Гэта было сігналам к пачатку агідлівай сцэны людаедства. На трупы рабоў не накладзена табу, як на трупы правадыроў. Яны — грамадская ўласнасць. Таму, як толькі афяраванне скончылася, уся маса тубыльцаў — правадыры і дзяды, воіны і жанчыны, дзеці і жрэцы — са звярынай прагнасцю накінуліся на яшчэ цёплыя целы рабоў. Потым дваццаць вогнішчаў загарэлася ў розных месцах плошчы, і пах гарэлага мяса разышоўся ў паветры.
Гленарван і яго спадарожнікі, ледзь дыхаючы ад жаху, стараліся скрыць ад няшчасных жанчын гэтую агідную сцэну. Яны ведалі зараз, які лёс чакаў іх заўтра, і разумелі, што смерць здасца ім жаданым ратункам ад страшных катаванняў.
Між тым на плошчы пачаліся скокі. Дзікуны напіліся соку раслін piper excelsum і ўсёроўна як звар’яцелі. У іх не засталося зараз нічога чалавечага. Здавалася, яшчэ хвіліна, і, забываючы пра табу правадыра, яны накінуцца на палонных і парвуць іх на часткі.
Але Каі-Куму захаваў цвярозасць думкі сярод усеагульнага ап’янення. Ён пільна сачыў за тым, каб гэтая крывавая оргія не перайшла пэўных граніц, і пасля гадзіны спыніў буянства дзікуноў, загадаўшы пачынаць апошнія пахавальныя абрады.
Воіны перанеслі трупы Кара-Тэтэ і яго жонкі на шырокія насілкі; згодна новазеландскаму звычаю трупы не паклалі, а пасадзілі на насілкі, падпёршы каленямі грудзі. Надыходзячае пахаванне не было канчатковым — нябожчыкаў закапалі ў зямлю толькі для таго, каб зямля знішчыла мяса, захаваўшы толькі адны косці.
Удупа, гэта значыць магіла, была выкапана за агарожай, прыкладна, за дзве мілі ад форта, на невысокім узгорку Маунганаму, на правым беразе возера.
Чатыры воіны ўзнялі на плечы насілкі з трупамі Кара-Тэтэ і яго жонкі і пад гукі жалобных спеваў усяго племені павольна перанеслі іх на месца апошняга супакою.
Палонныя, якіх, як і раней, пільна ахоўвалі, праводзілі позіркамі пахавальную працэсію, пакуль, яна не вышла за вароты форта. Гукі спеваў і крыкі паступова заціхалі воддаль. На працягу поўгадзіны працэсіі не было відаць — яна ішла па цясніне ў горах. Але потым яна зноў паказалася, павольна ўзбіраючыся па кручанай сцежцы на верх узгорка. Здалёк гэты падобны да хваляў рух доўгай калоны людзей ствараў фантастычнае ўражанне.
Працэсія спынілася на вяршыні Маунганаму, дзе была выкапана магіла. Просты маарыец пасля смерці закапваецца ў звычайную яму, на якую навальваецца куча камення. Але для магутнага правадыра племя падрыхтавала магілу, вартую яго ролі на зямлі.
Удупа была абгароджана частаколам. Каля магілы стаялі вылепкі багоў, афарбаваныя охрай. Родныя не забылі, што вандуа — душа нябожчыкаў — таксама патрабуе яды, як і зямное цела жывога правадыра. Таму ўнутры частакола была складзена яда, зброя і вопратка нябожчыка. Такім чынам поўны камфорт павінен быў акружаць нябожчыка-правадыра.
Трупы апусцілі ў магілу і з новым выбухам плачу і галашэння засыпалі яе зямлёй і накрылі дзёрнам.
Пасля гэтага картэж, захоўваючы суровае маўчанне, рушыўся назад. З гэтага часу ніхто не меў права ступіць на Маунганаму. Гара стала табу, як Тангарыро, дзе супачываюць астанкі правадыра, які загінуў у 1846 годзе ў часе землетрасення.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Апошнія гадзіны
У той момант, калі сонца схавалася за верхавіны гор, палонных еўрапейцаў завялі зноў у іх турму. Яны павінны былі заставацца там да таго часу, пакуль вяршыні Ваіхіці-Рэндж не асвецяцца першымі праменнямі дня.
Палонным засталася толькі адна ноч для падрыхтоўкі к смерці. Не гледзячы на прыгнечанае становішча, не гледзячы на жах, які яны перажылі, яны селі разам вячэраць.
— Нам будуць патрэбны ўсе нашы сілы,— сказаў Гленарван,— каб пазіраць смерці ў твар.
Пасля вячэры Мэры і Элен пайшлі ў падрыхтаваны для іх куток святыні і там ляглі на маты. Добрадзейны сон, у часе якога забываюцца на ўсе пакуты, сплюшчыў іх павекі. Яны заснулі, абняўшыся, пераможаныя стомленасцю і доўгім бяссоннем.
Тады Гленарван паклікаў мужчын у другі кут святыні і ціха сказаў:
— Дарагія сябры! Заўтра, пэўна, нам суджана памерці. Я ўпэўнены, што ўсе вы сустрэнеце смерць, як сапраўдныя мужчыны, не здрыгануўшыся... Але смерць ад рукі дзікуноў — гэта не проста смерць, гэта яшчэ катаванне, а можа і знявага... З намі дзве жанчыны...
Тут голас Гленарвана абарваўся. Ён змоўк, каб суняць сваё хваляванне.
Пасля хвіліны перапынку ён прадаўжаў.
— Джон,— звярнуўся ён да маладога капітана,— ці абяцалі вы Мэры тое, што я абяцаў Элен.
— Так, абяцаў і даю слова, што выканаю гэта абяцанне,— адказаў Джон Мангльс.
— Але-ж у нас няма зброі, Джон...
— Вось яна! — адказаў малады чалавек, выцягваючы з кішэні кінжал.— Я выхапіў яго з рук Кара-Тэтэ, калі гэты дзікун упаў к вашым нагам. Той з нас, хто перажыве другога, выканае гэты абавязак перад вашай жонкай і Мэры Грант.
Глыбокае маўчанне запанавала ў святыні пасля гэтых слоў.
Нарэшце яго парушыў маёр.
— Сябры мае,— сказаў ён,— не спяшайцеся з выкананнем гэтага страшнага рашэння, я не прыхільнік непапраўных учынкаў.