— О, я і не думаў пра самагубства! — усклікнуў Гленарван.— Якой-бы страшнай ні была наша смерць, мы здолеем пазіраць ёй проста ў вочы. Ах, каб з намі не было жанчын, я-б ужо даўно крыкнуў вам: «Сябры! паспрабуем прарвацца сілай. Нападзем на гэтых крывяжэрных дзікуноў. Нам няма чаго губляць!» Але Элен... Але Мэры...
Джон Мангльс, стаўшы на плечы Вільсона, паглядзеў на двор. Святыню ахоўвалі чалавек дваццаць тубыльцаў. Яны распалілі вогнішча, якое кідала злавесныя адсветы на няроўную паверхню глебы форта. Частка дзікуноў ляжала каля вогнішча, частка хадзіла каля дзвярэй, і сілуэты іх чорнымі плямамі вырысоўваліся на чырвоным фоне полымя. Але ўсе паглядалі на даручаную пад іх адказнасць святыню.
Кажуць, што ў палоннага заўсёды больш шансаў уцячы, чым у турэмшчыка перашкодзіць гэтаму. Сапраўды, калі колькасць шансаў вызначаецца ступенню зацікаўленасці, дык перавага на баку палоннага. Турэмшчык можа забыць, што ён вартуе нявольніка, але нявольнік можа забыцца на тое, што яго вартуюць, што ён не вольны. І таму нявольнік часцей думае пра ўцёкі, чым турэмшчык пра тое, як перашкодзіць уцёкам.
Але Гленарвана і яго спадарожнікаў вартавалі не наёмныя, абыякавыя турэмшчыкі, а людзі, поўныя нянавісці і помсты. Калі яны не звязалі сваім палонным рук і ног, дык гэта тлумачыцца толькі поўнай безнадзейнасцю ўсякай спробы ўцячы на вачах дваццаці вартаўнікоў.
Доступ да святыні — турмы для падарожнікаў, быў магчымы толькі з аднаго боку,— з плошчы форта. Задняя сцяна яго прытулілася да зусім стромкай скалы. Дзве астатнія сцяны стаялі над глыбокай прорвай, глыбінёй не менш як сто футаў. Спусціцца па схілу прорвы было немагчыма. Таксама нельга было ўцячы і ўверх па стромай скале. Адзіным выхадам і ўваходам была вузенькая палоска зямлі перад дзвярыма, якая злучала, як мост, пляцоўку, на якой стаяла святыня, з плошчай форта. Але гэты мост пільна ахоўваўся ўзброенымі тубыльцамі. Пры гэтых умовах не было чаго і думаць аб уцёках.
Гленарван пераканаўся ў гэтым, дваццаць разоў даследаваўшы сцены святыні.
Між тым гэтая пакутная ноч праходзіла гадзіна за гадзінай. Густы змрок укрыў гару. Цяжкія воблакі засланялі месяц і зоркі.
Вецер парыўчата налятаў на форт. Драўляныя сцены святыні рыпелі. Вогнішча тубыльцаў шугала яркім полымем, і адсветы яго асвятлялі чырванаватым мігценнем групу ўнураных у хмурныя думкі палонных. Вялікае маўчанне панавала ў святыні.
Мусіць, было каля чатырох гадзін раніцы, калі ўвагу маёра прыцягнуў лёгкі шум, які даходзіў як быццам ад сцяны святыні, што ўпіралася ў скалу. Мак-Набс не надаваў значэння гэтаму шуму. Але, бачачы, што ён, не змаўкае, настаражыўся. Потым ён ціха падпоўз к сцяне і прыклаў да яе вуха. Яму здалося, што нехта скрабе знадворку.
Пераканаўшыся, што слух не падманьвае яго, маёр паклікаў Гленарвана і Джона Мангльса.
— Слухайце,— шапнуў ён, падаючы ім знак нахіліцца.
Зараз зусім выразна было чуваць, як капаюць зямлю знадворку. Каменьчыкі скрыгаталі ад дотыку нейкай вострай прылады і асыпаліся ўніз.
— Гэта нейкая жывёла капае сабе норку,— ледзь чутна сказаў Джон Мангльс.
Гленарван паківаў галавой.
— А можа гэта чалавек? — сказаў ён.
— Зараз мы даведаемся, чалавек гэта ці жывёла,—адказаў маёр.
Вільсон і Ольбінет далучыўся да Гленарвана, маёра і Джона Мангльса, і ўсе пяцёра пачалі капаць зямлю пад сцяной. Джон капаў кінжалам, астатнія — першым, які трапіўся пад рукі, каменем. Пакуль яны працавалі, Мюльрэдзі сачыў за кожным рухам тубыльцаў.
Але дзікуны ні аб чым не здагадваліся і спакойна сядзелі вакол вогнішча.
Глеба складалася з пульхнага туфа. Дзякуючы гэтаму падкоп хутка павялічваўся, не гледзячы на тое, што яго капалі самымі прымітыўнымі прыладамі. Хутка стала відавочным, што чалавек ці, можа, некалькі чалавек, капалі зямлю каля святыні. Для якой мэты? Ці ведалі яны аб тым, што ў святыні былі палонныя.
Палонныя падвоілі сілу. З іх абадраных рук цякла кроў, але яны не пераставалі капаць. Пасля поўгадзіны работы глыбіня падкопу з боку святыні дайшла да поўсажня.
Па стуку знадворку можна было зразумець, што толькі тонкая земляная перагародка падзяляе сустрэчныя падкопы.
Так прайшло яшчэ некалькі хвілін, як раптам маёра выцяла па руцэ нейкая вострая прылада. Ён ледзь не закрычаў ад болю.
Джон Мангльс, удачна ўнікнуўшы ўдару нажом, які высунулі знадворку, ухапіў за руку, што трымала нож.
Гэта была рука жанчыны ці дзіцяці, але несумненна рука еўрапейца.
Ні адтуль, ні адсюль ніхто не загаварыў. Відаць было, што абодвум бакам выгадна было маўчаць.
— Ці не Роберт гэта? — прашаптаў Гленарван.
Але як ні ціха сказаў ён гэтыя словы, іх пачула скрозь дрымоту Мэры Грант. Падбегшы паціху да Гленарвана, яна знайшла ў цемры запэцканую ў зямлю руку і пачала бесперастанку цалаваць.
— Гэта ты, Роберт? — радасна шапнула маладая дзяўчына.— Гэта ты, любы хлопчык?
— Гэта я, сястрычка,— адказаў Роберт.— Я прышоў, каб выратаваць вас усіх. Але цішэй!
— Які герой! — паўтараў Гленарван.
— Сачыце за дзікунамі,— скамандаваў Роберт.
Мюльрэдзі, які на хвіліну заглядзеўся на хлапчука, зноў вярнуўся да свайго назіральнага пункта.