схавайце зброю. Цяпер не час спрачацца.
Той паслухмяна схаваў рэвальвер у кішэню, і ў тую-ж секунду дзверы адчыніліся і ў святыню ўвайшоў тубылец.
Ён знакамі прапанаваў палонным ісці за ім. Гленарван і яго спадарожнікі паслухаліся і, прайшоўшы цераз пляцоўку форта, спыніліся перад Каі-Куму.