— Усё ў парадку,— сказаў ён.— Толькі чатыры тубыльцы вартуюць, астатнія спяць.
— Смялей! — сказаў Вільсон.
Яму пашырылі за адну хвіліну, і Роберт, ускочыўшы ў святыню, з абдымкаў Мэры перайшоў у абдымкі Элен. Вакол пояса хлопчыка была закручана доўгая пяньковая вяроўка.
— Мой дарагі, мой хлопчык, ты жывы! — шаптала Мэры.— Як-жа ты выратаваўся?
— У мітусні, якая пачалася пасля забойства Кара-Тэтэ, я раптам заўважыў, што мяне выпіхнулі за нарад аховы. Я непрыкметна падпоўз да агарожы крэпасці і пералез цераз яе. Два дні я хаваўся ў кустах. Уночы я пралазіў у форт. Я хацеў пабачыць вас. У той час, як усё племя хавала правадыра, я агледзеў скалу, на якой збудавана ваша турма. Я ўбачыў, што здолею дабрацца да вас. Тады я ўкраў у нежылой хаціне гэты нож і вяроўку. Я ўскарабкаўся на скалу, чапляючыся за траву, за галлё хмызнякоў. Выявілася, што якраз пад гэтай святыняй у зямлі ёсць даволі вялікая яма. Мне заставалася пракапаць толькі некалькі футаў. І вось я тут!
Дваццаць пяшчотных пацалункаў былі адзіным адказам на прамову хлопчыка.
— Уцякайма! — рашуча сказаў ён.
— Паганель чакае ўнізе? — запытаў Гленарван.
— Паганель? — перапытаў хлопчык, здзіўлены ад такога пытання.
— Так. Ён чакае нас?
— Не... Хіба ён не з вамі?
— Не, ён знік, Роберт,— адказала Мэры.
— Як, хіба ён не з табой уцёк? — запытаў Гленарван.
— Не, сэр,— адказаў Роберт, надзвычай здзіўлены знікненнем свайго дарослага сябра.
— Уцякайма! — сказаў маёр.— Нельга траціць ні секунды. Дзе-б не быў зараз Паганель, ён не можа быць у больш небяспечным становішчы, чым мы тут. Уцякайма!
І сапраўды, кожная секунда была на ўліку. Трэба было безадкладна ўцякаць. Уцёкі ўвогуле не былі асабліва цяжкія. Толькі першыя дваццаць футаў спуску былі амаль вертыкальнымі. Далей схіл быў ужо не такім крутым. Спусціўшыся са скалы, палонныя маглі пайсці проста ў даліны, што ляжалі за гарамі; між тым маарыйцам, калі яны заўважаць іх уцёк, давядзецца гнацца за імі абходным шляхам уздоўж усёй гары.
Палонныя па адным вылезлі праз вузкую дзірку падкопа і апынуліся ў яме. Джон Мангльс, які апошнім пакінуў святыню, шчытна закрыў дзірку матамі, каб яна не выдала адразу праследавальнікам шлях уцекачоў.
Зараз трэба было спусціцца па стромай сцяне да таго месца, дзе схіл быў менш круты. Каб не ўзяў Роберт вяроўкі, дык спусціцца было-б немагчыма.
Вяроўку раскруцілі, і адзін канец яе прывязалі да выступу скалы, а другі скінулі ўніз. Перш чым спусціцца па вяроўцы, Джон Мангльс праверыў яе моцнасць. З прыкрасцю ён убачыў, што асабліва спадзявацца на яе нельга, а між тым, калі парвецца вяроўка, смерць немінуча.
— Гэтая вяроўка можа вытрымаць не больш двух чалавек адначасова,— сказаў ён.— Таму прыдзецца спускацца па чарзе. Хай містэр Гленарван спускаецца першым з місіс Элен. Калі яны будуць на зямлі, няхай тройчы тузануць за вяроўку — гэта будзе сігналам для спуску наступнай пары.
— Дазвольце мне спусціцца першым,— сказаў Роберт.— Я знайшоў там невялікую ямку, дзе пасля спуску можна непрыкметна чакаць астатніх.
— Спускайся, Роберт,— сказаў Гленарван, паціскаючы руку хлопчыку.
Роберт спусціўся ўніз. Праз хвіліну вяроўка тарганулася тры разы — знак, што ён шчасліва дасягнуў ямкі.
Адразу-ж Гленарван і Элен спусціліся ўніз. Ноч усё яшчэ была цёмнай, але пачыналіся ўжо вырысоўвацца на гарызонце контуры горных вяршынь.
Ранішні халадок падбадзёрыў маладую жанчыну. Яна адчула сябе больш моцнай і смела спусцілася ўніз услед за сваім мужам. Яны хутка дасягнулі таго месца, дзе стромая сцяна сустракалася з уступам гары.
Тут яны пакінулі вяроўку і пачалі спаўзаць па стромаму схілу, чапляючыся рукамі за зямлю. Гленарван падтрымліваў Элен. Намацаўшы нагой купіну, ён спачатку спрабаваў ці моцная яна, а пасля паказваў на яе Элен. Абуджаныя іх спускам птушкі, шчабечучы, лёталі над іх галовамі. Уцекачы дрыжэлі, калі з-пад іх ног падаў каменьчык і з шумам каціўся да падножжа гары.
Так прайшлі яны амаль да палавіны схілу, як раптам Джон Мангльс прашаптаў зверху:
— Спыніцеся!
Гленарван, учапіўшыся адной рукой за пучок травы, а другой падтрымліваючы Элен, замёр на месцы, ледзьве дыхаючы.
Трывогу ўзняў Вільсон. Ён пачуў нейкі падазроны рух сярод вартавых і, залезшы зноў у святыню, паглядзеў у шчыліну. Па данаму ім знаку Джон Мангльс спыніў Гленарвана.
Сапраўды, адзін з вартавых, відаць, пачуўшы шум у святыні, адышоў ад вогнішча і падышоў да дзвярэй. Прыпыніўшыся тут і схіліўшы галаву набок, ён на працягу хвіліны напружана прыслухоўваўся. Пасля, паківаўшы галавой, як чалавек, якому здалося, ён адышоў назад на сваё месца і падкінуў сухога галля на вогнішча. Полымя асвятліла яго спакойны, не зацямнёны ніякімі клопатамі твар. Агледзеўшы гарызонт, які пачынаў ужо святлець, ён улёгся каля вогнішча і заснуў.
— Усё ў парадку! — прашаптаў Вільсон.
Джон таксама шэптам прапанаваў Гленарвану прадаўжаць спуск. Той паслухаўся, і яшчэ праз хвіліну Элен і ён апынуліся каля падножжа гары.
Тым часам Джон Мангльс і Мэры, у сваю чаргу ўзяўшыся за вяроўку, пачалі небяспечны спуск.